Максім Багдановіч — mertvets, якога нельга забыць
Кожны ўшаноўвае памяць Максіма Багдановіча па-свойму. Адны лістуюцца з чыноўнікамі, другія хочуць выкупіць музей, а трэція даюць вершам паэта голас, пашыраюць веды пра яго.
Прэзентацыя новай праграммы гурта “Нельга забыць” адбудзецца ў невыпадковы дзень. Міхаіл Бараноўскі, лідар гурта, распавёў аб даце так:
“Перад самай даўгой ноччу, калі цемра працінае наскрозь да самае сутвы, а сонца замірае на небе, разважаючы куды рухацца далей — гурт "Нельга забыць" запрашае Вас у падарожжа з чалавекам, які ведае дарогу. Чалавекам, які прайшоў свой шлях да святла. Мёртвы сярод жывых і самы жывы сярод памерлых”.
Музыкі рыхтаваліся да прэзынтацыі даўно, больш за паўгады. За гэты час было шмат усяго: і працы з літаратурнымі крыніцамі, і спрэчак, і рэпетыцый. Але займацца гэтым было вельмі натуральна:
“Я даволі моцна паглыбляюся ў тэму пэўны час не магу выходзіць з гэтага стану, працую з вялікай колькасцю інфармацыі, з тэкстамі, з артыкуламі, усё намагаюся перасэнсаваць. І калі пра ўсё думаеш, творы з’яўляюцца самі сабой, без нейкага сядзення над імі. Тэксты ўжо ёсць, і музыка на словы Багдановіча прыходзіць, вось так, быццам усё адразу”, – гаворыць Бараноўскі.
Дарэчы, знітоўваліся словы і гукі менавіта ў хатцы, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Як адзначыў Міхаіл, гэтае месца моцна паўплывала не толькі на яго, але і на астатніх удзельнікаў гурта.
“Я ў музеі Багдановіча працую даволі доўгі час, але думкі пра спалучэнне музыкі і паэзіі Багдановіча больш дакладна акрэсліліся, калі я трапіў сюды. Спробы былі і раней, але то атрымлівалася неяк штучна. Музыка да вершаў стваралася у месцы, дзе жыў Адам Ягоравіч з сям’ёй. Ад думак пра гэта аж неяк прабірае мароз па скуры. Так што беларуская хатка стала такім каталізатарам. Каб мяне не перавялі сюды на працу, то і праграма наўрад ці з’явілася б”, – адзначыў Міхаіл.
Музыкі прадставяць 8 песень +1. Бараноўскі адзначае, што ёсць твор, які “Нельга забыць” не рэпетуе наўмысна, каб захаваць як мага больш магчымасцяў для імправізацыі. Як будзе прапанавана слухачам “Пагоня” амаль цалкам залежаць ад публікі і агульнай атмасферы ў зале.
Гурт “Нельга забыць”
“Mertvets...” — менавіта так называецца новая праграма гурта на словы Максіма Багдановіча — сухотніка без будучыні, які ўсе свае сілы паклаў на тое, каб гэтая будучыня была ў яго радзімы.
Нагадаем, пачнецца праграмма “Mertvets…” 21 снежня а 19-й гадзіне ў рок-бары “Крылы”.
Марыя ГРЫЦ