Традыцыйныя абрады і святы паказалі на Вілейшчыне
на сцэне – прадстаўнікі Нарачанскага СДК. Фота забяспечана раённым метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
Цягам двух тыдняў на мясцовыых сцэнах па чарзе ладзілі выступы, дзе ўдзельнікі раскрывалі традыцыйныя абрадавыя дзеі сваёй мясцовасці.
На Вілейшчыне 7 сакавіка завяршыўся раённы агляд-конкурс аматарскай мастацкай творчасці “Святы. Звычаі. Абрады… Запрашаем – будзем рады!”.
Удзельнічалі ў ім 20 клубных устаноў Вілейскага раёна.
На працягу двух тыдняў на сцэнах клубных устаноў па чарзе дэманстравалі выступленні, у якіх удзельнікі павінны былі па-мастацку раскрыць традыцыйныя абрадавыя дзеі сваёй мясцовасці, уключыць у іх адноўленыя ці бытуючыя абрады, песні каляндарнага, сямейна-родавага цыклаў, народныя танцы, карагоды, гульні, казкі, паданні ды іншае.
Пабачыць усё гэта маглі іх не толькі мясцовыя жыхары, але і метадысты раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар.
Артысты з Любані
– У кожным з прадстаўленых выступленняў было нешта цікавае. Адны адрозніваліся мясцовым каларытам і бліскучым гумарам, другія – адметнымі абрадавымі песнямі і танцамі, у іншых наладзілі гульні з гледачамі і гэтак далей, – расказала дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Таццяна Слуцкая. – У большасці на сцэну выходзіла шмат людзей: і дарослых, і дзяцей.
Ільянскі СДК
Лепшымі названы выступленні пяці ўстаноў: Людвіноўскага сельскага Дома культуры (пастаноўка “Забабоны”), Нарачанскага СДК (“А ў нас сёння хрэсьбінкі”), Любанскага цэнтра культуры і вольнага часу (“Вясковыя пасядзелкі”), Селішчанскага СДК (“Калядныя перазовы”) і Ільянскага сельскага Дома культуры. Тут паказалі спектакль “Вясковае кола жыцця”.
Яго пабудавалі на песнях і прымаўках, запісаных ад жыхароў вёскі Бязводнае – Сафіі Андрушкевіч і Міхаіла Андруковіча.