“Нязваны госць” завітае ў Вілейку
Сцэна са спектакля “На другі дзень сёмухі”.
25 лютага Мінскі абласны драматычны тэатр наведае з гастролямі сваіх добрых суседзяў, віляйчан, і дасць для іх два спектаклі на сцэне Палаца культуры.У 14 гадзін пачнецца дзіцячы спектакль “Казка пра чырвоную стужачку” аб прыгодах хлопца Івана па мянушцы Прастата, які пайшоў па свеце набірацца розуму, а знайшоў не толькі розум, але і верных казачных сяброў. Спектакль ідзе на рускай мове.
У той жа дзень а 18 гадзіне дарослыя стануць сведкамі амаль дэтэктыўнай гісторыі ў прэм’ерным спектаклі камедыйнага жанру “Нязваны госць”. Дакладней, гэта гісторыя пра нечаканую сустрэчу: з суседняга балкона ў кватэру, дзе знаходзіцца гераіня, пранікае мінімальна апрануты невядомы мужчына. Ён тлумачыць, што ратуецца ад мужа сваёй палюбоўніцы...
Ролі ў спектаклі бліскуча выконваюць вядучыя артысты Людміла Рошчына і Андрыян Барткевіч.
Прывязуць спектаклі ў Чысць
А трошкі раней, 15 лютага, артысты Мінскага абласнога драмтэатра прыедуць у пасёлак Чысць і на сцэне мясцовага Дома культуры дадуць таксама два спектаклі.
Апоўдні юным гледачам пакажуць вясёлую “Казку пра чырвоную стужачку” аб прыгодах Івана па мянушцы Прастата.
У 18 гадзін дарослыя паглядзяць незабыўную гісторыю, што адбылася з героямі народнай камедыі “На другі дзень Сёмухі”, пастаўленай паводле матываў знакамітых “Прымакоў” Янкі Купалы.
Аляксандр ПЫЦЬКО, кіраўнік літаратурнай часткі тэатра.
Фота theatre.modt.iatp.by