Лынтупы: два берагi адной мяжы
Упершыню Лынтупы ўпамінаюцца ў гістарычных дакументах у 1385 годзе. Гэта значыць, у наступным, 2015 годзе вёска адзначыць даволі круглую дату.
Вядомыя ж Лынтупы тым, што праз іх прайшла адна з першых у Беларусі вузкакалейных чыгуначных дарог. А яшчэ раней, у 1459 годзе, тут віленскім ваяводай Андрэем Даўгіродавічам быў узведзены касцёл, які да нашых дзён, на жаль, не захаваўся, а на яго месцы ў пачатку XX стагоддзя графам Юрыем Бішэўскім быў пабудаваны арыгінальны, прыгажэйшы ў Еўропе палаца-паркавы ансамбль, маштабная рэстаўрацыя якога разгорнута сёння.
У Лынтупах пражывае каля паўтары тысячы чалавек. Ёсць дзіцячы сад—сярэдняя і музычная школы, бальніца і аддзяленне кругласутачнага пражывання, 11 гандлёвых кропак розных форм уласнасці, комплексна-прыёмны пункт, аддзяленне па аказанні насельніцтву тэрміновых бытавых паслуг, метэастанцыя, пагранзастава.
Старшынёй Лынтупскага сельскага выканаўчага камітэта працуе Аляксандр МАКАРАНКА (на здымку), чалавек на рэдкасць энергічны, а кіраўніком справамі — Вера Бубнель, якая за тры дзясяткі гадоў у гэтым органе ўлады ведае амаль ці не кожнага жыхара.
— Аляксандр Яўгенавіч, не так даўно завяршылася выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы. Як змянілася ваша каманда?
— Састаў дэпутатаў абнавіўся амаль на дзве трэці. Прыйшлі Андрэй Грэсько, Віктар Якушонак, Людміла Урбанайць, Іна Пупкевіч, Ала Журомская і іншыя. Дарэчы, Ала Журомская выбіралася па Галубкоўскай акрузе на альтэрнатыўнай аснове і перамагла работніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Горбуля. А ўвогуле касцяк дэпутатаў застаўся ранейшы. Сярод іх хачу назваць начальніка пажарнага аварыйнага паста Пятра Блашко. Ён са сваімі падначаленымі не толькі пабывае ў кожным доме, дасць слушную параду, але і дапаможа ветэранам, нямоглым людзям падправіць печку, пачысціць комін.
Ужо прайшла першая сесія, на якой абмеркаваны мерапрыемствы да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды рэканструюем помнік загінуўшым воінам, дзе пахаваны Героі Савецкага Саюза Аляксей Галубкоў, Мікалай Красільнікаў і яшчэ 109 вызваліцеляў Лынтупаў. Імёны яшчэ шасцідзесяці чатырох дагэтуль былі невядомы, але дзякуючы дырэктару Юнькаўскай яслі-сад-школы Аляксандру Кузняцову праз архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ўдалося ўстанавіць імёны сарака пяці салдат і афіцэраў, якія аддалі жыцці пры вызваленні нашага краю. У іх ліку — радавы Газій Абдулаў з Таджыкістана, радавая Марыя Аляксеева са Смаленшчыны, сяржант Барыс Путронак з Арлоўскай вобласці, лейтэнант Мікалай Гаўрышаў з Украіны...
Цяпер наводзім паўсюдна парадак. Усе вуліцы размеркаваны паміж арганізацыямі і прадпрыемствамі. Ставім новыя платы, зладзілі яшчэ адну аўтастаянку непадалёк ад цэнтра, не абышлі ўвагай могілкі. Ушчыльную займаемся і вясенняй пасяўной кампаніяй на прысядзібных участках.
— На ўсё гэта патрэбны сродкі. А, як вядома, бюджэт у сельскіх Саветаў не надта багаты. Можна было б хадзіць з «працягнутай рукой» па інстанцыях, як між іншым робяць у некаторых месцах. Аднак, кажуць, у Лынтупах знайшлі сваю крыніцу фінансавання?
— Не буду грашыць, звяртаемся і мы за дапамогай да тутэйшых бізнесменаў. Хачу падзякаваць за неаднаразовую падтрымку ў нашых праектах Аляксандру Марашку, Любові Міхайлавай, Казіміру Савічу, Фаіне Савіч, Алегу Дразду, Тамары Клімюк і іншым. Але мы імкнемся і самі зарабляць грошы. Не сакрэт, што нашы мясціны па прыгажосці ніколькі не саступаюць суседняй Браслаўшчыне. Знаходзімся мы на мяжы з Нацыянальным Нарачанскім паркам, адкуль да нас «заглядваюць» нават алені. Наша возера Балдук — другое па глыбіні ў Беларусі. А ў рацэ Страчы водзяцца нават фарэль з харыусам. Раней у нас выкуплялі сядзібы, якія пуставалі, потым мы наважыліся прадаваць на аўкцыёнах у гэтых вёсках зямельныя надзелы пад забудову. Ставілі першапачатковую цану 5—10 мільёнаў рублёў за ўчастак, а канчатковая, здаралася і такое, узрастала да 100 мільёнаў. Усё ў рамках закона. У нашых мясцінах такім чынам зладзілі свае дачы такія вядомыя людзі, як народны артыст Беларусі і заслужаны артыст Расіі Уладзімір Гасцюхін, архітэктар Вадзім Гліннік, скульптар Аляксандр Шатэрнік і шэраг мастакоў. Уладзімір Гасцюхін, з якім я неаднойчы гутарыў, шчыра прызнаваўся: «Такой некранутай цудоўнай прыроды няма больш нідзе. Я прыязджаю сюды, каб адпачыць, набрацца новых сіл для творчасці». Сёлета мы выстаўляем на аўкцыён тры зямельныя ўчасткі. Перашапачатковая цана за кожны — 15 мільёнаў рублёў.
— Аляксандр Яўгенавіч, адметнасць Лынтупаў яшчэ і ў тым, што яны знаходзяцца ўсяго за тры кіламетры ад мяжы з Літвой. Гэта, відаць, таксама адкладвае адбітак на вашу працу, тым больш што ў мінулым вы самі — работнік мытні?
— Справа нават не ў адлегласці ад мяжы, а ў тым, што па гэты і той яе бакі ці не ў кожнай сям’і жывуць ро- дзічы. Для іх наведвання, сустрэч існуе спрошчаны пункт пропуску, выдаецца шматразовая віза за 65 еўра на цэлы год, а тым, каму за семдзесят, на тры гады. Работнікам сельвыканкама даводзіцца шмат часу затрачваць на выдачу розных дакументаў. І не столькі афармляць візы, колькі выдаваць розныя даведкі для атрымання пропуску ў пагранічную зону, асабліва аб пахаваннях на могілках. Усяго за год мы выпісваем да чатырох тысяч справак! Пункт пропуску знаходзіцца адразу за Лынтупамі і працуе па пятніцах, суботах і нядзелях і ў іншыя святочныя дні. Улічваючы, што ў Літве беспрацоўе, асабліва сярод моладзі, да нас пераязджаюць суседзі на пастаяннае месца жыхарства. Не так даўно гэта зрабілі Аляксандр і Маша Ягелы, Васіль і Рамуальд Валасевічы. А ўрэшце, і беларусы, і літоўцы па-ранейшаму сябруюць, сустракаюцца, жэняцца, і ніякія межы ім не перашкода, бо ніякую мяжу нельга правесці праз сэрца.
— І яшчэ адно пытанне. На Лынтупскім спіртзаводзе крыху больш года таму прагрымеў узрыў, прадпрыемства не аднавіла сваю работу да сённяшняга дня. А на ім жа працавалі 125 чалавек. Для Лынтупаў — лічба вялікая. Як уладкавалі людзей?
— Частку возім аўтобусам у суседні Астравецкі раён на будаўніцтва атамнай станцыі, частка задзейнічана на будоўлях у саміх Лынтупах, асобныя пайшлі працаваць у швейны цэх, які нядаўна адкрыўся. Што тычыцца далейшага лёсу спіртзавода, то замест старога цэха там неўзабаве з’явіцца новы. Такое рашэнне прынята галоўным прадпрыемствам — Віцебскім лікёра-гарэлачным заводам, у структуру якога ўваходзіць наш Лынтупскі. Ужо адкрыты конкурс на закуп абсталявання. З аднаўленнем работы спіртзавода яго магутнасці павя- лічацца ў паўтара раза.
Уваскрэсенне» графа Бішэўскага
Напачатку мінулага стагоддзя ў Лынтупах графам Юрыем Бішэўскім быў заснаваны найпрыгажэйшы ў Еўропе палаца-паркавы ансамбль. На жаль, дзве Сусветныя вайны, абыякавасць да помніка архітэктуры ў савецкі час наклалі свой адбітак. Ён разбураўся. Намаганні мясцовых улад прыдбаць гаспадара для гістарычнага аб’екта доўга не мелі вынікаў, і, здавалася б, яго чакае сумны фінал. Але тры гады таму палаца-паркавым ансамблем у Лынтупах зацікавілася сумеснае беларуска-расійскае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Глорыя-777». Яно выкупіла аб’ект, і цяпер на ім поўным ходам ідзе рэстаўрацыя.
