"Забаўлянкі для Янкі": у Віцебску правялі майстар-клас па нашэнні слінга
У культурна-гістарычным комплексе "Залатое кальцо Віцебска "Дзвіна" адбылася першая сустрэча ўдзельнікаў праекту "Забаўлянкі для Янкі". Для пачатку ўдзельнікі студэнцкага этнаграфічнага таварыства "Поўнач" абралі пытанне, што хвалюе шмат каго з маладых бацькоў: якім чынам зручна і бяспечна пераносіць дзіця на значныя адлегласці.
Аляксандра Аліева-Трухавец распавяла пра старажытныя і сучасныя сродкі транспарціроўкі немаўлят і правяла майстар-клас па нашэнні слінга. Зацікаўленыя мамы мелі магчымасць пад кіраўніцтвам вопытнага кансультанта выпрабаваць разнастайныя варыянты завязвання слінгаў. Праўда, чаканага конкурсу арганізатарам наладзіць не ўдалося: большасць прысутных дзетак ужо нядрэнна трымаліся на нагах і вісець на мамах не дужа хацелі.
Ганна Архіпенка, каардынатар праекту, пазнаёміла бацькоў з канцэпцыяй і запланаванымі мерапрыемствамі "Забаўлянак для Янкі", што ладзяцца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма Беларусамі!". Сустрэчу аздобіў выступ этнаграфічнага гурта "Паўночная Сухадроўка".
Тэмаю наступнага семінару з майстар-класам арганізатары плануюць абраць беларускую выцінанку.