Погляд скрозь стагоддзе
«Беларусь в годы Первой мировой войны» — такую назву мае выданне, прэзентацыя якога адбылася ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі. Аўтар кнігі — старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Валянціна Бялявіна.
Навуковая праца адлюстроўвае не толькі падзеі на фронце, але і быт насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны. Пры гэтым выкарыстоўваецца вялікая колькасць архіўных дакументальных фотаздымкаў.
Прэзентацыя адбылася на фоне дзеючай выстаўкі «Вялікая забытая вайна», на якой прадстаўлены выданні 1914—2013 гадоў: успаміны сучаснікаў і сведкаў вайны, справаводчая дакументацыя, публікацыі ў друку, даследаванні навукоўцаў. У экспазіцыі дэманструюцца і выдадзеныя ў час вайны дакументы, у якіх падзеі асэнсоўваюцца відавочцамі з розных дзяржаў і грамадска-палітычных лагераў. Сярод старэйшых дакументаў увагу прыцягваюць брашура «Устав Белорусского Общества по оказанию помощи пострадавшим от войны» (1915), перыёдыка 1914—1918 гадоў, апавяданне выдатнага дзеяча беларускай культуры Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне» (
Экспазіцыю дапаўняюць копіі фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны, зробленыя яе ўдзельнікамі. Сярод іх — фота з франтавога альбома «Памятки войны 1914—1917 гг.» беларускага паэта, празаіка, этнографа, мастака Уладзіслава Паўлюкоўскага, які служыў у расійскім войску ў чыне прапаршчыка. Арыгіналы яго фотаздымкаў, створаных на тэрыторыі Беларусі, захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.