Фестываль застаецца без журы
Лепшы спектакль і лепшых акцёраў «Белай вежы-2013» выберуць крытыкі, журналісты і гледачы
За тыдзень да пачатку XVIII міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа» арганізатары падзяліліся навінамі аб тым, што пабачаць аматары тэатра сёлета і якім чынам будуць выбраны пераможцы конкурсу.
— Сёлета «Белая вежа» адбудзецца ўжо ў 18-ы раз і прадставіць у праграме ўвесь спектр тэатральнага мастацтва — ад дзіцячых спектакляў да вулічных пастановак, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузоў. — Агульная колькасць заявак, пададзеных у аргкамітэт, складае каля 210. Але права выступіць у Брэсце дадзена толькі 23 калектывам з 22 краін. У верасні брэстаўчане пабачаць 24 спектаклі з Японіі, Егіпта, Ізраіля і Азербайджана. Чакаем таксама еўрапейскіх гасцей са Швецыі і Чэхіі. Акрамя таго, выступяць на «Белай вежы» і краіны-суседкі: Літва, Расія, Польшча і Украіна.
Дарэчы, польскія пастаноўкі сёлета было вырашана вылучыць у асобны блок — разам з міжнароднай праграмай і найлепшымі спектаклямі беларускіх тэатраў.
Паглядзець выступленні калектываў можна будзе адразу на пяці пляцоўках. Гэта вялікая і малая залы Брэсцкага тэатра драмы, сцэна грамадска-культурнага цэнтра, паркавая эстрада і плошча Леніна.
Некаторыя з прыхільнікаў «Белай вежы» кажуць, што настолькі маштабных новаўвядзенняў фестываль яшчэ не зведваў. Паводле слоў генеральнага дырэктара і мастацкага кіраўніка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандра Козака, галоўныя змены закрануць сістэму выбару лепшых выступоўцаў.
— Сёлета аргкамітэт «Белай вежы» вырашыў падысці да падвядзення вынікаў па-новаму. Інстытут журы будзе скасаваны, а на яго месца прыйдуць некалькі, скажам так, камісій. Іх будзе чатыры — столькі ж, колькі і намінацый. Змешаная камісія з крытыкаў, журналістаў і арганізатараў вызначыць лепшы спектакль. Асобная каманда крытыкаў прысудзіць тытулы «Лепшая мужчынская роля» і «Лепшая жаночая роля». Гледачы сваімі галасамі прызначаць «Прыз глядацкіх сімпатый». А вось камісіі прадстаўнікоў СМІ яшчэ трэба вызначыцца з назвай будучай намінацыі, — расказаў Аляксандр Аляксандравіч.
Ідэя адмовіцца ад інстытута журы, як патлумачыў гендырэктар тэатра, прыйшла з прызнаннем яго самімі экспертамі вельмі спрэчным. Ды і большасць фестываляў у свеце праводзіцца ўжо без журы.
— Такім чынам, мы спадзяёмся, што «Белая вежа» стане больш дэмакратычнай і яскравай, — падсумаваў Аляксандр Козак. — Не ў апошнюю чаргу і за кошт дадатковых мерапрыемстваў. З самага пачатку фестываль задумваўся не толькі як пляцоўка для спектакляў. Таму сёлета ў яго рамках адбудуцца таксама майстар-класы, абмеркаванні пастановак з крытыкамі і чытанне польскай п’есы.
Тым часам у касах тэатра амаль што не засталося квіткоў на найбольш чаканыя спектаклі. Як прызнаўся сам Аляксандр Козак, ён вельмі не любіць вылучаць тую ці іншую пастаноўку і агучваць імёны лідараў. Але факты гавораць самі за сябе: білеты на маскоўскія і польскія пастаноўкі ўжо раскуплены.
— Яшчэ можна набыць квіткі на прадстаўленні не такіх вядомых калектываў, — адзначыў мастацкі кіраўнік Брэсцкага тэатра. — Але не таму, што яны нецікавыя. Так сталася, што на спектаклі на незразумелых мовах, нягледзячы на сінхронны пераклад, глядач ідзе не так ахвотна.