Не толькі ў “хітрым” Галівудзе ўмеюць рабіць “рэмейкі” таго, што падабаецца публіцы
Дзеці цэлых 12 месяцаў чакаюць Новы года. Дайце ім адчуць свята напоўніцу! Дазвольце і сабе завітаць у казку.
Гэта добра атрымліваецца і ў майстроў сцэны Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Доказам гэтаму можа служыць дзіцячая казка-мюзікл “Цётухна Прастуда і Новы год” па п’есе Наталлі Марчук.Гэта першы спектакль такога жанру ў Мінскім абласным драматычным тэатры.
Хто стварае казку
Гэта вельмі відовішчны і па-сапраўднаму музычны навагодні спектакль паставіла ў 2005 годзе малады таленавіты рэжысёр Настасся Грыненка, а харэаграфічныя нумары паставіў вядомы балетмайстар Дзмітры Якубовіч. Вясёлую жыццясцвярджальную музыку напісала наш вядомы кампазітар Алена Атрашкевіч, якая вельмі многа і плённа працуе для дзяцей.
Да цяперашніх навагодніх святаў казка-мюзікл “Цётухна Прастуда і Новы год” адноўленая пад кіраўніцтвам майстра сцэны Алены Рахмангулавай. Дарэчы, у гэтым спектаклі Алена, кажучы спартыўнай мовай, “гуляючы трэнер”, таму што выконвае заглаўную ролю Снегавіка. З задавальненнем ёй складаюць кампанію і іншыя майстры сцэны: Ірына Камышава, Сяргей Карзей, Аляксандр Пашкевіч. Для маладых партнёраў па сцэне гэта сапраўдны майстар-клас.
Шкодная “сямейка” намагаецца не проста сапсаваць людзям пераднавагодні настрой, а зрабіць так, каб Новы год наогул ніколі не надышоў.
Станьце часткай чараўніцтва
Падымаецца тэатральная заслона, і гледачы трапляюць у чароўны свет навагодняй казкі. Тут Дзед Мароз – калядны дух – з’яўляецца з Паўночнага полюса ў казачных санях. А яго гарэзлівая, непаслухмяная ўнучка Снягурачка прыкаціць з Паўночнага полюса на каньках. Снегавік, якога дзеці самі зляпілі, прымчыць на лыжах. Гэта і ёсць баявая “каманда” Дзеда Мароза, якая будзе змагацца са шкоднай Цётухнай Прастудай, якая напускае на дзяцей розныя хваробы зімой і летам.
Але гэтага шкодніцтва ёй здаецца недастатковым, і яна вырашае пазбавіць людзей навагодніх святаў. У гэтым Цётухне дапамагаюць яе пляменнікі – назойлівыя і ліпучыя Насмарк з Кашлем, а таксама пярэварацень Ваўкалак.
Яны з дапамогай інтрыг і падману дабіраюцца да чароўнага гадзінніка і крадуць адну са стрэлак, каб гадзіннік ніколі не паказаў надыход Новага года і дзеці не атрымалі свае падарункі. Але Дзед Мароз з надзейнымі памочнікамі не дазволяць “сямейцы” Цётухны Прастуды здзейсніць шкодны намер. Мюзікл, як і належыць, напоўнены музыкай, спевамі і танцамі, а юныя гледачы непасрэдна ўдзельнічаюць у сцэнічным дзействе.
Прыходзьце сям’ёй
Першы паказ спектакля “Цётухна прастуда і чароўнае люстэрка” будзе дабрачынны. Яго ладзяць 19 снежня ў 10:30. Потым дзяцей чакае навагодні ранішнік.
Вы зацікавіліся, нашы юныя сябры? Тады бярыце з сабой бацькоў і прыходзьце ў тэатр, таму што “Цётухна Прастуда” якраз і пастаўленая да Новага года, таму найлепш зладзіць сямейны прагляд.
Сачыце за нашай афішай і прыходзьце ў госці да казкі!
Аляксандр ПЫЦЬКО, кіраўнік літаратурнай часткі тэатра.
Фота з архіва тэатра.