У Смаргоні будзе стаяць мемарыяльны комплекс еўрапейскага ўзроўню (ФОТА)

Источник материала:  

У цэнтры здымка скульптар Уладзімір Церабун. Злева ад яго – скульптар Анатоль Арцімовіч. Справа − Іван Арцімовіч, таксама скульптар.

Праца над мемарыяльным комплексам, які прысвечаны Першай сусветнай вайне, пачалася ў 2006 годзе. Шмат што зроблена і шмат чаго – не. Пытанне заўсёднае – грошы.

У 2006 годзе конкурс на эскізны праект і будаўніцтва мемарыяла выйграў скульптар, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Анатоль Арцімовіч.

− Я тады быў у журы, − прыгадвае Уладзімір Церабун. – А на наступны ж дзень ён мне патэлефанаваў і прапанаваў далучыцца да стварэння комплексу. Так што гэта праца стала для траіх: Анатоля Арцімовіча, яго сына Івана, таксама скульптара, і мая.


Комплекс складаецца з дзвюх частак. Адну плануюць пабудаваць да стагоддзя пачатку вайны, другую – да заканчэння.

Першая расцягнецца на 417 метраў. Гэта – цэнтральная алея.

− На ўваходзе будзе напісана, што мемарыяльны комплекс прысвечаны Першай сусветнай вайне, што тут 810 дзён ішлі жорсткія баі і што з 16 тысяч жыхароў вярнулася ўсяго 120 чалавек, − распавядае скульптар Уладзімір Церабун. − Далей ідзе мемарыяльная зона, дзе будзе размешчаная карта супрацьстаяння армій, урны з зямлёй з месцаў баёў. Далей капліца са звонам і Георгіеўскім крыжам. У наступнай частцы алеі будуць усталяваныя тры скульптурныя кампазіцыі: “Бежанцы”, “Салдаты Першай сусветнай” і “Крылаты Геній салдацкай славы”. Потым яшчэ адна зона – зварот да нашчадкаў.




Аснову другой часткі, што павінна размясціцца ў вёсцы Хадакі, складае скульптурная кампазіцыя “Будзь праклятая ты, вайна”. Салдат, уткнуўшы вінтоўку ў зямлю, крычыць у нябёсы і шле праклён вайне.

Фігура павінна размясціцца на ўмоўным брустверы, на якім будуць напісаныя назвы дзяржаў, якія бралі ўдзел у той вайне.

− Вельмі высокую адзнаку даў гэтай кампазіцыі мастацкі савет, − кажа Уладзімір Церабун. − Сказалі, што яна выключная па выразнасці і тэматыцы. Ёй мы нібыта крычым усяму свету, каб была праклятая вайна.

Сіламі горада ўжо расчысцілі месца для алеі даўжынёй 417 метраў. Скульптуры ў бронзе ўжо таксама адлілі за сродкі саюзнай дзяржавы. Яны цягам апошніх чатырох гадоў захоўваюцца ў Смаргоні. Перавозілі іх з завода на трох цягачах.


− Мемарыял паказвае, што любая вайна нясе смерць, разбурэнні і кроў. І наша задача і святы абавязак памятаць пра гэта, − тлумачыць спадар Уладзімір. – Адна са скульптур, крылаты геній, перадае меч будучым пакаленням, што сімвалізуе зварот анёла да нябёсаў, каб не было больш гэтых войнаў. Дарэчы, ёсць такая акалічнасць: фігуры вельмі формістыя. Рабілася гэта з разлікам на тое, што сонечны свет надасць больш выразнасці і дынамікі.

Пакуль праца зноў прыпынілася.

− Чакаем, калі над намі злітуюцца і дадуць грошы, − кажа скульптар. – На будаўніцтва толькі першай часткі трэба 14 мільярдаў. Гэта грандыёзны праект! Я сам хаджу і  не веру, што мы будуем сапраўды мемарыял еўрапейскага ўзроўню.

Настасся РОЎДА.

Фота забяспечана Уладзімірам ЦЕРАБУНОМ.

←Купалаўскі тэатр едзе на фестываль ў Кітай

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика