Ці не прыгатаваць на вячэру нахут-шурак? (+ іншыя фота з фестывалю)
На 10-м абласным фестывалі нацыянальных культур, што прайшоў у Маладзечне 30 лістапада, Старадарожскі раён прадставіла сям’я Саміевых з Узбекістана.
Прыгажуні-жанчыны рознага ўзросту, але ў аднолькавых сукенках – яны ўсе з адной сям’і, на фестываль прыехалі, каб пачаставаць усіх традыцыйнай узбекскай кухняй, а на канцэрце здзівіць узбекскім харазмскім лязгі. Ну, як тут не распытацца пра гэта ў прадстаўніцы таленавітай ва ўсіх сэнсах сям’і Саміевых Саёры Саміевай?
− Мы прыехалі на фестываль упершыню. Я працую ў Горацкім цэнтры культуры і вольнага часу. Нас запрасілі, сказалі, што трэба прадствіць Старадарожскі раён. І вось мы тут!
− Як доўга вы ўжо жывяце ў Беларусі?
− 11 гадоў таму мы сюды прыехалі ўсёй сям’ёй. Я, мой муж, дзеці, сёстры, цёткі мае. А чаму ў Беларусь, таму што бабуля мая – беларуска. А ў Беларусі нам падабаецца значна больш. Тут народ гасцінны, ветлівы, ды і ўвогуле, у гэтай краіне ціха і спакойна.
− А калі збіраецеся за святочным сталом, стравы якой кухні гатуеце: беларускай ці узбекскай?
− У нас заўсёды збіраецца за сталом шмат людзей, нават пальцаў дзвюх рук не хопіць, каб усіх пералічыць! І збіраюцца людзі розных нацыянальнасцей, таму, каб не пакрыўдзіць нікога, гатуем ежу з розных кухняў. І узбекскія манты, і беларуская дранікі.
− Я бачу на стале страву, назву якой не чула ні разу: нахут-шурак. Што гэта за страва?
− О, гэта страва гатуецца вельмі проста. Магу навучыць.
Нахут – гэта гарох. Замочваем гарох, потым варым яго на булёне з бараніны, упрыгожваем кольцамі цыбулі – і страва гатовая. Смачна есці.
− Ва ўзбекскай кухні шмат салодкіх і вострых страў. Як атрымоўваецца берагчы фігуру?
− А хто яе беражэ? Узбекскія жанчыны габарытныя. І ніхто на гэта не звяртае ўвагі. А калі даваць параду, то рухайцеся і шмат танцуйце!
Марк Войтка спявае на грэчаскай мове.
Краяны - гэта землякі
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.