Да 85-годдзя мастака: ўнікальныя малюнкі Уладзіміра Караткевіча
26 лістапада спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча — аднаго з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, таленавітага паэта, празаіка, публіцыста, драматурга, кінасцэнарыста, перакладчыка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831271370.jpg)
Даследчыкі творчасці Уладзіміра Караткевіча лічаць яго заснавальнікам беларускай гістарычнай літаратуры. Па яго сцэнарыях знятыя мастацкія і дакуметальныя фільмы, пастаўлены спектаклі на радыё і ў тэатры. Паводле лібрэта пісьменніка кампазітарам Дзмітрыем Смольскім напісана опера «Сівая легенда». Да таго ж аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» лягла ў аснову аднайменнай оперы Уладзіміра Солтана. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету.
Караткевіч з маленства вылучаўся пэўнымі літаратурнымі, мастацкімі і музычнымі здольнасцямі. Па ўспамінах маці, у тры з паловай гады навучыўся чытаць, ў шэсць — ужо спрабаваў складаць вершы, а крыху пазней пісаў апавяданні і аздабляў іх малюнкамі.
Часам прэзентаваў малюнкі і сваім сябрам: хлопцам — пераважна з выявай марскіх баёў, а дзяўчатам — кветкі. Аднойчы намаляваў сваіх аднакласнікаў у выглядзе розных звяркоў, якія сядзелі за партамі, пры гэтым здолеў трапна перадаць індывідуальныя асаблівасці і характары вучняў.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831328551.jpg)
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі ў асабістым фондзе Уладзіміра Караткевіча захоўваюцца дакументы, якія з’яўляюцца сведкамі яго шматграннага таленту. Акрамя асноўнага прызвання — ствараць цікавыя, высокамастацкія творы, ён быў выдатным апавядальнікам, акцёрам, спеваком, мастаком.
Рыгор Барадулін адзначаў, што мастак Караткевіч мог бы спаборнічаць нават з пісьменнікам Караткевічам, які, на яго думку, бездакорна валодаў лініяй і кампазіцыяй, некалькімі штрыхамі мог улюбёна-рамантычна ці здекліва-гратэскава перадаць характар.
Мастацкая спадчына Караткевіча змяшчае партрэтныя замалёўкі, малюнкі на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твораў, сяброўскія шаржы, выкананыя алоўкам, чарнілам, тушшу.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831338783.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831349835.jpg)
Амаль усе чарнавікі і аўтографы вершаў 1950-х гадоў маюць на палях малюнкі пісьменніка. Ён будзе нешта накідваць чарнілам у падарожных нататках, лісты заканчваць эмацыянальным малюнкам, асабліва, калі не будзе хапаць слоў, каб выказаць сваё стаўленне да падзеі.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831360780.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831370322.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831382221.jpg)
У інтэрв'ю «Любую справу рабіць хвацка» Караткевіч так апісваў пачатак працы над тым ці іншым творам: «Калі я ведаю аб чым пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобныя на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна, падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след — сядаю за стол».
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831402660.jpg)
Калі працаваў над аповесцямі «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чазенія», Караткевіч зрабіў планы месцовасцей, дзе разгортваліся падзеі.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831612950.jpg)
Рукапіс рамана «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік аздобіў уласным малюнкам, змясціўшы яго на адвароце першай старонкі.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831629010.jpg)
Цікавыя замалёўкі, што перадаюць пэўныя рысы характараў герояў, пісьменнік зрабіў на палях тэксту пры абмеркаванні п’есы «Кастусь Каліноўскі».
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831648224.jpg)
Сярод велізарнай творчай спадчыны Караткевіча — шматлікія варыянты сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў, якія з’яўляюцца сведкамі кінематаграфічнай дзейнасці пісьменніка. Большасць з іх маюць каментары і малюнкі, зробленыя падчас бясконцых абмеркаванняў на рэдакцыйных саветах.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831659679.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831671963.jpg)
Часам, пры рабоце з перакладчыкамі, каб растлумачыць той ці іншы незразумелы выраз, Караткевіч выкарыстоўваў графічныя сродкі — лягчэй было паказаць, чым перадаць словамі.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831684773.jpg)
Шмат замалёвак, шаржаў і закончаных сюжэтных малюнкаў — на старонках запісных кніжак і блакнотаў Караткевіча. Яны ўтрымліваюць надзвычай цікавы і разнастайны матэрыял для даследчыкаў творчасці гэтага неардынарнага чалавека: нататкі аб асабістых уражаннях ад шматлікіх вандровак па розных кутках Беларусі і замежжа, накіды вершаў, запісы творчага характару, планы на будучыню, дзённікавыя запісы.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831899814.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831910860.jpg)
Вялікую цікавасць уяўляюць мастацкія, самадастатковыя эцюды Караткевіча, намаляваныя на асобных аркушах і пазначаныя крыптанімам «УК».
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831921499.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542831928438.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832155299.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832163022.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832170821.jpg)
Караткевіч меў шмат сяброў і знаёмых, многім з іх ён дасылаў самаробныя красамоўныя віншавальныя паштоўкі, пісьмы з сяброўскімі шаржамі.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832178928.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832190320.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832207862.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832224056.jpg)
Чароўны свет літаратурнай спадчыны пісьменніка Караткевіча заўсёды як магніт прыцягваў да сябе шырокае кола чытачоў. Думаецца, што і Караткевіч-мастак не ў меншай ступені будзе прывабным для прыхільнікаў яго таленту.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1448542832231208.jpg)
Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
Чытайце таксама:
Рукапісы не гараць. Лёс беларуса, які чатыры разы прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН
«Рукапісы не гараць». Знакаміты беларус, які пераклаў для латышоў «Паўлінку»
«Рукапісы не гараць». Як знакаміты беларускі празаік Алесь Пальчэўскі жыў з верай у справядлівасць
«Рукапісы не гараць». Гісторыя жыцця беларуса, які прайшоў ссылку і стаў знакамітым фізіёлагам