Багач у Вязынцы. Як беларусы адзначалі свята ўраджаю
На радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы зладзілі фэст па матывах этнаграфічнага свята. У календары нашых продкаў Багач быў прымеркаваны да восеньскага раўнадзенства. Народныя абрады, спевы, танцы, майстар-класы па традыцыйных рамёствах — фатограф TUT.BY адлюстраваў, як гэта было.
Нашыя дзяды святкавалі Багач пасля дажынак і заканчэння ўсіх сельскагаспадарчых работ.
— Мы, гарадскія жыхары, вядома, зараз не можам адчуць цалкам урачыстасць гэтага моманту. Увесь перыяд, які з зернем звязаны, быў падзелены на рытуалы, — уводзіць ў справу сябра «СЭТа» Наста Глушко. — Жніво — вялізарны працэс, які людзям цяжка было перажываць: уявіце, што ў вас цэлае поле жыта, і вам патрэбна яго ўручную ўсё зжаць…
Этнограф нагадвае: былі і зажынкі, і адмысловыя жніўныя песні, былі дажынкі. Урэшце рэшт — Багач. Галоўны сімвал свята — жыта новага ўраджаю. У лубцы з жытам запальвалася свечка.
— Нашыя продкі жылі, як можа падацца нам, дзіўным чынам: раней год падзяляўся на дзьве паловы, лета і зіму. Багач — гэта кропка, ў якой летняе сонца сыходзіць на другі бок зямлі, а да нас выходзіць зімовае сонца. Свяча, якая гарыць ў зерні, — сімвал гэтага новага сонца, — тлумачыць Наста.
У некаторых мясцовасцях Беларусі нашыя продкі зносілі зерне ў лубок з кожнай вясковай хаты — па жменьцы. Напярэдадні фэста ў Вязынцы арганізатары-этнографы прапанавалі гасцям свята таксама захапіць з сабой зерня, альбо яго можна было атрымаць менавіта на свяце.
Традыцыйна Багач захоўвалі на покуці ў адной з хат — гэта быў вялікі гонар. Лічылася, што ў хаце, дзе «жыў» багач, будзе дабрабыт. Гаспадар сядзібы імкнуўся адпавядаць: трымаў сваю хату, дзе з’явіўся багач, у чысціні. На наступны год багач пераходзіў у другую хату, потым — у трэцяю, так да працэсу далучалася ўся вёска.
Багач шанавалі, з ім абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, скаціну ў хлявах — каб вялася і была здаровай.
У гэтым годзе Багач супаў з яшчэ адным святам, якое шануюць у народзе — Узвіжаннем.
Па Беларусі шмат варыянтаў Багача, але нідзе, нажаль, не захавалася цэльнага апісання, — распавядае Наста Глушко. — Ёсць апісанне Адама Багдановіча, бацькі нашага слыннага паэта, пра тое, як святкавалі Багач у Ігуменскім павеце. Асноўныя элементы мы бралі адтуль. Але па ўсёй Беларусі знаходзяцца вырыянты абыходнага абрада, песень, страваў да Багача.
На Багач раней праводзіліся фэсты — вясковыя святы з кірмашом. Маладыя дзяўчыны там выбіралі сабе каралі, хусткі, а потым пачыналі выглядаць жаніхоў.
Ад Багача пачынаўся вясельны перыяд: жыхары вёскі, закончыўшы гаспадарчыя справы, забяспечыўшы сябе на зіму, маглі ўладжваць цяпер свае сямейныя справы.
У Вязынцы свята праводзіцца ўжо не першы год — менавіта там атрымліваецца дасягнуць патрэбнай камернасці.
— Мы хочам, каб свята было не паказальным, не сцэнічным, а каб усе, хто на ім ёсць, адчувалі сябе далучанымі да працэсу, былі ўдзельнікамі абраду, — распавяла Наста.