«Дзесьці ў ёй таіўся мой талент...»
У Доме-музеі Марка Шагала з’явілася лялечная копія маці мастака
Усіх гасцей у Доме-музеі Марка Шагала цяпер сустракае лялечная гаспадыня. Правобразам для гэтага персанажа паслужыла Фейга-Іта Шагал, маці знакамітага мастака, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая.
Сваіх пакупнікоў Фейга-Іта, якая гандлявала селядцом, звычайна сустракала ў краме на ўваходзе. Яе лялечная копія таксама размясцілася на ўваходзе ў музей. Рост цацкі, зробленай вядомым майстрам лялек Валерыяй Гайшун (Мінск), каля
Выразнасць вобразу надаюць упрыгажэнні — кольцы, завушніцы, гадзіннік.
— Валерыя Гайшун зрабіла ляльку, абапіраючыся на існуючыя дакументальныя фатаграфіі. Адзінае адступленне — гэта замест прамых кучаравыя валасы. Але майстар у працэсе творчасці бачыла і ўяўляла яе менавіта такой, — сказала Людміла Хмяльніцкая.
Цацка, якая стала каштоўным экспанатам і захавальніцай музея, з’яўляецца падарункам, зробленым Валерыяй Гайшун пад уражаннем ад наведвання Дома-музея і Арт-цэнтра Марка Шагала.
Аб ролі маці для Марка Шагала лепш за ўсё можна меркаваць па радках яго аўтабіяграфіі «Маё жыццё», напісанай мастаком ва ўзросце 35 гадоў у час працы ў Яўрэйскім тэатры ў Маскве. «Я хачу сказаць, што дзесьці ў ёй таіўся мой талент і што я ўсё атрымаў у спадчыну ад яе, акрамя яе розуму» , — піша пра сваю маці Марк Шагал, адзначаючы таксама яе велікадушнасць і шчодрасць душы.
Магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з творчасцю Валерыі Гайшун, лялькі якой знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Францыі і Ізраілі, у жыхароў і гасцей Віцебска яшчэ будзе: у 2014 годзе ў Доме-музеі Марка Шагала плануецца правесці яе персанальную выставу.