Вызначаныя фіналісты конкурсу "Заспявай 2.0"

Источник материала:  
22.05.2015 18:16 — Новости Культуры
Журы назвала імёны выканаўцаў, якія трапілі ў фінал конкурсу "Заспявай 2.0", які праводзіць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, фонд "Вяртанне" пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" і парталу TUT.BY. Менавіта гэтыя артысты маюць магчымасць выступіць ужывую на канцэртах праекту і атрымаць грашовы прыз да 1 тысячы еўра.




Перад журы стаяла задача – назваць па шэсць вартых увагі канкурсантаў у намінацыі "Кавер" і "Паэзія".

У намінацыі "Кавер" ацэньвалася перадусім не адпаведнасць кавер-версіі арыгіналу і нават не столькі вакальныя і тэхнічныя магчымасці выканаўцаў, колькі шырыня творчага мыслення і ступень прасякнення абраным спеўным матэрыялам. Звярталася ўвага на ўменне перажыць яго наноў, на здольнасць падаць вядомую песню па-новаму ў перакладанні на сваю асобу і надаць вядомаму твору іншае актуальнае гучанне. Віталіся таксама апраўданыя эксперыменты з музычнымі стылямі і самой формай твору.

Такім чынам, паводле рашэння журы шасцёрка галоўных прэтэндэнтаў у гэтай намінацыі выглядае такім чынам (у алфавітным парадку):

GreenPills – "Белакрылы анёл" (кавер на Zet)
Дэле Валерыя – "Усе лугі" (кавер на "Крыві")
Маze – "Котка" (кавер на "Новае Неба")
Navi – "Жар-птушка" (кавер на "Сябры")
Symphorine – "Госці" (кавер на "Крамбамбулю")
Цярэнцьеў Яўген – "Зачараваная" (кавер на "Песьняры")



Дадаткова журы адзначыла яшчэ Таню Матарыкіну з песняй "З ранку да ночы" (кавер на Ірыну Дарафееву) і гурт "Колір" з каверам на гурт Naka. У лік лепшых таксама патрапіла K3tyvana, якая даслала на конкурс беларускамоўны кавер на песню Adele "Skyfall". Гэта пярэчыла правілам (разглядаліся толькі каверы на беларускіх выканаўцаў), але некаторыя сябры журы ўключылі яе ў свае шорт-лісты. Асобным чынам журы адзначыла таксама самую маладую канкурсантку – 5-гадовую Кіру Патапчук, якая выканала "Купалінку".

У намінацыі "Спяваная паэзія" звярталася ўвага як на абраны тэкст, так і на яго арыгінальную музычную падачу, на гарманічнае спалучэнне музыкі і слова. Журы адзначае, што тут агульны ўзровень канкурсантаў быў куды вышэй, чым у намінацыі "Кавер".

Шасьцёрка лепшых у гэтай намінацыі выглядае наступным чынам (у алфавітным парадку):

Vegatables – "Рэха" (словы Святланы Варапай)
Вярэніч Марына – "Чаму" (словы Тацяны Дзям’янавай)
Колір – "Застацца сабой" (словы Андрэя Аляксандрава)
Клюеў Пётра - "Амлітуда смеласці" (словы Генадзя Бураўкіна)
Navi - "Плакалі ветры" (словы Паўлюка Труса)
Pauline - "Малітва" (словы Янкі Купалы)

У журы ўвайшлі: музыкі Ігар Варашкевіч ("Крама"), Валерый Дайнека ("Беларускія Песняры") і Алег Хаменка ("Палац"), паэты Адам Глёбус і Віталь Рыжкоў, культуролаг Максім Жбанкоў, журналістка Таццяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэту конкурсу - Павел Бераговіч (кіраўнік фонду "Вяртанне"), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!") і Сяргей Будкін (кіраўнік парталу Tuzin.fm).

Дадаткова былі адзначаныя таксама Bigi з песняй "Літары" (словы Алеся Плоткі), Дзмітрый Нікановіч з песняй "Ключы" (словы Мікіты Найдзёнава) і Люба Ружэнка з песняй "Адам і Марыля" (словы Валянціны Аколавай). Такім чынам, магчымасць выступіць ужывую у межах конкурсу "Заспявай 2.0" атрымалі 12 канкурсантаў:

GreenPills, Валерыя Дэле, Маze, Navi, Symphorine, Яўген Цярэнцьеў, Vegatables, Марына Вярэніч, Колір, Пётра Клюеў, Paulinе, а таксама K3tyvana (па-за конкурсам).



У выпадку, калі нехта з абраных канкурсантаў не зможа выступіць, такую магчымасць атрымае нехта з шэрагу азначаных па-за шасцёркаю. Першыя на чарзе тут Bigi, Дзмітрый Нікановіч, Таня Матарыкіна, Люба Ружэнка.

Канцэрты фіналістаў "Заспявай 2.0" будуць праходзіць цягам усяго лета на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды ў Мінску ужывую пры падтрымцы вядомых музыкаў. Сваю папярэднюю згоду на ўдзел ужо далі гурт "Палац", "Крама", "Крыві", HandMade, Наста Шпакоўская, Юры Несцярэнка ды іншыя. Расклад першых выступаў будзе абвешчаны пасля ўзгаднення датаў з выступоўцамі.

Пераможцы конкурсу "Заспявай 2.0" будуць названыя пасля серыі летніх канцэртаў на фінальным гала-канцэрце праекту.
←Молодежный театр эстрады дарит 30 мая выпускникам шоу "Последний звонок!"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика