Бацька з вайны прывёз не швейную машынку, а рэпрадукцыі: Аляксей Марачкін святкуе 75-годдзе

Источник материала:  
30.03.2015 15:35 — Новости Культуры
"Наша Ніва": Спадар Аляксей, нехта, відаць, паспеў павіншаваць Вас з юбілеем: у Вас жа дзве даты дня нараджэння.

Аляксей Марачкін: Паспелі. Я заўсёды тлумачу гэтую блытаніну. Сапраўдны мой дзень нараджэння — 30 сакавіка, "на Божага чалавека Ляксея нарадзіўся", як маці сказала. А калі я пайшоў у першы клас, ведаў толькі, што ў сакавіку, але не ведаў даты. Чамусьці дзясятка спадабалася. Так і з"явілася 10 сакавіка. І пачала "гуляць" у афіцыйных дакументах. А ў даведніках па мастацтве ўжо фігуруе 30 сакавіка.




Гэта ж было перад вайной. Бацька паехаў на заробкі. А калі па праўдзе казаць, ён уцякаў ад НКВД. У 1938 ці 1939 годзе яго хацелі паставіць старшынёй сельсавета. А нехта яму шапнуў, што папярэдняга старшыню арыштавалі. І сказалі: "Антон Мікалаевіч, бяры торбу, сухары і едзь куды далей".

"НН": І як склаўся яго далейшы лёс?

АМ: Ён паехаў добраахвотна на Далёкі Усход. А вярнуўся ў 1941. Тады быў прызыў — і яго забралі на вайну. Быў на самай перадавой: параненых і забітых выносіў. Адзін раз быў лёгка паранены аскепкам у руку. Атрымаў ордэн баявога Чырвонага Сцяга.

"НН": Кім былі бацькі?

АМ: Маці — Хадора Хролаўна, вясковая дзяўчына. Пісаць, чытаць не ўмела, але распісвацца навучылася. І грошы лічыла. А бацька — я ганаруся! — вясковы інтэлігент. Пасля вайны ён завочна скончыў Магілёўскае культасветвучылішча і быў вясковым бібліятэкарам. І праз мае рукі заўсёды праходзілі кніжкі. Асабліва падабаўся часопіс "Огонёк", бо ў ім былі каляровыя ўкладышы з рэпрадукцыямі карцін расійскіх мастакоў.

Чытаць я навучыўся да школы. Школьнікам ужо маляваў. У пятым класе я дагнаў Івана, якога клікалі Ямелем: ён тры гады прасядзеў у адным класе. Ён сказаў: "Ляксейка, нашто табе гэтая школа, ты і так усё ўмееш". І я ўсю зіму прагульваў школу… На лыжах каталіся! А тут сігналы бацьку ішлі: ён мяне ганяў. І ў 5 класе я застаўся на другі год. Адчуў, што бацькава дзяга балючая, і закончыў 10 класаў.

"НН": Бацька — вясковы інтэлігент. Ён ухваліў Ваш выбар быць мастаком?

АМ: Казаў: "Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш — толькі маляваў бы". А я на замерзлых шыбах розныя ўзоры цвіком шкрабаў. Не памятаю, каб ён з вайны прывёз швейную машынку ці нешта такое, а прывёз ахапак паштовак. Як пасля высветлілася, гэта былі рэпрадукцыі з Дрэздэнскай галерэі, Луўра. Яму не было абыякава, што я малюю. Але я ўсё самастойна спасцігаў.

У нас на Магілёўшчыне мужыкі не гаварылі: "Намалюй мяне". Казалі: "Скрытыкуй". Бо пасля вайны дужа папулярны быў часопіс "Вожык", а ў ім — адны карыкатуры. І мяне запрашалі ў школьных альбо калгасных сценгазетах "скрытыкаваць" кагосьці. Але адзін раз мяне пабіў аднакласнік. "За што ты майго бацьку скрытыкаваў?" А ён быў п'яніца: намаляваў яго з бутэлькай. Гэта быў першы "ганарар".

Старэйшы хлопец з маёй школы, Вася Сталяроў, паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Мне былі цікавыя яго малюнкі, я яму свае паказваў. І гэта таксама паўплывала: мне захацелася ў вучылішча. Але па конкурсе не прайшоў. Памятаю, тады дырэктар Краснеўскі выклікаў такіх, як я, і сказаў: "Хлопцы, тут перабор. Бярыце дакументы і едзьце ў Віцебск: там без конкурсу вас прымуць". Прынялі. І наш выпуск быў першым на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута. Са мной вучыліся тыя, хто ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва. Найперш Мікола Кірэеў і Фелікс Гумен.

Пасля мяне забралі ў армію. Але мяне турбавала, што я не займеў тое, чаго хацеў. А хацелася вучыцца ў Маскоўскай альбо Ленінградскай акадэміі мастацтваў. Але папярэдзілі, што безнайдзейна — без знаёмства не паступіш.




"Як я спаліў танк"

— Я служыў танкістам у Пячах. Але салдат я быў нікуды не варты — танк спаліў.

"НН": Як гэта?

АМ: Зімой сказалі: на макетах ты навучыўся кіраваць, сядай у сапраўдны танк. Я залез і ўсе кнопкі ўключыў. Сістэма не вытрымала напругі — і пачала гарэць праводка, схапілася полымя. Я ледзь ўцёк. І танк выгарэў ушчэнт: чорны стаяў на белым снезе. І старшына Галапупенка ўвесь час казаў: "Глядзіце, якую шкоду радавы Марачкін нанёс нашай доблеснай Савецкай арміі". "Ты ведаеш, колькі ты кароў спаліў?" — казаў ён (ацэнка была не ў гарэлцы ці валюце, а ў каровах). На гаўптвахту мяне не пасадзілі. А пасля навучылі на танку ездзіць. Мне падабалася, што не трэба вучыць правілы дарожнага руху.

"НН": У арміі была магчымасць маляваць?

АМ: Была. На другім годзе службы мы з адным хлопцам у Доме афіцэраў арганізавалі студыю. Вучылі дзяцей маляваць. З Барысава нават у Печы прыязджалі. Адзін даволі вядомы мастак — Мікола Ісаёнак — займаўся тады ў мяне. Ён да гэтага часу кажа: "Ты ж мой настаўнік".

Пасля войска нейкі час я працаваў у школе №4 у Жодзіне. Жонка туды з малым сынам пераехала. І я пайшоў вучыцца. Конкурс ў Тэатральна-мастацкім інстытуце тады быў велізарны: 9 чалавек на месца. Я паступіў да прафесара Івана Ахрэмчыка. У маім лёсе ён адыграў вялікую ролю. Казаў: "Я цябе ганяю, але з цябе толк будзе".




"Латушка папрасіў у мяне партрэт Багдановіча"

"НН": У 1989 Вы адмовіліся ад звання заслужанага мастака БССР. Творцу яно не патрэбна?

АМ: Званне давалі групе мастакоў, і чалавекі тры адмовіліся. Тады толькі фарміравалася наша мастацкая суполка "Пагоня". І мы хацелі зламаць стэрэатыпы, званні. Для рэжыму гэтыя званні патрэбныя, каб прыручыць, каб ад іх залежалі. А хацелася быць свабодным. І пасля на адным са з"ездаў мастакоў была ініцыятыва скасаваць званні "народнага", "заслужанага" — не пазбавіць тых, хто атрымаў, а скасаваць надалей. Толькі адзін чалавек устрымаўся, астатнія прагаласавалі "за". Але ўсё пакацілася па сцежцы былога Савецкага Саюза.

"НН": Вы ўваходзілі ў аргкамітэт па стварэнні БНФ. Чаму не пайшлі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, каб вось такія пытанні і вырашаць?

АМ: Што ты, маладыя гады былі — я ішоў у народныя дэпутаты. У мяне канкурэнтам быў Чаргінец. Цікава, што тады завалілі і мяне, і яго. А пасля быў новы тур, але я не ўдзельнічаў.

"НН": Адносіны з уладамі ў Вас не складваюцца. Карціны часта здымаюць з мастацкіх выстаў праз іх палітызаванасць. А некалькі гадоў таму Вы хадзілі на сустрэчу з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам. З чым звярталіся да чыноўніка?

АМ: Латушку я ведаў яшчэ да міністэрства, і калі ён не быў нават паслом у Польшчы. Ён прыходзіў да мяне ў майстэрню. Я яму карціну маляваў — прасіў у мяне Багдановіча. Я бачыў, што гэта вельмі сціплы і культурны чалавек. Здавалася, што ў яго вялікая будучыня. І калі ён стаў міністрам культуры, захацелася сустрэцца. Ён яшчэ сказаў: "У мяне на шафе вось стаіць рэпрадукцыя Вашага трыпціха, прысвечанага 1000-годдзю летапіснай Літвы". Я прапанаваў яму стварыць грамадскі орган пры міністэрстве з экспертаў, якія б выказвалі думкі адносна культурніцкіх падзей. Ён на гэта пайшоў. Але затым усё ляснулася — не працуе.

"НН": У Беларусі ёсць багаты бізнэсовец Алег Хусаенаў, які калекцыянуе карціны. Вашы творы ў яго ёсць?

АМ: Не ведаю яго. Я рэдка калі даю карціны на продаж. Раблю выставы, з якіх творы прадаюцца. Часам адмыслова прыходзяць да мяне людзі. У Літве ёсць бізнэсовец, які купляе ў мяне нонканфармісцкія творы. Я не бачыў, але кажуць, што ён іх у офісе выставіў. А тут многія баяліся такія карціны на выставе паказаць. Ёсць мастакі падкапытныя, як я іх называю, якія выконваюць дзяржаўныя замовы. Мяне ж не запрашаюць. Але я не бядую.

Чыноўнікі не хочуць мяне заўважаць. Навошта я пішу такія карціны? І мае калегі гавораць: пішы кветачкі, ты ж умееш, а не на палітычныя тэмы. Я гэта пішу, бо пра гэта думаецца. А перад палатном — як на споведзі. Гэты негатыў я выплюхваю на палатно.

Вось пра што хачу сказаць. Сёння мастакі стогнуць ад непамернай платы за майстэрні. Я атрымліваю пенсію 3,8 мільёна рублёў, а плаціць трэба амаль 4 мільёны за майстэрню. Добра, што з сынам Ігарам напалам тут працуем і плацім. А многія адмаўляліся ад майстэрняў. Чаму рэлігійныя структуры, найперш праваслаўныя, пазбаўленыя падаткаў, а мы, мастакі, працуем на фронце духоўных каштоўнасцяў, не? Што мы, карціны на той свет возьмем? Застануцца тут.




Аляксей Марачкін — мастак, педагог. Творчы псеўданім Алесь Мара. Нарадзіўся 30 сакавіка 1940 года ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёна. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Сябра Саюза мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі "Пагоня". Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Яго пэндзлю належаць палотны "Маці Божая ахвяр Чарнобыля", "Палеская мадонна", партрэты Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі. Піша і на палітычныя падзеі ("Навала", "Хрыстос і Антыхрыст", "Какей").

Аўтар паэтычнай кнігі "Калодзеж у жыце".
←Абвешчаны лонг-ліст Прэміі імя Ежы Гедройца за 2015 год

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика