Паэт з шахты

Источник материала:  
КАЛІ набраць у пашукавіку Інтэрнэта радкі вершаў Леаніда ЯКУБОВІЧА, асабліва прысвечаных Радзіме, на запыт «адгукнуцца» дзясяткі старонак са сцэнарыямі дзіцячых святаў і ранішнікаў з усіх куточкаў Беларусі. У настаўнікаў і выхавальнікаў гэтыя вершы запатрабаваныя: «О, Беларусь! Старонка дарагая, / Мне без цябе, як дрэву без вады... / Хоць непрыкметнай птушкай твайго гаю — / Абы з табой! Навекі, назаўжды...». «Мой кожны дзень — у роздуме глыбокім, /I кожны дзень мне дорыць адкрыццё. / Жадаю ўбачыць свой паверх высокім / У звонкім доме з назваю: Жыццё». «Пад сто дажджоў грыбных папасці / I нейкай раніцай туманнай / Прыйсці к табе і піць прычасце — / Ваду крыніц тваіх крыштальных».

МОЖНА сустрэць вершы паэта і ў школьных падручніках, і ў зборніках беларускай паэзіі. Іх мала, але яны вылучаюцца сярод іншых нейкай асаблівай мілагучнасцю і ў той жа час сталасцю думак і разважанняў. Гэта дзіўна, бо аўтару назаўсёды засталося 22 гады...

Будучы паэт нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Радкава Салігорскага раёна. Акрамя яго, у маці, Наталлі Несцераўны, было двое старэйшых дзяцей. Пра брата расказвае старэйшая сястра Леаніда Якубовіча Ніна Царык:

— Наш з братам Мішам бацька загінуў на фронце, а пасля вайны маці сустрэла бацьку Лёні, Яўгена. Але доўга яны не пражылі. Пасля той кудысьці з’ехаў ды ў нашу мясцоваць больш не вярнуўся. Жылі пасля вайны нялёгка. Маці працавала ў калгасе, рабіла любую працу: і палола, і кароў даіла. Таму, як я падрасла, сказала: «Усё, дачушка, ідзі працаваць, а хлопцы хай вучацца».

Хлопцы і сапраўды вывучыліся. Міхаіл — на інжынера, працаваў у Мінску. Лёня паступіў на факультэт журналістыкі БДУ на завочнае і паралельна з гэтым працаваў  у раённай газеце, на шахце.

— Маладзецкі быў хлопец: высокі, прыгожы, разумны, самастойны, — узгадвае Ніна Іванаўна. — А яшчэ вельмі добры сын і брат. Адкрыты, ніколі думак не хаваў, не рабіў нічога ўпотай. І не прагны, дзяліўся ўсім. Не па гадах дарослы, адказны. Ён жа намнога маладзейшы. Я замуж выйшла, Міша ў Мінск паехаў, а ён з маці жыў — мужчына, глава сям’і. Яшчэ ў школе вучыўся і адначасова працаваў на пошце, газеты ды пісьмы разносіў. Пасля школы ўладкаваўся спачатку вучнем машыніста, а пасля — машыністам вентылятара пад’ёма рудніка другога Салігорскага ка- лійнага камбіната. Потым пайшоў працаваць літсупрацоўнікам раённай газеты «Шахцёр»...

Вершы пачаў пісаць у школе. Адкуль інтарэс да лірыкі і такі талент у вясковага падлетка — невядома. З другога боку, у той час захапленне паэзіяй было паў- сюдным.

Першы верш юнага паэта «Раніца» друкуецца адразу ў рэспубліканскай газеце — маладзёжнай «Чырвонай змене» 22 верасня 1965 года, крыху пазней, 13 лістапада, — у раённым «Шахцёры» верш «Сонейка».

І адразу юнака заўважаюць. З таго часу яго творы рэгулярна з’яўляюцца на старонках такіх выданняў, як «Чырвоная змена», «Голас Радзімы», «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Мінская праўда», «Маладосць», у мясцовай прэсе. Леанід становіцца членам літаб’яднанняў, якія дзей- нічаюць пры рэдакцыях «Шахцёра» і шматтыражкі «За коммунистический труд». Выступае на літаратурных вечарынах перад землякамі, сярод якіх знаходзіць шмат прыхіль- нікаў свайго таленту.

Часта наведвае Мінск, дзе знаёміцца з журналістамі і літаратарамі, з некаторымі завязваюцца сяброўскія адносіны. Яго чакае вялікая будучыня ў беларускай літаратуры — упэўнены і калегі-літаратары, і літаратурныя крытыкі. Аднак лёс вызначыў інакш…

— Ён збіраў грошы на новую хату і нават пачаў яе будаваць. Вось нехта яму і параіў у нядобрую часіну ісці працаваць у шахту, маўляў, грошы заробіш, хуткім часам хату дабудуеш. Не паспеў, — цяжка ўздыхае Ніна Царык.

У сакавіку 1969 года Леанід Якубовіч выходзіць на працу на руднік кам- біната падземным сігна- лістам шахтавага ствала. А крыху болей чым праз год, у чэрвені 1970-га, гіне ў шахце.

Той жудасны дзень сястра памятае так, быццам гэта было ўчора:

— І дагэтуль таксама баліць і шчыміць сэрца. Да шасці гадзін раніцы пайшоў на працу. Шлях яго пралягаў побач з маёй хатай, дзе мы жылі з мужам. Я чула, як яны з суседам агародамі ішлі, гаварылі, смяяліся. У мяне думка мільганула: «Пакуль я печ вытаплю, кароў выганю, жывёле есці задам, дык у дванаццаць гадзін, калі будзе вяртацца дадому, абавязкова да мяне зойдзе». Ён заўсёды заходзіў. А калі заставаўся на працы на другую змену, забягаў папярэдзіць, каб я перадала маці, каб тая не хвалявалася. Паесці — і зноў на працу.

Але на гэты раз атрымалася інакш. Дзесьці каля дзевяці гадзін раніцы па Ніну Іванаўну прыехала машына, а па вуліцы, дзе стаяла хата маці, паляцела другая.

— Кажуць мне: «Лёня загінуў». У мяне сэрца і абарвалася, — узгадвае Ніна Іванаўна і выцірае слёзы.

Як пасля расказалі калегі Леаніда па працы ў шахце, быццам ліфтам у той момант кіравала вучаніца, а адказная за гэта жанчына адышла. Пад’ёмнік высадзіў людзей на другім гарызонце, пасля на трэцім, а далей яго трэба было накіраваць у дазатар, у самы канец, дзе Леанід павінен быў займацца адпраўкай скіпаў. Але дзяўчына забылася пра гэта, і паміж другім і трэцім гарызонтамі клець спынілася. Тросы аслаблі, з іх атрымалася пятля, якая зачапіла клець, і калі ліфт зноў крануўся, клець ірванула. Ад моцнага штуршка Леанід выпаў. Пасля казалі, што падаў ён ажно 96 метраў... Аварыя была моцная, на працягу двух месяцаў у той шахце ніхто не працаваў.

- Прывезлі нас на другі калійны. Ляжыць наш Лёня нежывы, яго ўжо з шахты паднялі. Уся галава і шыя пабіты. А гадзіннік на руцэ ішоў, не спыніўся. Планаваў пасля работы ў горад ехаць — дык і грошы з кішэні не выпалі. Мы з маці галосім, а яго закруцілі ў нейкую коўдру ды павезлі ў морг.

Бадай, толькі на пахаванні родныя зразумелі, наколькі вядомым быў іх сын і брат. Людзі не памяшчаліся ні ў хаце, ні ў двары. Прыйшлі развітацца з маладым паэтам не толькі са школы, з мясцовых рэдакцый, калегі па шахце, суседзі, прыехалі сябры, журналісты і літаратары з Мінску, іншых куткоў Беларусі. Была нават, нягледзячы на немагчымасць самастойна хадзіць, Ніна Мацяш, з якой Леанід таксама сябраваў. Яе прывёз у Радкава брат.

У чэрвені 1970 года газета «Літаратура і мастацтва» адгукнулася на гібель маладога паэта: некралогі, вершы як самога Якубовіча, так і іншых паэтаў, прысвечаныя яму. На старонках выдання тады выступілі Ніл Гілевіч, Ніна Мацяш, Юрка Голуб, іншыя беларускія літаратары.

Дзякуючы ініцыятыве журналіста Алеся Кур’яна, сябра Леаніда Якубовіча, а пасля — галоўнага рэдактара газеты «Калійшчык Салігорска», і сябрам паэта, мінскім літаратарам і журналістам, у 1979 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў яго пасмяротны зборнік «Я з вамі, вёсны» пад рэдакцыяй паэта Васіля Жуковіча.

Сястра Леаніда Якубовіча Ніна Царык і сёння жыве ў роднай вёсцы. Дванаццаць гадоў працавала даяркай у калгасе, пасля — на калійным камбінаце, зараз на пенсіі. Выгадавалі з мужам сына і дачку, траіх унукаў, дваіх праўнукаў. Па расказам бабулі, унукі добра ведаюць пра свайго маладога дзеда, знаёмыя з яго творчасцю, маюць асобнікі яго вершаванага зборніка.

Даследчык жыцця і творчасці Леаніда Якубовіча краязнаўца Уладзімір Масакоўскі нагадаў: у мінулым годзе адзначалася 65-годдзе з дня нараджэння паэта. Яго памяць ушанавала Салігорская гарадская суполка таварыства беларускай мовы. У Салігорскай раённай бібліятэцы ладзілі творчую сустрэчу з чытаннем яго вершаў. Прысутнічалі журналісты, супрацоўнікі біб- ліятэкі, краязнаўцы, вучні школ. Пабывалі на яго радзіме, у вёсцы Радкава, сустрэліся з яго сястрой, наведалі сядзібу і магілу паэта на радкаўскіх могілках.

Энтузіясты імкнуцца захаваць невялікую, але вельмі яскравую спадчыну Леаніда Якубовіча для нашчадкаў. І ім гэта ўдаецца. Нягледзячы на тое, што лёс наканаваў гэтаму талена- вітаму чалавеку зусім кароткі век, сёння, праз амаль 45 гадоў пасля трагічнай гібелі, яго вершы вывучаюць у школах, яны гучаць з радыёкропак. Іх можна прачытаць у літаратурных зборніках: «Адным — каб вецер, каб дарогі, / Каб неба шыр над галавой, / I не бяда, што шмат трывогі, / Што вечна ў сэрцы неспакой. / Любую плынь бяруць іх вёслы, — / Плывуць і не клянуць раку... / Люблю людзей з падобным лёсам, / Люблю, хто з сонцам — за руку».

Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»

Фота аўтара

←Пятнаццаць самых лепшых

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика