Беларускамоўная літаратура губляе чытача
Кампанія Novak правяла сацыялагічнае даследванне літаратурных перавагаў насельніцтва Беларусі. Колькасць тых, хто чытае беларускамоўную літаратуру за апошнія некалькі гадоў зменшылася ў разы — з 13% да 5%.
Сярод фактараў фарміравання культуры чытання большасць апытаных назвала школу і сям’ю.
Цяпер актыўнымі чытачамі становяцца тыя, у каго ўрокаў рускай мовы ў школах было значна больш, чым беларускай. Гэта адзін са складнікаў рэзкага зніжэння папулярнасці беларускамоўнай літаратуры.
Другой прычынай нізкай цікаўнасці да беларускамоўных выданняў ўдзельнікі апытання часцей за іншыя называлі недастатковае валоданне беларускай мовай. Даступнай для сябе беларускую мову назвалі 27,7% рэспандэнтаў.
Жывым прыкладам цікаўнасці да беларускамоўнай прозы стаў раман “Мова” Віктара Марціновіча. Кніга выйшла і па-беларуску, і па-руску.
“Першы беларускамоўны наклад быў вельмі вялікім — тысяча асобнікаў і разыйшоўся за адзін тыдзень. Другі наклад — 700 асобнікаў — сканчваецца зараз. У той самы час кніжка ёсць бясплатна на 34mag.net у перакладзе на расейскую. І вось, бачыце, наяўнасць рускай (бясплатнай) не вельмі запавольвае продажы беларускага тэксту”, — адзначыў аўтар.
«Мова» — лінгвістычная анціўтопія. Гэты жанр — не самы чытэльны ў беларусаў. Увогуле перавагу ў літаратурных жанрах за сабой захоўвае дэтэктыў. Цікава, што апошнім часам чытачоў стала крыху больш вабіць паэзія.
Удзельнікі даследвання адзначалі, што ім не стае інфармацыі пра беларускую літаратуру, скардзіліся на яе слабую жанравую разнастайнасць і малую колькасць імпрэз. Але пры гэтым пераважная большасць НІКОЛІ не наведвала тыя самыя імпрэзы.
Месца літаратуры ў жыццях і крамах
Арт-дырэктар кнігарні “Логвінаў” Павел Касцюкевіч адзначыў, што ёсць агульнаеўрапейская тэндэнцыя, што людзі сталі менш чытаць, але пры гэтым ў Беларусі ёсць пэўны фенамен — людзі па ранейшаму чытаюць паэзію.
“У Еўропе на паэтычныя фестывалі ходзяць пяць-шэсць чалавек, а ў нас поўныя залі, і людзі шукаюць у паэзіі нейкае прароцтва”, — адзначае Павел Касцюкевіч.
Чытач беларускамоўнай літаратуры застаецца кансерватыўным у сваіх шуканнях, упэўнены Касцюкевіч: “У нас прадстаўлены ўласнабеларускія аўтары і перакладная літаратура. Але чытачы абіраюць беларускіх пісьменнікаў”.
На думку Касцюкевіча, беларуская літаратура знаходзіцца ў выдатнай форме: і ў прозе, і ў паэзіі, выходзяць іншамоўныя пераклады. “Бо даўно вядома, што калі краіна не зусім свабодная, дык нараджаецца крытычная колькасць якаснай, праверанай выпрабаваннямі літаратуры,” — кажа Касцюкевіч.
Але замінае папулярызацыі беларускамоўнай літаратуры, па меркаванні Касцюкевіча, перш за ўсё, існаванне чорных спісаў, калі сустрэчы аўтара з публікай і ўзгадкі пра яго ў дзяржаўнай прэсе робяцца “непажаданымі”.
Другой важнай прычынай арт-дырэктар назваў тое, што незалежныя выдавецтвы і кнігарні не маюць фінансавых палегкаў з боку дзяржавы. “Паводле ўзроўню падаткаў складаецца ўражанне, што мы гандлюем нафтай, а не фармуем культурны слой нацыі”, — зазначыў Касцюкевіч.
Трэцяй прычынай арт-дырэктар назваў тое, што большасць кнігарняў не адасабліваюць беларускамоўную літаратуру па жанрах. “Усё панаскідана разам: і класіка, і сучасныя аўтары, і пераклады на адну, часта не самую прынадную паліцу ў закутках кнігарні. Нашто ствараць беларускамоўнае гета?” — кажа ён.
З апошнай тэзай не пагадзілася кіраўнік гандлёвага аддзелу “Белкнігі” Святлана Гук. Яна адзначыла, што па ўсёй краіне магазіны “Белкнігі” аддаюць беларускай літаратуры самыя лепшыя месцы.
“У нас ёсць ўказанні для ўсіх крам аб тым, каб беларускамоўную літаратуру выстаўлялі на прыярытэтных месцах. Гэта датычыцца крамаў па ўсёй краіне, — падкрэсліла Святлана Гук. — Мы афармляем розныя тэматычныя выставы менавіта з акцэнтам на беларускую літаратуру”.
Але, па дадзеных “Белкнігі”, пакупнікой друкаванай прадукцыі больш цікавяць дыдактычныя матэрыялы, чым проза ці паэзія. Так, у крамах установы ўдзельная вага метадычных кніг складае 46%. І хоць 66% кніг, што набываюць пакупнікі, выдадзена ў Беларусі, на беларускай мове гэты адсотак мізерны — да 5%.
“Мы страцілі як мінімум адно пакаенне, што сышло ў электронныя кнігі. На жаль, існуе такая праблема”, — адзначыла Гук.
Але ў кожнай кнігарні свой наведвальнік. Па меркаванні дырэктара выдавецтва “Галіяфы” Змітра Вішнёва, найбольшым попытам карыстаецца гістарычная проза і дзіцячая літаратура.
“Паэзія, на мой суб’ектыўны погляд, усё менш запатрабаваная. І за апошнія некалькі гадоў паэтычныя кнігім сталі разыходзіцца значна горш. Але беларускамоўны чытач ёсць. А што тычыцца рускамоўнай літаратуры, тут сітуацыя зусім іншая. У нас час ад часу выходзяць вельмі добрыя кнігі на расейскай мове, але продажы нулявыя”, — адзначыў ён.
Ён таксама падзяліўся такім меркаваннем, што беларускія літаратары не набываюць кнігі сваіх калег.
“Яны разбэшчаныя. І праблема ў тым, і я лічу гэта вялікай недарэчнасцю, не чытаюць адзін аднаго. Таму часам сустракаюцца аднолькавыя літаратурныя хады”, — распавёў ён.
Большасць удзельнікаў апытання кампаніі Novak лічаць, што дзяржава робіць недастаткова для прасоўвання літаратуры. Так адказалі 33% апытаных. 27% рэспандэнтаў прытрымліваюцца адваротнай думкі. Астатнія не маюць канкрэтнага адказа на гэтае пытанне. А вось як палепшыць такі стан, большасць проста не ведае.
Зміцер Вішнёў прытрымліваецца думкі, што ад дзейнасці дзяржавы ў папулярызацыі нацыянальнай літаратуры і беларускай мовы шмат што залежыць.
На яго думку, дзяржаве трэба зніжаць падаткі беларускім кнігавыдаўцам; аднаўляць літаратурныя праграмы на тэлебачанні; скасаваць усе чорныя спісы беларускіх літаратараў; праводзіць нацыянальныя і міжнародныя літаратурныя фестывалі. Яшчэ адзін неабходны крок — стварэнне беларускамоўнага дзяржаўнага універсітэта.
Марыя ГРЫЦ