У«Родным куце» ўсё сваё. Нават цэны
Два тыдні таму ў Паставах адкрыты адзін з буйнейшых у вобласці супермаркетаў «Родны кут». Яго плошча — тысяча квадратных метраў, а таму мясцовыя адразу ж ахрысцілі новую гандлёвую кропку па-свойму — «тысячнік».
Аднак не памеры яго прыцягваюць сюды пакупнікоў, а ў першую чаргу — цэны. Яны на многія хадавыя тавары ніжэйшыя не толькі, чым у камерцыйных крамах, а нават і ў славутым «Еўраопце». Так, каўбаса сыравяленая каштуе тут усяго 84 тысячы рублёў за кілаграм, у той час як у іншых кропках — ад 120 тысяч і вышэй. Каўбаса «Руская, вараная» вышэйшага гатунку — 37600 рублёў. Бохан хлеба гарачага «Мурамскі» — 7350 рублёў, агуркі салёныя, бачкавыя — 11850. І гэтак далей.
Сакрэт даволі нізкіх і нязвычных на сёння цэн раскрывае загадчыца супермаркета Марына Давідзюк:
— У нас каля дваццаці тысяч найменняў тавараў. З іх — палова ўласнай вытворчасці. Толькі хлебабулачных вырабаў пад восем дзясяткаў сартоў.
У мясной секцыі — сала, каўбасы, гародніна. Ёсць таксама прадукцыя мясцовых малаказавода і рыбгаса.
Абышоўся супермаркет райспажыўсаюзу амаль у восем мільярдаў рублёў.
— Адкуль у вас такія сродкі? — пытаюся ў старшыні райпа Рыгора Леўкаўца.
— Зарабілі! — адказаў ён адным словам.
Грошы прыносіць усё, што можа. Узяць, напрыклад, тую перапрацоўку закупленых у насельніцтва гародніны і фруктаў. У Паставах сёння соляць, квасяць, сушаць, марынуюць практычна ўсё, што вырошчваецца на агародах. З яблык, якія насельніцтва раней скармлівала свінням, цяпер вырабляюць цудоўны натуральны сок, беларускую антонаўку мочаць. Усяго пераапрацоўваецца да паўтары тысячы тон сыравіны ў год. Летась у краіны Еўрасаюза паставілі больш за дзевяноста тон ягад.
Карэнным чынам мадэрнізаваны мясны цэх. Гэта дало магчымасць пашырыць асартымент прадукцыі, асабліва сыравяленых і вэнджаных вырабаў, павысіць іх якасць.
Гонарам райспажыўсаюза з’яўляецца хлебазавод. Сем сартоў яго прадукцыі заваявалі медалі, у тым ліку залатыя, на рэспубліканскіх кірмашах-выставах.
Што тычыцца магазінаў, то супермаркет «Родны кут» стаў чацвёртай буйной гандлёвай кропкай у райцэнтры. Да гэтага там былі адкрыты тры ўніверсамы.
Не пакрыўджана і вёска. Толькі ў апошнія гады з’явіліся новыя крамы ў Ляхаўшчыне, Парыжы, Навінках, Лучаі, Варапаеве. 329 вёсак, у тым ліку самых маленькіх і аддаленых, абслугоўвае дзесяць аўталавак. Тавары для сяла пастаўляюцца па больш нізкіх цэнах.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара