«Пад крыламі Дракона»
Мікалай Мятліцкі адкрыў для беларусаў творы ста самых адметных паэтаў Кітая
У творчасці Мікалая МЯТЛІЦКАГА (на здымку) перакладчыцкая дзейнасць займае значнае месца.
Яго радкамі на беларускай мове загучалі вершы паэтаў многіх краін свету — ад рускіх, украінскіх, польскіх да турэцкіх, канадскіх, індыйскіх, кубінскіх, чылійскіх... Адна з апошніх яго работ — зборнік перакладаў на беларускую мову твораў ста самых адметных паэтаў Кітая пачынаючы з IV стагоддзя да нашай эры і заканчваючы ХХ стагоддзем. Менавіта за кнігу «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая» Мікалай Мятліцкі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Р» папрасіла вядомага перакладчыка падзяліцца ўражаннямі з гэтай нагоды.
Мікалай МЯТЛІЦКІ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»:
— Прысуджэнне прэміі — гэта пэўнае прызнанне тваіх творчых заслуг і, канечне, вельмі хвалюючая падзея для кожнага аўтара, тым больш калі гэта спецыяльная прэмія Прэзідэнта краіны, якой ты творча служыш не адно дзесяцігоддзе. Мы, людзі творчыя, пашыраем духоўнае поле Айчыны. І робім гэта дзеля таго, каб наша краіна годна пачувалася ў свеце як дзяржава, дастойная сваіх вялікіх папярэднікаў, якія багата здзейснілі на нашай ніве прыгожага пісьменства. А здзейснілі нямала. Як вядома, у 2017-м мы будзем адзначаць 500-годдзе нашага беларускага кнігадрукавання. Вось такія мы багатыя!
Разам з тым радуе і тое, што ёсць народы, якія не меней за нас багатыя творча, духоўна. Калі судакрануўся з паэзіяй Кітая, убачыў, наколькі яна рэалістычная, гістарычная. Я быў проста ашаломлены цэлым іканастасам імёнаў дасюль невядомых мне кітайскіх аўтараў, якія сёння сталі ўжо зразумелымі і вельмі дарагімі.
Пісьмовая паэзія гэтай краіны існуе ўжо 24 стагоддзі! Гэта значыць, яшчэ да нашай эры людзі пісалі вершы. Яны глядзелі на тыя ж зоркі і месяц, захапляліся хараством хрызантэм і лотасаў, любаваліся прыродай, думалі пра свой дом, невялічкі агарод... А якія боль, пакуты ў радках, калі наступала скруха, колькі трывогі за заўтрашні дзень, калі заканчвалася існаванне царстваў...
Усе гэтыя чалавечыя думкі, мары, надзеі, хваляванні не страціліся дзякуючы паэтычнаму слову, дайшлі да нас з глыбіні вякоў. Яны блізкія і нам, сённяшнім насельнікам Зямлі.
Уражвае той факт, што, скажам, самы знакаміты кітайскі паэт Тао Юаньмін, які адыграў у станаўленні кітайскай літаратуры, літаратурнай мовы такую ж ролю, якую ў свой час у рускай — вялікі Пушкін, жыў яшчэ напрыканцы 4 стагоддзя! Уявіце, наколькі пазней з’явіліся ў нашай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, ва ўкраінскай — Тарас Шаўчэнка.
Калі суадносіш культуру і літаратуру Кітая, гэтую стыхію цывілізаванага жыцця, з нашым часам, яшчэ больш думаеш аб тым, як, на жаль, мала мы ведаем пра другія народы, пра іх літаратуру.
Мне хацелася, каб гэтая кніга адкрыла беларусам Кітай у яго гістарычнай рэтраспекцыі, яго духоўнай перспектыве, бо гэта сапраўды магутная паэзія магутнага народа. Мне хацелася, каб нашы суайчыннікі бы пераступілі за знакамітую Вялікую Кітайскую сцяну, далучыліся душой, сэрцам да тых здзяйсненняў і здабыткаў, якія назапасіла кітайская паэзія на працягу гэтых доўгіх стагоддзяў развіцця і станаўлення. Каб адчулі больш дабрыні ў сэрцы, больш павагі і спагады, таму што мы памнажаем свае духоўныя сілы на вопыт іншых народаў, у тым ліку і на магутны літаратурна-паэтычны вопыт Кітая.