Кіно з Вілейкі адчыніць конкурсную праграму “Лістападзіка”
![](http://www.21.by/pub/news/2013/10/1381847284330328.jpg)
Трэці поўнаметражны фільм рэжысёра Алены Туравай “Кіндэрвілейскі прывід” па матывах навелы Оскара Уайльда адкрые конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, які пройдзе 2-5 лістапада ў рамках 20-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.
“Кіндэрвілейскі прывід” (вытворчасць кінастудыі “Беларусьфільм”) − фільм, які спалучае ў сабе розныя жанры: гатычную камедыю, фэнтэзі, сямейнае кіно і нават меладраму.
Карціна разлічаная на сямейны прагляд, і для беларускага гледача яе паказ стане прэм’ерным.У фільме задзейнічаныя вядомыя беларускія акцёры: Вячаслаў Паўлюць, Раман Падаляка, Алеся Самахавец, Валянцін Глушко і іншыя. Музыку для “Кіндервілейскага прывіду” напісаў знакаміты беларускі кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, які некалькі гадоў таму ўжо працаваў над музыкай да мультфільма па творы Оскара Уайльда “Кентэрвільскі прывід”.
Сюжэт карціны такі: сям’і энергічнага прадзюсара Косціка дастаецца ў спадчыну старадаўні асабняк у Вілейскім раёне, з якім звязаная нейкая змрочная радавая таямніца. Косцік вырашае стварыць на яго тэрыторыі гарадок атракцыёнаў − “Кіндэрвіль”. Сямейства пераязджае ў дом і неўзабаве сутыкаецца ў ім з ... сапраўдным прывідам.
− Гэта добрая гісторыя пра барацьбу новага пакалення з памылкамі мінулага, аб непахіснасці сямейных каштоўнасцяў і адказнасці за лёсы блізкіх нам людзей, − распавядае рэжысёр Алена Турава. − У фільме шмат гумару, музыкі, каскадзёрскіх трукаў, камп’ютарнай анімацыі і яркіх спецэфектаў.
Паводле listapad.com