На адкрыцці выставы маладзечанскай мастачкі спявалі хоры з царквы і касцёла (фота)
Ядвіга Сянько на адкрыцці выставы. Фота Алеся Высоцкага
У музеі народнай славы 4 красавіка адкрылася выстава “Святло душы” Ядвігі Сянько.Гэта ўжо 127 персанальная выстава маладзечанская мастачкі, а выставачнай дзейнасцю яна займаецца з 2003 года.
На гэты раз мядзяльчане могуць пабачыць 37 спісаў* абразоў, выкананых Ядвігай Сянько. Сярод іх і праваслаўныя, і каталіцкія. Дарэчы, творца напісала больш за 1500 абразоў і карцін на хрысціянскую тэму.
А пачала сустрэчу Ядвіга Сянько з прызнання аб мясцовых каранях – так што з поўным правам звярталася да мядзяльчан “землякі”:
– Я не нарадзілася тут, але адсюль родам мой бацька, на мядзельскай зямлі жыве мая цёця, стрыечныя браты і сёстры. Так што, я крышачку ваша.
Паведаміла мастачка, што гэта выстава пачынала экспанавацца ў Нацыянальным гістарычным музеі Мінску, праехала па гарадах Мінскай і Брэсцкай абласцей. І ўжо на ёй прадстаўлены дзесяць новых прац, напісаных у гэтым годзе.
– Лічу, што чалавек, які не зможа пайсці ў храм (розныя людзі бываюць), то хай ён пераступіць парог музея, паглядзіць на абразы. І можа гэта дапаможа яму знайсці сваю дарогу да Бога, - казала Ядвіга Сянько.
Цікавіла мядзяльчан тое, колькі часу займае напісанне абраза, як можна заказаць твор. Распытвалі, які самы дарагі для мастачкі абраз.
– Гэта пытанне мне часта задаюць. Не магу адназначна сказаць, які любімы. Любіш кожны, як працуеш над ім. Гэта, напэўна, як адносіны да дзяцей.
Спявае хор з мядзельскай царквы
На працягу імпрэзы гучалі не толькі расказы пра творцу, гісторыю абразоў, а і духоўныя спевы ў выкананні хораў з мядзельскіх царквы і касцёла. Прычым, спявалі яны не толькі паасобку, а і разам.
хор з мядзельскага касцёла
Такое адкрыццё выставы Ядвізе Сянько прыйшлося па душы: “Гэта мне як падарунак”, – дзялілася яна на развітанне.
Даведка “РГ”
*Спіс у іканапісе – копія з пэўнай ўшанаванай іконы.
Паводле Вікіпедыі.