Песняй радзiме служыць
Сто пяцьдзясят канцэртаў у год. Такім не могуць пахваліцца нават самыя папулярныя беларускія выканаўцы. А вось Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь не зніжае сваю планку ўжо шмат гадоў. Яму ўжо семдзесят пяць, але калектыў па-ранейшаму запатрабаваны. «Мы працягваем лепшыя традыцыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання і крочым у нагу з часам», — у гэтым бачыць сакрэт поспеху свайго ансамбля яго начальнік — мастацкі кіраўнік, заслужаны артыст Беларусі палкоўнік Уладзімір Варапаеў. Паслухаем і тых, хто шмат гадоў працаваў у праслаўленым калектыве.
Ігар ЛУЧАНОК, народны артыст СССР:
— Беларускаму саюзу кампазітараў, які я ўзначальваю, споўнілася восемдзесят гадоў. І амаль увесь гэты час мы працуем з ансамблем. Лепшыя кампазітары — Алоўнікаў, Захлеўны, Ханок, Любан — пісалі свае творы для салістаў калектыву. Ансамбль быў арганізаваны яшчэ да вайны, за гэты час шмат што змянілася, былі розныя кіраўнікі, але ён заўсёды трымаў адну лінію — выконваў патрыятычную савецкую, цяпер яшчэ і беларускую, песню, якая заўсёды цікавая чалавеку. Мне прыемна, што ў рэпертуары калектыву ёсць і мае кампазіцыі.
Аляксандр ЯРАВОЙ, заслужаны артыст Беларусі:
— Сёння куды ні кінь — паўсюль нашы людзі. Напрыклад, народны артыст Расіі Юрый Нікалаеў нёс тэрміновую службу ў ансамблі, быў вядучым канцэртаў. У розныя гады ў нас працавалі такія вядомыя людзі, як Уладзімір Мулявін, Мікалай Варвулёў, Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў і іншыя. Я некалькі дзесяцігоддзяў быў звязаны з гэтым калектывам, з некаторымі разам выступалі. Усяго ж праз ансамбль прайшло амаль паўтары тысячы чалавек, усе яны людзі таленавітыя і годныя.
Анатоль КУЗНЯЦОЎ, заслужаны артыст Беларусі:
— Я прыйшоў у ансамбль у 1973 годзе, якраз калі ён рыхтаваўся да сваёй першай паездкі ў капіталістычную краіну. Паралельна давалі канцэрты па ўсім Саюзе. І ўвесь час у галаве грукала адно пытанне: «Як нас прыме замежная публіка?» Супакоіліся пасля першага канцэрта ў Францыі. Прыём быў цудоўны: людзі не проста апладзіравалі, але і стукалі нагамі. Мы баяліся, каб столь не абрынулася. Як толькі мы вярталіся з чарговых замежных гастроляў, хутка прыходзіў ліст з запрашэннем зноў выступіць у той краіне. Былі шчаслівыя ад таго, што маглі зацікавіць патрабавальнага слухача.
Але ўзгадваюцца не толькі радасныя па-дзеі. Былі выступленні пад адкрытым небам на снезе, былі канцэрты з рызыкай для жыцця. Я тройчы з ансамблем ездзіў у Афганістан. Памятаю канцэрт у шпіталі, калі падыходзілі параненыя салдаты і гаварылі, што нашы песні сталі для іх лепшымі лекамі. Ансамбль адным з першых паехаў у чарнобыльскую зону. Мы заўсёды спявалі для людзей, таму павінны былі падтрымліваць іх і ў складаных абставінах.
На здымку: памочнiк мiнiстра абароны па iдэалагiчнай рабоце Узброенных Сiл — начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь Аляксандр ГУРА вiншуе начальнiка ансамбля — мастацкага кiраўнiка Уладзiмiра ВАРАПАЕВА.