"Каб вы былі багатыя, як гэтая восень!" Як адзначылі Багач на Валожыншчыне
«Каб вы былі багатыя, як гэтая восень!» — менавіта так звычайна вітаюць адзін аднаго на свята Багач. У выходныя свята ўраджаю і дабрабыту адзначылі ў пасяленні Цудоўныя Пагоркі, што на Валожыншчыне. Дзясяткі людзей сабраліся тут, каб разам падзякаваць маці-зямлі за багаты ўраджай і добры год. Вадзілі карагоды, глядзелі выступленне дзіцячага тэатра, рабілі абярэгі і зараджаліся энергіяй Дажджбога. Як гэта было — глядзіце ў фотарэпартажы TUT.BY.
Пасяленне Цудоўныя Пагоркі знаходзіцца ў вёсцы Запруддзе ў Валожынскім раёне. Некалькі год таму сюды пачалі з’яжджацца маладыя ды перспектыўныя — тыя, хто працуе з цэглай, хто робіць барабаны ці займаецца фальклорам. Так, разам з мясцовымі жыхарамі яны пачалі ладзіць святы для сябе і «рабіць чараўніцтва для іншых людзей».
— Назва свята Багач пайшла ад слова «багацце», ці «Дажджбог» — бог багацця і сонца. Мы сабраліся тут, каб падвесці вынікі года, падзякаваць маці-зямлі за добры ўраджай, — тлумачыць адна з арганізатараў свята, карагодазнаўца Наталля Буглак.

Святкаваць Багач сабраліся не толькі жыхары Запруддзя, але і суседніх вёсак, хтосьці прыехаў з горада. Кожны прынёс з сабой нешта са свайго ўраджаю: гарбузы, моркву, буракі, яблыкі — што ў каго ўрадзіла. Потым ураджай сабралі ў адзіную кампазіцыю, вакол якой вадзілі карагоды. На працягу ўсяго дня тут пелі песні, зараджаліся энергіяй сонца і дабра, частаваліся прысмакамі і нават глядзелі выступленне дзіцячага тэатра.















