Юбілей Глыбокае адзначала з размахам
Былі адкрыты бюст Юрыю Сабалеўскаму, кіраўніку Глыбоцкага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Дошка гонару Герояў Сацыялістычнай Працы.
Звання ганаровых грамадзян Глыбоцкага раёна ўдастоены людзі, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё рэгіёна: старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, ксёндз Мечыслаў, кавалер ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга хлебароб-ветэран Мікалай Стрыёнак. Усяго — 10 чалавек.
Была пагашана паштовая марка спецыяльным штэмпелем з лагатыпам Глыбокага, і кожны з гасцей меў магчымасць паслаць ліст на радзіму ў канверце горада-юбіляра. А іх, гасцей, было нямала: з Германіі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі. Свае віншаванні прыслалі французы, малдаване, галандцы, ізраільцяне.
Дагаворы намеру аб супрацоўніцтве былі заключаны паміж Глыбоцкім райвыканкамам і Сакрэбулам Целаўскага муніпаліцета Грузінскай Рэспублікі, а таксама Даўгаўпілскай краявой Думай Латвіі.
Закончылася свята лазерным шоу з галаграфічнымі малюнкамі горада і грандыёзным салютам.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»