У Віцебску ў маразы бясплатна частуюць гарбатай і ствараюць рэцэпт беларускай кавы
У калядныя дні, калі на Віцебск наваліліся самыя моцныя ў краіне маразы, у цэнтры горада — у міні-кавярні Teacava — аб’явілі «саграваючую» акцыю: усім жадаючым тут прапаноўвалі бясплатную гарбату. Адметна, што маразы скончыліся, але прапанова дзейнічае. Прычым уласнік установы робіць гэта па-беларуску.
Міні-кавярня знаходзіцца на першым паверсе гандлёвага цэнтра «Мега». Адчынілася яна напрыканцы восені мінулага года. Назву ёй даў гаспадар — індывідуальны прадпрымальнік Яўген Арлоўскі. Па адукацыі ён менеджар у сферы турызму.
— Teacava — гэта гульня літар: чытаецца як беларускае слова «цікава», і ў складніку два нашыя словы ў пераклазе з англійскай — «гарбата» і «кава», — тлумачыць хлопец.
Адзначым, што ў Віцебску беларускамоўная ўстанова — рэдкая з’ява.
Дзіўна, але бясплатная гарбата ў марозныя дні не надта каго і цікавіла. Людзі, канешне, заўважалі шыльдачку «Гарбата — дарма» з жартоўным удакладненнем «Маразам прысвячаецца». У гандлёвы цэнтр заходзіла шмат народу, але сагрэцца гарачым напоем мала хто жадаў. Мо, гараджане саромеліся, мо, не адважваліся…
Тым не менш гаспадар працягвае дабрачынную акцыю. Тым больш, што наперадзе віцяблян, хутчэй за ўсё, чакаюць маразы на Вадохрышча, 19 студзеня.
Яўген працуе ў кавярні па чарзе з жонкай Малікай. Малады чалавек тлумачыць, чаму ў дзяўчыны такое незвычайнае прыгожае імя:
— Маліка — напалову аўганка, з гэтай краіны яе бацька. Я — з Віцебска, яна — з Мінска. Пазнаёміліся на Нарачы. З таго часу разам. Разам мы і працуем.
Ствараючы сямейны бізнэс, сужэнцы не баяліся, што справа «прагарыць» з-за мовы.
— Беларуская мова мне падабаецца, яна вельмі прыгожая. І трэба яе распаўсюджваць, — лічыць Яўген Арлоўскі. — Марым, што ў перспектыве ў нас з’явіцца асобная плошча, памяшканне, дзе можна будзе ладзіць культурніцкія імпрэзы — выставы, музычныя вечарыны і г. д.
З дызайнам кавярні гаспадарам дапамагла сяброўка-мастачка, фартушок з адмысловай вышыўкай зрабіла маці сябра.
На беларускі дызайн, па словах маладога чалавека, людзі рэагуюць у асноўным станоўча:
— Большасць наведвальнікаў ставіцца пазітыўна. Беларуская мова — гэта ж незвычайна. Бывае, што кантакт і пачынаецца менавіта з-за мовы. Ёсць людзі, якія робяць замову па-беларуску. Ёсць і сталыя наведвальнікі. Каву мы робім добрую, якасную, таму ўжо набылі вядомасць у горадзе. Але ёсць і тыя, каму смешна, падыходзяць і пачынаюць жартаваць з нейкіх слоў. Смяюся тады і я. Чаму не пасмяяцца разам?!
Яўген прызнаецца, што размаўляе па-беларуску не ўвесь час, а «па настроі». Маліка ведае мову крыху, але ставіцца да яе з павагай, тым больш што вучылася на гістфаку.
— Пры гэтым шмат нашых сяброў у неафіцыйных абставінах пераходзяць на беларускую. Гэта прыемна!
Найбольшым попытам, як заўважыў Яўген, у кавярні карыстаецца капучына. Але акрамя класічнай кавы і гарбаты тут прапаноўваюць і іншыя напоі. Напрыклад, малочны кактэйль, гарачы шакалад з маршмелоў, какаву, дзіцячы чай, мядовы раф, глінтвейн інш.
У сям'і Арлоўскіх ёсць і цікавая задума наперад:
— У планах — прапаноўваць беларускую каву. Гэта значыць, напой, які мае аўтэнтычны характар. Нашыя ж продкі пілі не кітайскую гарбату, а гарбату на зёлках. І каву ўжывалі не замежную, а сваю, прыгатаваную з абсмажанага зерня. Зараз працуем над гэтым: як прыгатаваць смачную, якасную беларускую каву.