Як Галоўліт правіў Караткевіча, а Якуб Колас сам насіў цэнзару "Сымона-музыку"
Класікаў правіць нельга? Глупства, заяўляла савецкая цэнзурная машына і перакройвала тэксты толькі так. Гісторык даследваў цэнзуру ў БССР і даведаўся, як Уладзімір Караткевіч трапіў з-за цэнзуры ў рэанімацыю, а віцебскі рэдактар пасля памялкі скончыў жыццё самагубствам, піша «ЕўраБеларусь».
Аднойчы гісторык Аляксандр Гужалоўскі апынуўся на канферэнцыі ў Пецярбургу, прысвечанай гісторыі цэнзуры. У Расіі такія канферэнцыі праводзяцца штогод. Вярнуўшыся, даследчык засеў у беларускіх архівах і назбіраў матэрыялу на дзве кніжкі «Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР». Першая, прысвечаная перыяду 1919 — 1941, выйшла ў 2012-м. Другую, з 1944 да 1991 года, аўтар збіраецца выдаць пры дапамозе краўдфандынгавай кампаніі.
— Якія выпадкі цэнзуравання падчас вашых даследванняў найбольш вас уразілі?
— Калі я пачынаў працаваць над цэнзурай, думаў, што трэба вывучаць дзейнасць Галоўліта (Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў БССР, Галоўлітбел, пазней — Галоўліт БССР). А высветлілася, што Галоўліт быў толькі часткай пяціяруснай цэнзурнай машынай.
На верхняй прыступцы знаходзілася партыйнае кіраўніцтва, якое было самым галоўным цэнзарам і якому належала апошняе слова. Потым ішла рэдактарская цэнзура. Акрамя Галоўліта існавала і карная цэнзура — ЧК, НКУС, КДБ, — калі пасля выхаду прыбіралі газеты з кіёскаў, забараняліся падрыхтаваныя да друку і пускаліся пад нож ужо надрукаваныя наклады кніг. Не будзем і забывацца на гісторыю нашага земляка Міхала Кукабакі, які за тое, што напісаў ліст у «Камсамольскую праўду», дзе падверг сумневу савецкія парадкі, атрымаў шэсць год псіхіятрычнага шпіталю. І апошняе, пра што мы часта забываем, — гэта самацэнзура, якая за 70 гадоў была выхавана ў савецкім чалавеку. І гэта нікуды не падзелася. Такая вось пяціярусная машына, у якой Галоўліт займаў цэнтральнае месца, там былі прафесійныя цэнзары, якія атрымлівалі заробак. А астатнія дапамагалі - вось гэта мяне здзівіла. А падштурхнула да даследванняў мяне тое, што ў Нацыянальным архіве з’явіўся выведзены з сакрэтнага рэжыма фонд 1195, які так і называецца «Галоўліт БССР».
Я ніколі не думаў, што творы класікаў - перш за ўсё Купалы, Коласа, — могуць падвяргацца палітычнаму цэнзураванню. Сярод іх — коласаўскія «Сымон-музыка» і «Новая зямяі». Галоўліт дазволіў да друку толькі ў змененым выглядзе альбо ўвогуле забараніў каля 150 Купалавых твораў. На дваццаці трох старонках «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча цэнзар зрабіў 296 правак. А ў 1983 годзе ў Галоўліце БССР правілі Уладзіміра Маякоўскага, у прыватнасці выкінулі дзённікавы запіс пра яго сустрэчу з Брыкамі.
Мяне здзівілі адносіны паміж творцам і цэнзарам. Мала хто ведае, што Якуб Колас паехаў адпачываць у Кіславодск і дапрацоўваў там «Сымона-музыку», а побач з ім у нумары жыў галоўны беларускі цэнзар Радзівон Шукевіч-Траццякоў. Выпадкова атрымалі дзве пуцёўкі ў адзін санаторый. Яны цудоўна ведалі адзін аднаго, і Якуб Колас пісаў паэму, а пасля насіў яе ў суседні нумар на цэнзуру.
— Смех скрозь слёзы. Але ж былі і трагічныя выпадкі стасункаў творцаў з цэнзурай?
— У Караткевіча была складаная сітуацыя. У 1984 годзе, пасля таго, як цэнзар Галоўліта БССР В. Пепяляеў, выступаючы на адным з семінараў у Гродне, ахарактарызаваў яго ледзь не як ворага народа, хуткая дапамога забрала пісьменніка ў рэанімацыю.
У сродках масавай інфармацыі здараліся і зусім трагічныя выпадкі. Было столькі зламаных чалавечых лёсаў. У красавіку 1969 года рэдактар газеты «Віцебскі рабочы» — былы марак, блакаднік А. Ф. Пазняк паклаў галаву на рэйкі перад хуткім цягніком пасля рэзкай размовы ў Віцебскім абкаме партыі. Гэтая размова адбылася з-за таго, што ў газеце ў ТАССаўскім матэрыяле прайшла памылка — замест слова «сацыялізм» было надрукавана слова «капіталізм»…
А масавыя чысткі бібліятэк? Я ведаў, што ў бібліятэках за савецкім часам існавалі спецсховы. Але не ведаў, што яны былі толькі ў буйнейшых бібліятэках, а ў астатніх ішлі масавыя кампаніі па знішчэнні «непатрэбных» кніг, якія адпраўлялі пад спецыяльныя паперарэзальныя машыны, здавалі ва ўтыль. Такім чынам знік цэлы культурны пласт. Напрыклад, мы сёння цьмяна ўяўляем сабе беларускае Адраджэнне 1920-х гадоў. У значнай ступені таму, што гэты пласт быў свядома знішчаны.
