Сінагога, гарадавы і сувораўскае вучылішча. 10 фотаадрозненняў паміж Мінскам ХIХ і ХХ стагоддзяў
TUT.BY працягвае серыю артыкулаў з параўнаннямі рэтраздымкаў Мінска. Старыя фота, зробленыя з адных і тых жа ракурсаў праз гады ці дзесяцігоддзі дазваляюць пабачыць змены, якія адбываліся са сталіцай Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486722992067004.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723052384838.jpg)
Знакамітая «Брама Мінска» — жылыя дамы-вежы на Прывакзальнай плошчы — на здымку пачатка 1950-х гадоў і на фота 1954 года. Комплекс будынкаў архітэктара Барыса Рубаненка быў завершаны ў 1953 годзе. Фотапараўнанне дае магчымасць пабачыць, як была праведзена фінальная стадыя будаўніцтва правай вежы. Таксама на здымках можна заўважыць, як за некалькі год змяніўся выгляд мінскіх трамваеў.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723112672742.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723172960938.jpg)
Будынак былой жаночай гіманазіі Рэйман на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на здымку часоў акупацыі. Дом загарэўся падчас аднаго з авіяналётаў, але пасля вайны быў адноўлены. Цяпер тут па адрасе вуліца Кірава 5 змяшчаецца суд ЕАЭС.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723233238344.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723293537010.jpg)
Будынак Харальнай сінагогі на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя і Рускі драматычны тэатр імя Горкага на здымку 1950-х гадоў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі будынак сінагогі нацыяналізавалі. Да вайны ў ім у розныя часы размяшчаліся кінатэатр, дом культуры, нацыянальныя яўрэйскі і польскі тэатры, пасля вайны сюды з Магілёва пераехала трупа Рускага драматычнага тэатра. У 1950-я гады савецкія ўлады вырашылі змяніць фасад будынка і перабудаваць яго з маўрытанскага стылю, характэрнага для сінагог, у неакласічны.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723353814718.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723414100752.jpg)
Вуліца Губернатарская від у бок Саборнай плошчы на паштоўцы ХІХ стагоддзя і вуліца Ленінская від ў бок пляца Волі на фота 1930-х гадоў. Як не цяжка здагадацца, гэта адная і тая ж вуліца (гаворка пра сучасную вуліцу Леніна), адзін і той жа від. За паўстагоддзя амаль нічога не змянілася, толькі замест царскага гарадавога рухам на перакрыжаванні кіруе савецкі міліцыянер.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723474382411.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723534665368.jpg)
Тая ж Губернатарская вуліца напрыканцы ХІХ стагоддзя і Ленінская пачатку 1930-х. Толькі від ад цяперашняй плошчы Свабоды ў бок праспекта Незалежнасці. Тут змены таксама невялікія: электрычны трамвай прыйшоў на месца конкі, а невялікі будынак у левай часцы першага здымка вырас у шасціпавярховы гмах на другім фота — так пасля перабудовы 1909 года стаў выглядаць знакаміты мінскі гатэль «Еўропа».
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723594939888.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723655223955.jpg)
Від на Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на фотаздымку 1950-х гадоў. На пярэднім плане бачны комплекс так званага Малога гасціннага двара — гарадской забудовы пачатку ХІХ стагоддзя. Малы гасцінны двор быў часткова разбураны ў вайну, але ацалелая яго частка (бачна на другім здымку) была разабраная толькі ў 1995 годзе.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723715506009.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723775789641.jpg)
А вось будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча за дзесяцігоддзі амаль не змяніўся і захаваўся да нашага часу на вуліцы Рэвалюцыйнай. На фота: пачатак ХХ стагоддзя і 1950-я гады.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723836063845.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723896379591.jpg)
Былая Мінская духоўная семінарыя (на паштоўцы ХІХ стагоддзя) ператварылася ў сувораўскае вучылішча (на здымку 1950-х). У даваенныя гады ў былой семінарыі размяшчалася вайсковая школа, пасля вайны было вырашана будынак павялічыць. Старая пабудова была рэканструявана на пачатку 1950-х архітэктарам П. Заборскім і перададзена пад патрэбы Мінскага сувораўскага вучылішча.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486723956681640.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486724016927568.jpg)
Галоўны корпус Палітэхнічнага інстытута ў 1940 і 1949 гадах. Разбураны ў вайну будынак архітэктара Макляцовай у канцы 1940-х пачалі перабудоўваць у новым стылі паводле праектаў студэнтаў старэйшых курсаў архітэктурнага факультэта. Дарэчы, трамвайная лінія па Савецкай вуліцы (цяперашні праспект Незалежнасці) ў тыя гады ішла ад вакзала міма палітэха да цяперашняй плошчы Калініна.
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486724077203856.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2017/02/1486724137488690.jpg)
Дом ураду ў 1950-я гады. Розніца паміж здымкамі ўсяго некалькі гадоў, са змен можна заўважыць толькі тое, як разраслася на гарачым мінскім сонцы пальма на клумбе.