Галубіцкая эліта
Разам з дырэктарам філіяла Ігарам Вайцяховічам едзем на самую мяжу гаспадаркі. Даўно скончыліся асфальт, гравійка. А неўзабаве дырэктарская машына і наогул звярнула з ледзь прыкметнай дарогі і «нырнула» ў кусты. Малюнак, што адкрыўся за імі, прасіўся пэндзля мастака. На паляне, усеянай палявымі кветкамі, выпасваўся статак жывёлы рэдкай пароды і прыгажосці. Цёмна-чырвонай масці, з белымі ўзорамі на галовах і магутнымі тулавамі — яны нечым нагадвалі зуброў.
— Нашы герэфорды, — з гонарам у голасе вымавіў Вайцяховіч і пасля паўзы прадоўжыў: — Мясная парода жывёлы. Носіць назву ад графства Герэфорд у Англіі, дзе і была выве- дзена. Менавіта яны даюць так званае мармуровае мяса, якое не толькі выдзяляецца адметным смакам, пяшчотнае і сакавітае, але ў дадатак вельмі карыснае для здароўя: перашкаджае ўтварэнню халестэрыну, выводзіць з арганізма шкодныя рэчывы. Завезлі мы іх з Венгрыі, 26 галоў. І вось ужо маем аднаго матачнага пагалоўя дзве сотні, а ўсяго, з цялятамі, быкамі, — 400 галоў. Выпасваюцца на няўдобіцах, балоцістых мясцінах, там, куды не даходзіць тэхніка і дзе цяжка касіць. Набіраюць вагу па кілаграму і больш у суткі. За год бычок вырастае да паўтоны.
Утрымліваюцца герэфорды на полі да позняй восені, бо добра акліматызуюцца і не баяцца холаду. На зіму для іх гаспадарка рэканструявала закінутыя фермы ў Амбросавічах і Каралевічах. Тых жывёлін, якім пара на адкорм, ставяць на комплексе «Галубічы». Іх цяпер там шэсцьдзесят. Забіраюць на камбінат па меры заказаў. А яшчэ рэалізуюць гаспадаркам вобласці на развод па даволі выгаднай цане. Такім чынам, «Галубічы» становяцца цэнтрам племянной работы з герэфордамі ў заходніх раёнах вобласці.
Сам комплекс — сучасны жывёлагадоўчы гарадок на тры тысячы галоў, з дзясяткам цэхаў, дзе строга па тэхналогіі арганізаваны поўны цыкл утрымання жывёлы. І зусім не верыцца, што яшчэ дзевяць год таму, калі «ляжачую» гаспадарку далучылі да мясакамбіната, аб’ект быў паўразбураны і на ім утрымлівалася ўсяго каля тысячы галоў жывёлы.
Цяпер на комплексе поўнасцю абноўлена абсталяванне, механізаваны ручныя працэсы, зроблены аб’ёмныя траншэі для сенажу і сіласу, павець для сена. Пры ўваходзе — цудоўны двухпавярховы Дом жывёлавода з усімі выгодамі для работнікаў: раздзявалкі, асобныя шкафчыкі для вопраткі, душ, туалеты, пральная машына-аўтамат, пакой для адпачынку.
Між іншым, падобнае ёсць цяпер на ўсіх рэканструяваных жывёлагадоўчых аб’ектах, не гаворачы ўжо аб новай малочна-таварнай ферме таксама ў Галубічах, на якой утрымліваецца 570 дойных кароў. Тут у пакоі адпачынку аператары могуць не толькі на ЗВЧ-печцы падагрэць абед, папіць гарачай кавы, але і пачытаць падшыўку «Белорусской нивы».
Жывёлаводы філіяла «Галубічы» з’яўляюцца лідарамі ў раёне як па мясу, так і малаку. Гэтаму, вядома, паспрыялі рэканструкцыя старых і будоўля новых аб’ектаў, селекцыйная работа, павышаная ўвага да чалавека працы, дастойная зарплата. А яшчэ, мо самае галоўнае, — багатая кармавая база.
Вось і сёлета паспелі нарыхтаваць амаль дванаццаць тысяч тон сенажу, што складае 11,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву.
На першым плане — якасць кармоў. Для гэтага прымяняюцца самыя перадавыя тэхналогіі. Так, сёлета набыты спецыяльны нямецкі прэс-падборшчык-абмотчык для закатвання сенажу ў плёначныя рулоны.
— Маладыя травы ў стадыі бутанізацыі скручваюцца ў рулон і герметычна закрываюцца плёнкай, — тлумачыць Ігар Вайцяховіч. — Захоўваюцца ўсе спажыўныя рэчывы. Корм атрымліваецца цудоўны. Ён паспрыяе прыросту сярэднясутачных прываг і малака. Такім спосабам нарыхтавалі ўжо тры тысячы тон адборнага сенажу.
Гаспадарка мае 2200 гектараў зерневых і поўнасцю забяспечвае сябе камбікормам.
У гэтыя дні на палях філіяла гарачая пара жніва. Стараюцца ўсе. Але хацелася б паведаць чытачу пра адну вельмі цікавую хлебаробскую дынастыю — Стрыёнкаў. Роўна сорак год адпрацаваў камбайнерам Мікалай Васільевіч Стрыёнак, кавалер трох ордэнаў, у тым ліку Леніна. Сёння яго справу працягваюць сын Сяргей і ўнук Мікалай. Летась Мікалай намалаціў 1470 тон зерня, заняў першае месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў, і яму зусім мала не хапіла, каб стаць удзе- льнікам рэспубліканскіх «Дажынак».
— Не маглі «падзяліцца»? — звяртаемся да бацькі.
— Не, у нас усё па-чэснаму, — усміхаецца ён, — навярстаем сёлета.
Аповед аб філіяле «Галубічы» быў бы няпоўным, калі б мы не расказалі яшчэ пра адзін цікавы аб’ект — каняферму «Каралевічы». За ваколіцай аднайменнай вёскі апошнія гады можна бачыць на выпасе вельмі спрытных скакуноў, а таксама дзяцей, якія катаюцца на іх у прысутнасці хударлявага чалавека спартыўнага складу. Гэта, як высветлілася, Уладзімір Буката, адначасова ўпраўляючы гаспадаркі і трэнер. Трапіў на Глыбоччыну з вядомага каняводчага калгаса імя Кірава, што на Брэстчыне, дзе працаваў трэнерам-выкладчыкам. Быў у свой час членам нацыянальнай зборнай рэспублікі, займаў прызавыя месцы на міжнародных спаборніцтвах.
Яму давалі катэдж у аграгарадку Галубічы. Але ён выбраў звычайную сялянскую хаціну ў Каралевічах, за некалькі дзясяткаў метраў ад канюшні.
— Хачу быць бліжэй да коней! — рэзюміраваў ён свой выбар.
Коней ён не проста любіць, а жыве імі. У Ратамцы выхадзіў пакалечанага, як гаварылі, безна- дзейнага, скакуна. Тры гады запар таму каню потым не было роўных у краіне.
У Каралевічах Уладзімір таксама паспеў заявіць пра сябе. Калі два гады назад прымаў ферму, там было ўсяго 23 кані. Цяпер — 130. Прычым розных парод: гановерскай, тракенінскай, арабскай, будзёнаўскай. Ёсць, якія паказалі сябе ўжо на спаборніцтвах. Гэта Грацыя, Дысплей, Бляск.
Ля Глыбокага, у Барку, на філіяле каняфермы, працуе конная секцыя для дзяцей узростам ад 11 да 14 год. Усяго там займаюцца больш за дваццаць чалавек. Штодня Уладзімір ездзіць туды на трэніроўкі. Упэўнена трымаецца на кані і яго дзевяцігадовая дачка Елізавета.
Коней для прагулак могуць узяць і дарослыя. Плата — 50 тысяч за гадзіну. У аднадзённы паход з інструктарам — 120 тысяч.
Да коней з каралевіцкай канюшні прыглядаюцца расіяне. За некаторых прапаноўвалі нядрэнныя грошы. Але прадаваць пакуль што іх не спяшаюцца.
Уладзімір САУЛІЧ, “БН”
Фота аўтара