«Адабрана пяць новых праектаў, адноўлена 41 перадача»
— Антон Барысавіч, у эфіры найбуйнейшага радыёканала Беларусі гучыць больш за 70 праграм рознай тэматыкі і жанраў. Заўсёды праводзяцца прамыя радыётрансляцыі самых важных падзей у жыцці краіны. Якія праекты ўсё ж найбольш папулярныя?
— Гэта традыцыйна «Радыёфакт», «Актуальны мікрафон» (сумесны са спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24», гібрыдны праект). Выклікае цікавасць слухачоў «Такі дзень» — сацыяльна-палітычная дыскусійная праграма, «Радыё.by» — радыёверсія анлайн канферэнцый на сайце www.radio1.tvr.by. Заўсёды топавыя пазіцыі трымаюць «Сямейнае радыё», «Вітаем, віншуем, жадаем!», «Раніца з Беларускім радыё».
Нельга не заўважыць, што наш канал мае самую шырокую ў краіне трансляцыйную сетку, якая забяспечвае поўны ахоп тэрыторыі рэспублікі і памежныя раёны з Расіяй, Украінай і краінамі Еўрасаюза. Дарэчы, наш канал рэгулярна арганізуе міждзяржаўныя радыёмасты, развівае супрацоўніцтва з радыёкампаніямі як з краінамі-ўдзельніцамі Еўрапейскага, так і Азіяцкага вяшчальных саюзаў.
— Адметнасць Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё не толькі ў высокай якасці кантэнту, але і ў пэўных тэхнічных характарыстыках вяшчання…
Гэта, спараўды, так. Наш канал — адзіны ў Беларусі, які трансліруецца ў лічбавым стандарце DVB-T. Кругласутачна вядуцца эфірнае FM- і анлайн вяшчанне. Гэта было асноўнай маркетынгавай мэтай новага сезону і зроблена, першым чынам, каб палепшыць пазіцыі канала ў FM-эфіры краіны. Галоўнае, што мы хочам, — быць цікавымі для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя пытанні, прыемна і з карысцю адпачываць. Усё гэта адлюстроўваецца ў дэвізе самага папулярнага радыё Беларусі «Будзем разам!». Грунтуючыся на сацыялагічных доследах, мы аднавілі праграмны пакунак, унеслі змены ў сетку вяшчання.
— Цікава, і колькі там навінак?
— На новы сезон адабрана пяць новых праектаў, адноўлена 41 перадача. У сетцы вяшчання размешчаны 75 праграм уласнай вытворчасці.
Сярод новых праектаў — штотыднёвая аналітычная перадача на гістарычную тэматыку з удзелам спецыялістаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці «Гістарычны ракурс». З’явіцца на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё «Арт-салон». Гэта будзе дыскусійная перадача аб актуальных праблемах беларускай культуры і мастацтва. Выходзіць у эфір яна будзе раз на тыдзень. «Этнафорум» распавядзе слухачам пра сучасныя формы беларускіх музычных традыцый. У «Імправізацыі» (будзе выходзіць штотыднёва) слухачы пачуюць «жывое», ці канцэртнае, выкананне музычных твораў беларускімі калектывамі ў вялікай студыі Дома радыё. Мы запускаем і штодзённую інтэрактыўную перадачу «Бонус». Яна арыентавана на FM-аўдыторыю, аўтааматараў і слухачоў мабільнага радыё.
Шэраг праграм, якія мелі шырокую і стабільную аўдыторыю слухачоў у папярэднім сезоне, захоўваюцца і ўдасканальваюцца. Гэта праекты «Беларускі шлях», «Навіны планеты», «Пастфактум», «Радыёслужба бяспекі», «Галерэя», «Кінаклуб», іншыя. У іх зменены хронаметраж і месца ў сетцы вяшчання, адноўлены склад творчых гуртоў.
Сумесна са спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24» мы працягнем рэалізацыю грамадска-палітычнага праекта «Актуальны мікрафон». У новым сезоне перапраграміравана эфірная гадзіна з пяці да шасці раніцы. У дадзеным прамежку размесціцца інфармацыйны выпуск і тэматычныя рубрыкі.
— Антон Барысавіч, адным з накірункаў у радыйным кантэнце вашага канала заўсёды была культурная тэматыка. Яна захаваецца і ў новым сезоне?
— Так. Мы ўвялі ў эфірную сетку (з 21.00 па 22.00. — Аўт.) дадатковыя выпускі праграмы «Тэатр Беларускага радыё». Гэта дазволіць шырэй выкарыстоўваць фондавыя матэрыялы, а таксама арганізоўваць тэматычныя акцыі. Апошнія, у сваю чаргу, будуць прысвечаны творчасці выдатных беларускіх пісьменнікаў, драматургаў, артыстаў, рэжысёраў і кампазітараў. У калейдаскопе «зорных» імёнаў — народныя артысты СССР Уладзімір Уладамірскі і Барыс Платонаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук і Раіса Кашэльнікава, народны паэт Аркадзь Куляшоў і народны пісьменнік Васіль Быкаў…
— Ці аднаўляецца фармат музычнага вяшчання?
— Правільна будзе сказаць, яно ўдасканальваецца. У новым созоне плануецца поўнасцю перайсці на фармат музычнага праграміравання Oldie based Soft AC. Музычная палітыка канала, як і заўжды, будзе заснавана на папулярызацыі творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў. Разам з тым у канцэртных праграмах пад рубрыкай «Музыка на ўсе поры» будуць гучаць савецкія і замежныя рэтра-кампазіцыі.
— Што асаблівага падрыхтаваў ваш канал для слухача беларускай вёскі?
— Як і раней, кожны дзень у эфір будзе выходзіць «Сельская раніца», аздобленая каларытнымі радыёпартрэтамі вяскоўцаў. Хутка на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі» ў Жлобіне будуць ушаноўваць герояў жніва. І пра іх мы раскажам таксама падрабязна. Цэнтральнае месца ў інфармацыйных і аналітычных праграмах зойме тэма рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі да 2015 года. Яна будзе асвятляцца ў спецыяльных выпусках праекта «Актуальны мікрафон» і ў інфармацыйных праграмах «Радыёфакт», «Пастфактум». Беларускія народныя музычныя інструменты будуць гучаць у перадачы пад назвай «Іграй, душа!». Упэўнены, многім вяскоўцам палюбіліся не толькі гэтыя, але і іншыя праекты.
Гутарыла Таццяна УСКОВА, «БН»
Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «БН»