У Мядзеле спявалі сем'ямі: перамаглі Ляшковічы
04.01.2014
—
Новости Культуры
У гарадскім Доме культуры 30 снежня ўпершыню прайшоў конкурс сем'яў, якія спяваюць. Называўся ён “Ваш выхад”.
Удзельнічалі ў конкурсе шэсць сямейных каманд з розных куткоў Мядзельшчыны. Выходзілі на сцэну з дзецьмі, хтосьці браў у каманду і далейшых сваякоў – напрыклад, братавую.
Кожная сямейная каманда выконвала дзве песні, адна з іх – на навагоднюю тэматыку.
Журы ўлічвала вакальныя дадзеныя, творчы падыход, арыгінальную падачу матэрыялу, уменне наладзіць кантакт з гледачамі.
– Уразіла тое, як адказна і сур'ёзна сем'і рыхтаваліся да конкурсу. Таму і мерапрыемства атрымалася, – кажа дырэктар Мядзельскага ГДК Ганна Казакевіч.
Перамагла ў конкурсе сям'я Ляшковічаў з вёскі Будслаў. А самай згуртаванай назвалі сям'ю Саўчыкаў з Мядзела.
Кожную каманду ўзнагародзілі падарункам. Пераможцы ж атрымалі электрасушылку.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота vk.com