Кіраўнік справамі сельвыканкама Вера БУБНЕЛЬ
— Наша задача — не проста аднавіць пабудовы і тэрыторыю вакол іх, а стварыць цэлы комплекс для адпачынку і турызму рэспубліканскага значэння, — паведаміў прадстаўнік СТАА «Глорыя-777» Аляксандр Марушка. — Гэта тым больш важна, што ў Пастаўскім раёне турыстычныя паслугі не вельмі развіты. Плануецца гасцініца на 26 нумароў, прычым чатыры з іх — віп-узроўню, банкетная зала на 85 чалавек, прыгодная для правядзення любога мерапрыемства, музейныя пакоі. Альтанкі, лодачныя прагулкі па вадаёмах будуць спрыяць летняму адпачынку.
Прыемна адзначыць, што рэстаўрацыя палаца-паркавага ансамбля праводзіцца адзін да аднаго, такім, як ён быў раней, для чаго наладжана плённае супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры. Занята на сёння 46 будаўнікоў з саміх Лынтупаў і Пастаў. На комплексе асвоена 800 тысяч долараў. Яго ўвод запланаваны на 2017 год.
Між тым СТАА «Глорыя-777» ужо сёлета справіла наваселлі на сваіх агратурыстычных аб’ектах у вёсках Каптаруны і Янанішкі Лынтупскага сельскага Савета. Гэта тры аграсядзібы на 12—16 чалавек кожная, дзе ёсць поўны комплекс паслуг і нават басейны з падагрэвам. Падрабязней можна пазнаёміцца на сайце usadba-hutor.by. Тэл. — 8-021-55-42-317
Дэпутат сельскага Савета, майстар швейнага цэха ААТ «Люцэлія» Ала ЖУРОМСКАЯ дае парады работніцам
Першы камплект ад «Люцэліі»
У пачатку гэтага месяца па ініцыятыве мясцовай улады ў Лынтупах адчыніўся швейны цэх па пашыве спецадзення — філіял ад ААТ «Люцэлія». Майстрам на ім стала Ала Журомская.
— Гэта работа для мяне не новая, — прызналася яна. — Працавала ў свой час у Літве на швейнай фабрыцы, была там кантралёрам гатовай прадукцыі. Потым, калі пераехала ў Лынтупы, рабіла ў калгасным швейным цэху ад віцебскай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі». Шылі рабочае адзенне. Некаторыя носяць тыя курткі і цяпер.
Гаспадар «Люцэліі» Андрэй Гурскі прыдбаў 15 новых швейных машынак для розных аперацый. Усе швеі з Лынтупаў: Раіса Чарных стаяла на біржы працы, Галіна Лукша і Людміла Гайлюн — былыя работніцы спіртзавода.
На «Люцэліі» пашыты паўтысячы першых камплектаў спецадзення для медработнікаў і дарожнікаў. У будучым, верагодна, колькасць рабочых у цэху ўзрасце ўдвая.
Скутар для дзевяностагадовай бабулі?!
Марына Васільеўна Падгайская добра помніць вайну, асабліва адзін эпізод:
— Надарылася гэта раніцай, — прыгадвае яна. — Мама пайшла даіць кароў, дзвюх мы трымалі тады, а я засталася ў хаце з маленькім брацікам Ізідорам на руках. І тут грукат у сенях, увальваецца немец з аўтаматам. Глядзіць на мяне, нешта лапоча. Я па-нямецку трохі кумекала: «Кіндэр, кіндэр», — паказваю на малога. — А дзяўчына я была ўжо ладная, ён і падумаў, што гэта — маё дзіцё. Толькі кіўнуў галавой і павярнуўся назад. А потым чую, мужчын сагналі ў царкву ў Груздаве. Такі гвалт учыніўся там.Чакалі, што спаляць. Але абышлося. Вывезлі на работы ў Германію. І мой муж будучы туды трапіў. А як вярнуўся пасля вайны — ажаніліся.Увесь час працавала даяркай на ферме. Жылі няблага. Было ў нас двое дзетак. Няма іх ужо. Засталася адна вось...
Сацработнік Ганна ШПЫНЁВА частуе фітачаем былых даярак Францішку КРУК і Марыну ПАДГАЙСКУЮ.
«Прапісалася» цяпер Марына Васільеўна ў Лынтупах, у аддзяленні для круглагадзічнага ўтрымання, ці як прасцей называюць у народзе, пансіянаце для састарэлых. Усяго тут 30 чалавек: 22 жанчыны і 8 мужчын. Сярэдні ўзрост — 84 гады. Самай старэйшай, Сабіне Януш, 91.