Цэнзуры падлягалі і ўсе музейныя экспазіцыі. Былі абмежаванні і макулатурныя кампаніі ў архівах, калі дзясяткі тысяч «непатрэбных для сацыялістычнага будаўніцтва» спраў адправілі ў макулатуру. І гэта ўжо немагчыма адрадзіць, цэлыя пласты беларускай гісторыі былі знішчаныя ў 1930-я гады.
Цэнзуравалася кіно, тэатральныя пастаноўкі. Прычым не толькі драматургічныя тэксты, але былі і прыёмкі спектакляў, дзе шукаліся падтэксты, акцэнты, няправільныя націскі…
Даследчыкі савецкай цэнзуры, якіх шмат у Расіі, Украіне, краінах Балтыі, выкарыстоўваюць у дачыненні да гэтага феномена тэрмін «усеабдымная цэнзура», гэта цэнзурнае грамадства, якое нарадзіла цэнзурнае мысленне.
— А якія перыяд у беларускай цэнзуры быў найбольш жорсткім?
— Самы драматычны час — другая палова 1930-х гадоў. Але я хачу сказаць, што вялікі тэрор не абыйшоў і саміх цэнзараў. Начальнік Галоўнага палітупраўлення Чырвонай Арміі Леў Мехліс, блізкі чалавек да Сталіна, нешта не падзяліў з цэнзарамі і раскруціў «справу цэнзуры», калі спачатку ў Маскве, а пасля ў рэспубліканскіх аддзяленнях цэнзуры пачаліся масавыя рэпрэсіі. І быў час, калі ў беларускай цэнзуры ў 1937 годзе працавала два чалавекі на ўсю рэспубліку. Таму што ўсе астатнія былі арыштаваныя як ворагі народа. Гэта была мясарубка, самі цэнзары згубілі пачуццё рэальнасці і не паспявалі крэсліць імёны. Бо сёння забаронена ўзгадваць імёны дзесяці «ворагаў», а заўтра раніцай ужо 15. І нікога не хвалюе, што каналы камунікацыі працуюць марудна і ты пра гэта яшчэ не ведаеш, зрабіў памылку — і пойдзеш следам за імі.
А ў другую палову 1940-х савецкі канон ужо зацвердзіўся (гісторыкі жартаўліва называюць гэты перыяд «позні сталінскі рэпрэсанс») і грамадства проста скаваў лёд страху. Ужо нават думкі ні ў каго не ўзнікала, каб свядома парушыць гэты канон. На жаль, сталінскі перыяд у нас яшчэ не асэнсаваны, але ўсё гэта яшчэ будзе, хоць, на жаль, са спазненнем.
— У кнігах вы называеце імёны цэнзараў. Ці няма тут этычнага канфлікту — усё ж жывыя яшчэ, калі не яны самі, дык іх нашчадкі?
— Гэта ж гісторыя. Я стараўся максімальна тактоўна пісаць пра гэтых людзей. Я думаю, прафесіяналізм гісторыка заключаецца ў тым, каб без эмоцый і заламвання рук зразумець эпоху і чалавека ў гэтай эпосе. Бо я не толькі ўзгадваю імёны, але і паказваю партрэты ўсіх галоўных цэнзараў. Я ўсё часцей выкарыстоўваю такую формулу як стратэгія выжывання людзей. Яны апынуліся ў закрытым слоіку, з якога немагчыма было нікуды сыйсці, і ў іх было два выйсця: альбо прыстасавацца, альбо спыніць існаванне. Я асабіста нікога не абвінавачваю, але ведаць пра гэта трэба. Гэта сапраўды драматычны сюжэт: чалавек ва ўмовах таталітарнага грамадства.
— Але ж у 1991 годе ўжо даўно была галоснасць, пра якую цэнзуру ідзе гаворка?
— Фармальна Галоўліт спыніў сваё існаванне ў 1991 годзе. Але, фактычна, ужо ў 1990 годзе, пасля з’яўлення закона СССР «Аб друку», які адмяняў палітычную цэнзуру, яго дзейнасць была абмежавана тымі цэнзурнымі практыкамі, якая існуюць у сённяшніх ліберальна-дэмакратычных краінах: адсочваннем парушэнні сапраўдных дзяржаўных таямніц. Але былі выпадкі, калі беларускія журналісты і пісьменнікі сутыкаліся з рудыментарнымі праявамі савецкай ідэалагічнай цэнзуры, бо ў нас была спецыфічная сітуацыя: перабудоўчыя працэсы ішлі з цяжкасцю, у параўнанні з Масквой.
— На аснове рассакрэчаных дакументаў вы напісалі дзве кнігі. А колькі яшчэ мы не ведаем пра цэнзуру?
— Ёсць невядомыя дакументы, асабліва бліжэйшыя да нашага часу. Ёсць закрытыя ведамасныя архівы — МУС, МЗС, архіў Савета міністраў, КДБ. Але я думаю, што на 90% блізкую карціну да таго, што адбывалася, я здолеў паказаць.
— Як праходзіць ваша краўдфандынгавая кампанія?
— Кампанія скончыцца 25 ліпеня, плануем зрабіць наклад у 500 асобнікаў. Гэта будзе кніжка з больш як 300 старонкамі. За 12 дзён сабралі 35% ад неабходнай сумы (яна складае 3000 рублёў). Дзіўна, што падтрымліваюць не толькі беларусы, але журналісты з Ізраіля, гісторыкі з Германіі, якіх я абсалютна не ведаю. Сапраўды, людзі неабыякава ставяцца да такой вострай тэмы як свабода слова.