Невядомы Караткевіч выйдзе ў 25 тамах
Апошнюю імпрэзу фестываля "Лятучы стол Караткевіча" зладзілі акурат на 83-ці дзень народзінаў класіка. З такой нагоды выдавецтва "Мастацкая літаратура" прэзентавала чатыры тамы ягонага поўнага збору твораў. Агулам плануецца 25 тамоў.
Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура":
"Мы гатовыя выпускаць пяць тамоў на год, гэта можна было б за пяць гадоў увесь збор твораў выпусціць. Ну як атрымаецца - так атрымаецца, спадзяемся, не зацягнецца, бо чытачы чакаюць. Ёсць чаго чакаць, бо гэты збор твораў вельмі адрозніваецца ад таго, што было, ад таго Караткевіча, якога мы ведаем. Будзе рэдакцыя тая, якую Караткевіч сам падаваў у выдавецтвы".
На заключнай імпрэзе фестываля Караткевіча сабраліся вядомыя беларускія пісьменнікі, даследчыкі ды шанавальнікі таленту творцы, а таксама ягоныя нашчадкі.
Алена Сінькевіч, пляменніца Уладзіміра Караткевіча:
"Усё, што ад мяне залежыць, - я дапамагаю, каб гэтае выданне атрымалася добрае. Аддаю фотаздымкі, усё, што дома ёсць, - калі ласка, карыстаюцца. Ёсць кнігі ў бібліятэцы Уладзіміра Караткевіча, у якіх ягоныя паметкі ёсць. Ён выпраўляў тое, што было надрукавана няправільна. І буду дапамагаць далей".
Першы фестываль "Лятучы стол Караткевіча" праходзіў цягам усяго лістапада ў Мінску. Усе імпрэзы суправаджаліся аншлагамі. А гэта значыць, што фэст можа стаць традыцыйным.
Чытайце таксама:
Падчас "Дзiкай маляванкi" прадставілі комікс па матывах "Дзікага палявання караля Стаха" Караткевіча >>>