Загадчык аддзялення Надзея Гатоўская не можа нахваліцца сваёй установай:
— Нашым жыхарам тут куды цікавей, чым дома. Зірніце, колькі шкарпэтак навязалі, дыванкоў каляровых!.. Адна бабуля, Гераніма Кірплюк, прывезла з сабою нават швейную машынку. І культурныя праграмы ёсць: спяваем, танчым. Штодзень нашы пацыенты частуюцца чаем з розных траў: мелісы, мяты, зверабою і іншых. Пашылі для траў гэтых спецыяльна ільняныя мяшочкі. А хто мацнейшы, «спрабуе» яшчэ і пар у лазні. Асаблівая ўдзячнасць Пастаўскаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ён нядаўна набыў скутэр, з дапамогай якога нашы работнікі цяпер могуць хутка выканаць патрабаванні дарагіх пастаяльцаў.
Застава Сямёна Пустэльнікава
Калі побач мяжа, то ёсць і пагранічнікі. Іх застава, некалькі дабротных двухэтажных пабудоў, знаходзіцца на ўскраіне Лынтупаў. Названа яна ў гонар Героя Савецкага Саюза Сямёна Пустэльнікава, які здзейсніў свой подзвіг у лютым 1945 года ў Радэхоўскім раёне Львоўскай вобласці.
Каб не даць уцячы бандэраўцам, ён адзін стаў на шляху ворагаў. Бандыты хацелі ўзяць яго жывым, але Сямён траіх застрэліў, а калі скончыліся патроны, падарваў гранатай сябе і яшчэ дваіх. Падаспеўшыя байцы заставы ліквідавалі банду.
Хвіліна маўчання ля помніка Герою Савецкага Саюза Сямёну ПУСТЭЛЬНІКАВУ
Нарадзіўся Сямён Пустэльнікаў ў вёсцы Свісцёлкі, што на Віцебшчыне. На заставе ў Лынтупах устаноўлены помнік герою, і кожны нарад, выходзячы на ахову дзяржаўнай граніцы, пачынае службу хвілінай маўчання ля яго.
Пагранічнікі надзейна перакрываюць шляхі незаконнай міграцыі, рознай кантрабандзе.
А яшчэ атраду заставы даводзіцца «змагацца» з рэхам... Першай сусветнай вайны. Сто гадоў таму ў гэтых мясцінах праходзіла лінія фронту, і за адзін толькі год пры садзейнічанні сапёраў пагранічнікі ліквідавалі чатыры сотні снарадаў і гранат.
Афіцэры і салдаты заставы частыя госці ў калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, яны даюць канцэрты ў гарадскім пасёлку ў дні свят.
Вуліца Аляксея Галубкова
Усе, хто трапляе ў Лынтупы, звяртаюць увагу, што побач са стромкім беласнежным касцёлам стаіць помнік з чырвонай зоркай. Такое суседства не проста так. У магіле пад абеліскам ляжаць Героі Савецкага Саюза сяржант Аляксей Галубкоў і лейтэнант Мікалай Красільнікаў, якія загінулі пры вызваленні Лынтупаў і дзякуючы якім уцалеў храм.
Самы малады дэпутат сельскага Савета, майстар лесу Іна ПУПКЕВІЧ
Падзеі ў тыя дні разгортваліся наступным чынам. Акупанты ўмацаваліся за каменнай сцяной храма, а на яго башнях і званіцы ўстанавілі 12 кулямётаў, агонь якіх зрываў усе атакі нашых воінаў. Можна было падавіць кропкі ворага артылерыйскім агнём, але, шкадуючы архітэктурны помнік, было вырашана падаслаць салдат-добраахвотнікаў па жытнёваму полю, якое падыходзіла да самай агароджы касцёла. Групу ўзначаліў сяржант Галубкоў, які і павёў у атаку таварышаў. Смелым і нечаканым ударам яны пасеялі паніку ў стане ворага і прымусілі яго скласці зброю. На жаль, Аляксей Галубкоў загінуў у тым баі, прыкрываючы аўтаматным агнём сваіх байцоў. На радзіме, у Кастраме, у яго засталіся жонка і двое дзяцей. Званне Героя Савецкага Саюза яму было прысвоена пасмяротна. Удзячныя лынтупчане назвалі ў гонар сваіх вызваліцеляў вуліцы: імя Аляксея Галубкова і імя Мікалая Красільнікава.
Палаца-паркавы ансамбль пакуль што ў рыштаваннях
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара