Край любімы мой
Гэты неафіцыйны партызанскі гімн пад назвай «Лясная песня» ўзнік пасля заканчэння Айчыннай вайны. Аднак былыя партызаны сцвярджалі, быццам спявалі яго пасля баёў. Дарэчы, бярозы і сосны ў першым радку песні — гэта лес вакол хутара ў Пясочным Капыльскага раёна. Песня настолькі ўвайшла ў наша жыццё, што многія адносяць яе да ліку народных. На самай справе верш напісаў Адам Русак, а словы на музыку паклаў Уладзімір Алоўнікаў. Згадаем разам тэкст:
Ой, бярозы ды сосны —
Партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты, лес малады.
Толькі сэрцам пачую
Тваю песню лясную
Ды ўспомню былыя гады.
Ды ўспомню пажары,
І варожыя хмары,
І завеі халодных вятроў,
І слату, і нягоды,
І начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў.
Край любімы мой, родны,
Ты на свеце свабодны,
За цябе я на бітву хадзіў,
Каб ніколі, ніколі
Ты не быў у няволі,
Каб прыгожымі кветкамі цвіў.
Адышлі тыя годы,
Адгрымелі паходы,
Толькі пушча за полем шуміць.
Ой, бярозы ды сосны —
Партызанскія сёстры,
Вас ніколі ў жыцці не забыць.
А цяпер, як заўжды, некалькі слоў звычайных перакладаў:
Пыха — спесь
Растлумачыць — объяснить
Стомлены — усталый
Узбуджальнік — возбудитель
Хаціна — хижина, изба
Шугаць — полыхать, пламенеть
Прадбачанне — предвидение
Нахіл — наклон
Пакутнік — страдалец.