Школьнікі шукалі сакрэт ідыліі

Источник материала:  

Мікіта Талстой і Ірына Разнічэнка.

Прэм’ера спектакля “Ідылія: на жаль ці ах?” узорнага тэатра-студыі “ТэсТ” адбылася ў гімназіі №№10 у пятніцу, 31 студзеня.

Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Бабей сама напісала п’есу, у аснову якой ляглі раннія апавяданні Антона Чэхава, у тым ліку і “Наіўны лясун”, пра якое наогул мала хто ведае.

− Такога эксперыменту яшчэ ніколі не было: дзве розныя інтэрпрэтацыі аднаго і таго ж матэрыялу для пастаноўкі з’явіліся адна за адной, − адзначыла перад спектаклем Таццяна Бабей. − Летась мы паставілі камедыю ў двух дзеях, якая доўжылася дзве з паловай гадзіны. А сёлета прадстаўляем скарочаны спектакль з адноўленым акцёрскім складам. Цяпер гэта не проста мазаіка з асобных апавяданняў, а цэлая гісторыя… кахання.

Кажуць, што спектакль адбыўся толькі пасля 6-7 праглядаў, але і першы раз ён падаўся мне ўдалым. Усё склалася дзіўным чынам: яркая акцёрская ігра, мінімум дэкарацый, дакладныя музычныя штрыхі − гэта стварыла непаўторную паветраную “чэхаўскую” атмасферу.

Больш за ўсё ўразіла ігра выканаўцы галоўнай ролі Мікіты Талстога − яго шчырасць, уменне адчуць і правільна перадаць кожную эмоцыю, кантакт з гледачамі і калегамі па сцэне. Юнак прыйшоў у “ТэсТ” тры гады таму і зусім не меў досведу, а цяпер яго можна назваць майстрам імправізацыі.

Наталля Лашук і Уладзіслаў Мацуновіч.


Што дапамагаена сцэне

Аднак словы захаплення я б сказала ў адрас кожнага з  17 юных акцёраў. Да прыкладу, запомнілася сцэна з закаханымі гімназістамі, якіх ігралі Ян Грыб і Серафіма Жукоўская. Летась на фестывалі “Чароўны куфэрак” яны нават былі адзначаныя дыпломам як “самая рамантычная і шчырая пара”.
− Я іграю ролю закаханай гімназісткі, якая знаходзіцца ў прадчуванні першага пацалунка, − распавядае Серафіма. – Раней мне было цяжка  перадаць усе тонкасці гэтага персанажа, бо яшчэ не мела ўласнага досведу. Цяпер мне знаёмае пачуццё першага кахання, і таму ўжыцца ў ролю значна лягчэй. Безумоўна, дапамагае і падтрымка майго партнёра, бо разумець адзін аднаго на сцэне вельмі важна.

 Дзяўчынка займаецца тэатрам больш за сем гадоў і практычна ўвесь вольны час прысвячае гэтаму захапленню. Але на прэм’еры былі і тыя, хто выйшаў на сцэну ўпершыню. У ліку дэбютантаў дзесяцікласнікі Уладзіслаў Мацуновіч і Васіль Сіняк, васьмікласнік Максім Сцепановіч, які ўдала справіўся з ролямі слугі і малодшага брата.

Ян Грыб і Серафіма Жукоўская.


Перадаюць імпульсы энергіі

У красавіку юных акцёраў чакае міжнародны фестываль “Паралельныя сусветы”. Шматлікія рэпетыцыі, конкурсы і фестывалі, агульныя святы і чаяванні з’ядналі ўсіх удзельнікаў тэатра-студыі “ТэсТ” у дружны калектыў. Удзельнікі нават маюць асаблівыя традыцыі. Напрыклад, перад пачаткам спектакля яны становяцца ў круг і па чарзе паціскаюць адзін аднаму рукі, каб перадаць імпульсы сваёй энергіі, абменьваюцца ўсмешкамі і жадаюць поспехаў. А пасля выступлення збіраюцца разам за круглым сталом, каб выпіць гарбаты, падзяліцца пачуццямі і падзякаваць адзін аднаму за падтрымку.

− Мне вельмі спадабалася пастаноўка. Хаджу на кожную прэм’еру гэтай тэатральнай студыі і заўсёды застаюся ў захапленні. Усё так жыва, ярка і эмацыйна! – падзялілася ўражаннямі адна са шматлікіх глядачак навучэнка гімназіі №6 Ксенія Рагель.

І пакуль уся зала стоячы і з крыкамі “Брава!” апладзіравала юным артыстам, яны прысвячалі свае апладысменты вялікаму класіку, партрэт якога сімвалічна з’явіўся на сцяне.

Нягледзячы на тое, што апавяданні Антона Чэхава былі напісаныя больш за 100 год таму, тэмы і праблемы, якія закранае спектакль, актуальныя і цяпер − неўзаемнае каханне, няўпэўненыя крокі да першага пачуцця, жаніцьба па разліку, жаданне бацькоў выдаць дачку замуж. “Дзе ж тая ідылія? – задумалася я. −  І ці ёсць яна ўвогуле?” У жыцці – на жаль, а на сцэне – ах!

Удзельнікі тэатра-студыі ТэсТ.


Юлія СТРЫГА, школа журналістыкі “Маладзік”.

Фота забяспечана Таццянай БАБЕЙ.

←В Брестской области возрождают традицию ткачества народного костюма

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика