Дызайнер Таццяна Уладыка: “Мае сукенкі мне вялікія!”

27 жніўня ў выставачнай зале імя Сілівановіча прайшоў модны паказ адзення маладога дызайнера Таццяны Уладыка, пазаштатнага аўтара “РГ”.
– Таццяна, скажыце, адкуль прыйшла ідэя арганізаваць модны паказ у Вілейцы?
– Так атрымалася, што ў ліпені я трапіла на выставу мастака Максіма Мандрыка. На ёй прысутнічаў і мой выкладчык мастак Эдуард Мацюшонак, які і прапанаваў мне зрабіць уласную выставу.
– Адкуль у калекцыі такая незвычайная назва: "Silk jazz melody"?
– Я даўно захопленая 20-30 гадамі 20 стагоддзя. Гэта была эпоха раскошы, джаза і …геаметрычных форм у адзенні. Так што сваё натхненне я ўзяла менавіта з гэтай эпохі. Адсюль і назва.
– У Вілейцы вашу калекцыю можна было толькі паглядзець? Набыць рэчы з яе нерэальна?
– Не, гэта мая першая калекцыя, і каштоўная гэтым. Хай застанецца мне на памяць.
– Ці былі прапановы набыць калекцыю?
– Была, і не адна.
Яшчэ ў Мінску, калі я ўдзельнічала ў MSK Fashion Week, крамы прапаноўвалі мне аддаць ім калекцыю на рэалізацыю. І тут, дома, таксама модніцы хацелі набыць некалькі маіх сукенак.
– А ці ёсць магчымасць модніцам другіх гарадоў нашага рэгіёна ўбачыць гэты цуд?
– Калі запросяць, чаму не? Я гатовая ехаць куды заўгодна.
– Таццяна, а чаму вы самі не выходзілі на подыум у сваім адзенні?
– Шчыра кажучы, я нават не думала пра гэта. У мяне былі цудоўныя дзяўчаты – мадэлі з вілейскага гуртка харэаграфіі. Працаваць з імі было адно задавальненне, за што ім і іх кіраўніку Ірыне Сідарэвіч − вялікі дзякуй! Ёсць яшчэ адна прычына: мае сукенкі мне проста вялікія па памеры.
– А для каго больш цікава шыць: для жанчын, мужчын ці дзяцей?
– Ну пакуль у маёй калекцыі толькі жаночыя ўборы, таму мне няма з чым параўноўваць.
А адзіны шчаслівы ўладальнік мужчынскага адзення ад Таццяны Уладыка – гэта мой бацька.
– Вам пасля паказу нагаварылі шмат кампіментаў, а што вы самі можаце сказаць пра сваю працу?
– Яшчэ ўчора я сама слаба ўяўляла, што гэта за прафесія такая – мадэльер. Выпуск маёй першай калекцыі і яе паказы дапамаглі мне з галавой акунуцца ва ўсё гэта. Наогул, я вельмі люблю тое, што я раблю. Калі ты глядзіш на подыум і разумееш, што там ідуць ТВАЕ мадэлі, ты адчуваеш задавальненне, непараўнальнае ні з чым. Гэта як наркотык, і пасля першай калекцыі я зразумела, што ўжо не спынюся!
Наталля ТУР.
Фота забяспечана Таццянай УЛАДЫКАЙ.