Каляндар "Не маўчы па-беларуску - 2016" ад "Будзьмы!" ужо можна набыць у кнігарнях
Каляндар "Не маўчы па-беларуску!" ад кампаніі "Будзьма беларусамі!" на новы 2016 год ужо ў кнігарнях. Пад новай вокладкай размешчана 366 (бо 2016 — высакосны) адметных беларускіх словазлучэнняў у вясёлых малюнках мастачкі Дар'і Мандзік.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/11/1446653432643495.jpg)
— Падобны каляндар на 2015 год быў вельмі станоўча ацэнены чытачамі. Пра гэта сведчыў высокі попыт на яго ў кнігарнях. Натуральна, нам прыходзілі просьбы яго перавыдаць. Вельмі прыемна, што і друкаваная, і мабільная версіі календара былі адзначаныя прафесійным журы на фестывалі "Аднак" і атрымалі прызавыя месцы, — каментуе Алена Макоўская, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!". — Думаем, што сакрэт поспеху — і ў вясёлым прывабным дызайне, і ў цікавай падборцы словаў, што надае календару і адукацыйны эфект. Наш каляндар і для дзяцей, і для дарослых! Таму мы вырашылі выдаць каляндар і на 2016 год, дапоўніўшы яго новымі цікавосткамі.
Дызайнер Анатоль Лазар (студыя "Адліга"), аўтар ідэі календара, дадае:
— Мінулагодняе выданне календара было такім удалым і папулярным, што рызыкаваць гэтым праз пошукі новых форм мы, натуральна, не сталі і падрыхтавалі аналагічнае выданне з актуалізацыяй на новы 2016 год. Як кажуць: "Не гані Бога ў лес, калі ў хату ўлез" :) Але новыя словы, малюнкі і прымаўкі у ім таксама ёсць.
Па словах Дар'і Мандзік, аўтаркі малюнкаў, ідэя календара і праекта агулам яшчэ надоўга застанецца актуальнай:
— Навізна праекта сатрэцца, калі кожны з нас зможа без запінкі назваць усе навакольныя рэчы па-беларуску. Я буду радая, калі новы тыраж трапіць да тых, каму не хапіла мінулага. А астатнім зычу паўторнай асалоды і ўвагі, каб знайсці для сябе нешта новае.
Дасяжная таксама мабільная версія календара для iOS і для Android.
А друкаванае выданне можна знайсці ў беларускіх крамах.