Тры Героі даюць падставу для лідарства
У чым прычына? Генеральны дырэктар РА «Белаграсэрвіс» Мікалай Лабушаў, як, дарэчы, і многія іншыя, прытрымліваецца думкі, што большасць бед ільнаводства ад таго, што там няма добрага гаспадара.
Узяць той жа падбор плошчаў пад лён. Мала таго, што выдзяляюцца далёка не лепшыя, дык у мінулым годзе палова з іх напачатку наогул аказаліся непрыдатнымі для гэтай культуры. Не намнога лепшая сітуацыя і сёлета. Па вываду Інстытута льну, больш за сорак працэнтаў земляў не адпавядаюць патрабаванням.
Даходзіць проста да анекдотаў. Так, Любанскаму льнозаводу далі зямлю за... восемдзесят кіламетраў ад прадпрыемства, у Салігорскім раёне. Сотні мільёнаў рублёў даводзіцца выкладваць толькі за пустыя прагоны тэхнікі. Аб якой рэнтабельнасці можа ісці размова?!
Далей. Вырошчванне льну перакладзена ў асноўным на мехатрады льнозаводаў. Кожнае прадпрыемства сее ў сярэднім па тысячы гектараў даўгунцу. Гэта, як лічаць спецыялісты, ненармальная з’ява: няма ў льнозаводаў магчымасці своечасова і якасна пасеяць лён, дагледзець яго, абмалаціць, убраць льнотрасту. Напрыклад, сяўба летась зацягнулася ажно на тры тыдні, а ўборка льнотрасты закончылася ў... лістападзе. І калі ў жніўні яе нумар быў 1,22, у верасні — 1,19, то ў лістападзе ўсяго 0,99.
Выхадам тут на першапачатковым этапе магло б стаць вырошчванне сельгаспрадпрыемствамі хаця б паловы аб’ёмаў паўночнага шоўку. Але як іх зацікавіць? Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук распрацоўваюць схему вырошчвання даўгунцу, блізкую да вырошчвання цукровых буракоў. Але ці па сілах будзе ёй зрушыць воз з месца?
Асобна паднята праблема мадэрнізацыі льнозаводаў. Яна поўнасцю апраўдвае сябе тады, калі ёсць высокі нумар льнотрасты. Так, на Шклоўскім ільнозаводзе траста нумара 1,35 дае выхад доўгага валакна да 37 працэнтаў. Амаль такія ж паказчыкі і ў Дуброўне. А вось на Пружанскім ільнозаводзе пры трасце нумарам 1,75 удзельная вага доўгага валакна перавышае палавіну яго аб’ёму.
Летась у краіне пачата мадэрнізацыя шасці льнозаводаў: Кармянскага, Карэліцкага, Ляхавіцкага, Слуцкага, Пастаўскага, Арэхаўскага. Яна праводзіцца ў першую чаргу з тым разлікам, каб пастаўляць больш ільнаводчай прадукцыі на экспарт. Шэраг прадпрыемстваў займаецца паглыбленай перапрацоўкай сыравіны: атрыманнем нетканых матэрыялаў, шпагату, вяровак, каболкі. А на «Лідлён» і Валожынскім ільнозаводзе пачалі вырабляць ільняное масла. Праўда, на апошнім лінія коштам восем мільярдаў рублёў з-за недахопу сыравіны на мяжы спынення.
Словам, пытанняў шмат. На многія з іх удзельнікі нарады змаглі атрымаць адказы, пабываўшы на Мосарскім ільнозаводзе Глыбоцкага раёна, адным са старэйшых у рэспубліцы. Аказваецца, можна пры жаданні, нават у куды больш складаных умовах, дабівацца цудоўных вынікаў.
Сабекошт тоны льновалакна ўмоўным нумарам 10 тут складае каля 20 мільёнаў рублёў. Гэта самы лепшы паказчык па вобласці і адзін з лепшых у краіне. За сем апошніх годоў выраб доўгага льнавалакна на прадпрыемстве павялічыўся ў... 5 разоў. Па ўраджайнасці даўгунцу мосарскія льнаводы занялі ў 2012 годзе першае месца, а ў мінулым — трэцяе. Канва поспеху простая: ёсць нераўнадушны да справы, ініцыятыўны дырэктар Віктар Кейзік, які на гэтай пасадзе 17 год, ёсць з’яднаны адной мэтай калектыў. А яшчэ — пастаянная падтрымка мясцовай улады ў асобе старшыні райвыканкама Алега Морхата.
Калі ў некаторых раёнах зусім няма льнозаводаў, то ў Глыбоцкім ажно два — Мосарскі і Пліскі. Апошні стратны з-за сваёй вялікай энергаёмкасці. Можна было б закрыць яго, як гэта зрабілі і робяць у іншых месцах. Аднак кіраўніцтва раёна не пайшло на гэта. Толькі ў мінулым годзе з не такога і багатага раённага бюджэту на падтрымку прадпрыемства выдаткавана 1,5 мільярда рублёў. Аказана дапамога на пасяўной, і асабліва — ва ўборцы, калі на ўздым ільнотрасты выйшлі прадстаўнікі ці не ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў.
Адсюль і вынікі. Вельмі наглядна наступнае параўнанне. Льняны гектар у раёне даваў у 2010-м 8 цэнтнераў валакна, у 2011-м — 9, 4 цэнтнера, цяпер ужо больш за 10 цэнтнераў. Раён выканаў дзяржзаказ па доўгаму валакну і заканчвае па кароткаму.
Трэба зазначыць, што лён на Глыбоччыне — культура паважаная, традыцыйная. Міхаіл Лытасаў, старшыня калгаса «Перамога», за рэкордныя ўраджаі даўгунцу стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Такое ж высокае званне атрымалі звеннявыя Міхаіл Мацюшонак гэтай жа гаспадаркі і Лідзія Плыгаўка з калгаса «Парыжская камуна». А калектыў Мосарскага льнозавода быў прызнаны пераможцам ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.
Гісторыю глыбачане свята берагуць і памнажаюць. На Мосарскім ільнозаводзе будзе створаны рэспубліканскі музей ільну, а на Пліскім — праведзена маштабная мадэрнізацыя.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
НА ЗДЫМКУ: Удзельнікі семінара на Мосарскім ільнозаводзе.
Фота аўтара