Не выбiрай заезджаных дарог... (канчатак)
Наталля КУЧМЕЛЬ
* * *
Мiж часам ластаўкi i часам кажана
Ёсць час таемны ранняга змяркання,
Калi, забачыўшы ў паветры крылы,
Не разумееш, хто перад табой;
Калi вось-вось у чорнае адно
Далёкi лес злiецца з блiзкiм садам,
І зорку першую на пабляднелым небе
Вiтае зорка ў бочцы пад трубой.
Мiж часам ластаўкi i часам кажана
Ёсць час, якi сам па сабе нагода
Перасыпаць аскепкi дзён мiнулых,
Як хвалямi абгладжанае шкло,
З далонi на далонь. І ў гэты час
Зноў агартаюць сум i насалода
З тых даўнiх дзён; i надыходзiць згода
І мiр з сабой — i з тым, што адышло.
-------------------------------------
Ірына КАРЭЛІНА
Віно з успамінаў
У кішэні — сухое лісцё.
Пахне мятай і чорнай рабінай.
Ты чытаеш «Віно з дзьмухаўцоў»,
а ці ёсць віно з успамінаў?
Адшукаць бы ягоны рэцэпт,
каб не страціць ні гуку, ні паху...
Чуеш, ветра нязмушаны шэпт
і бусліны клёкат над дахам?
На далонь тваю капае сок
З пераспелай, надтрэснутай слівы...
Мне б віна таго — толькі глыток,
Каб узімку вярнуцца ў жнівень.
Не надыхацца зорным святлом,
кожны вечар як быццам бы першы.
Калі з памяці робяць віно,
то яго называюць — вершы.
* * *
Ледзь гучнае «прабач»
сарвецца з бляклых вуснаў.
Успуджаны крумкач
пракрумкае «вярнуся».
Заззяюць кроплі слёз
каралямі на шыі.
Я твой парваны лёс
за ноч нанова сшыю,
спляту верацяном
карункавую веру.
Напоўніцца святлом
спусцелая кватэра...
Застыне, як партрэт,
твой твар ля падгалоўя,
і згорнецца Сусвет
клубочкам
у далоні.
-------------------------------------
Сяргей МАЦІН
Развітальнае
Я сыду па-англійску: няветліва, незаўважна,
Назнарок пакідаючы ўсё, што калісьці займеў,
Без увагі. Імгненна. Дазвання. Хіба толькі спеў
У паветры зазначыць: «Ты маеш надзеі? Няважна!»
Я сыду назаўсёды, як двойчы рабіў у жыцці,
Толькі гэты мой выклік каханню — папраўдзе апошні.
Не зачэпіць больш сэрца яно. Сноп не зрушыцца з пожні.
Са згарэлага рысу ніколі не зварыш куцці.
Я сыду ў накірунку такім жа, нібыта нябёсы
Над краінаю нашай у цёплы і сонечны дзень.
Выбачай, калі ласка. Ты маеш цяпер толькі цень.
Пашкадуй і схавай у шуфляду — да іншых дзівосаў.
-------------------------------------
Тацяна ПРАТАСЕВIЧ
* * *
Вечаровыя колеры з’явяцца свету
Каляровымi лямпамi i лiхтарамi.
Ля пад’езда «Люблю цябе» крэслена крэйдай,
І задумлiва вецер гуляе дварамi.
Мiж дамоў толькi свiшча цi ў арках завые,
Нiбы воўча на поўню ў чаканнi чагось...
Хмара дождж на асфальт, не шкадуючы, вылье,
Усё адно: ля пад’езда «Люблю цябе» ёсць!
-------------------------------------
Зося ИВАНЮТИНА
ОСЕНЬ
Дождем ворвешься, постучишь в окно,
а на пороге скажешь виновато:
«Да, это я. Платок мой расписной
набрось. Меня боялась ты когда-то...»
И как песчинки падают на дно,
так годы — в неизбежности заката,
и осень умирает пред весной
достойно — золотым огнем объята.
Но ты уловишь — знаю — и поймешь
и тайное глубокое дыханье,
и увядающего тела дрожь.
Ты плод сорвешь, созревший плод желанья,
и навсегда с собою унесешь
моих очей весеннее сиянье.
-------------------------------------
Вiка ТРЭНАС
* * *
Мы хапаем ратамi паветра, быццам рыбы, на бераг выкiнутыя.
Толькi справа ўся ў тым, што не морам, а самi сабой мы адрынутыя.
Толькi гора ўсё ў тым, што сумневаў, быццам камення — горы.
Мы заплюшчваем вочы i прадаем свой гонар.
І адзiнае, чаго мы не здамо без бою,
Чаго вораг не возьме цаной любою, —
Нашай любовi.
Неперажытае
Асядзе на дне душы ўсё неперажытае i перажытае,
Каб некалi абудзiцца — бо памяць не скрасцi,
Падкiне яна табе тыя сюжэты i вiражы тыя,
Ў якiх не прапаў ты, хоць мусiў прапасцi.
Не скрасцi любовi, i сумлення не выгандляваць,
Статысячным тыражом не стварыць прыгажосцi.
Статыстыка, у якой няма каго вiнавацiць,
Калi застаешся кiм ёсць.
Дакладна адно: каму ў вочы нi зазiрнеш,
Пабачыш асадак на дне.
-------------------------------------
Iгар КЛЕПIКАЎ
Забаранi сабе пiсаць пра...
Забаранi сабе пiсаць пра дождж —
i так зашмат вады ўжо на паперы.
Каб хоць сабе ты мог яшчэ паверыць —
Забаранi сабе пiсаць пра дождж.
Забаранi сабе пiсаць пра снег,
Якi i так, без напамiнаў, прыйдзе
i да вясны не раз яшчэ абрыдзе...
Забаранi сабе пiсаць пра снег...
Дапоўнi сам бясконцы каталог
Банальных тэм, дашчэнту зацяганых,
Са знiжкаю, што выстаўлены ў крамах...
Не выбiрай сцяжынак затаптаных,
Не выбiрай заезджаных дарог...