Мадэрнізацыя вывела на экспарт!
— Валянцін Міхайлавіч, галоўная задача прадпрыемства на сённяшні дзень — прыняць новы ўраджай. Як калектыў падрыхтаваўся да гэтага і як ідзе нарыхтоўка?
— Напярэдадні прыёмку ўсёй нашай базы правяла дзяржаўная камісія і дала адзнаку «выдатна». У нас ёсць дзевяць пунктаў для выгрузкі зерня, працуюць тры сушылкі агульнай магутнасцю 120 тон зерня ў гадзіну. Для дастаўкі ўраджаю з гаспадарак задзейнічана больш за дзесяць «МАЗаў» з прычэпамі. Раўнамернасць паступлення зерня на завод рэгулюе дыспетчарскі пункт, які працуе кругласутачна.
— Кажуць, што афрыканская чума свіней перадаецца ў тым ліку і праз камбікармы?
— Толькі не нашы. Каб не дапусціць гэтага, мы ўсе камбікармы, на 100 працэнтаў, выпускаем у гранулах, якія ў працэсе вытворчасці праходзяць тэрмічную апрацоўку. Устанавілі тры новыя прэсы, якія дазволілі значна павысіць якасць прадукцыі. Вырабляем гранулы для птушкі, буйной рагатай жывёлы і свіней.
— Вядома, што Глыбоцкі камбікормавы завод выпускае не толькі камбікармы, але і ў даволі вялікіх аб’ёмах рапсавы алей? Што вас падштурхнула да гэтага?
— Абставіны. Справа ў тым, што для вытворчасці камбікармоў патрэбен шрот, гэта значыць, бялок, які атрымліваецца з рапсавага жмыху. Раней мы яго закуплялі. І ў тым ліку — за валюту. А тона каштуе ні многа ні мала — да тысячы долараў. Несці такія затраты было неапраўдана. Вось і наладзілі ўласную вытворчасць: запусцілі лінію па вырабу рапсавага масла. Усяго за паўгода ўзвялі памяшканне, устанавілі абсталяванне чэхаславацкай кампаніі «Фармет». З адной тоны насення рапсу выходзіць 70 працэнтаў жмыху і 30 працэнтаў алею. За год перапрацоўваем 20 тысяч тон сыравіны. Што гэта дае? Па-першае, маем танны бялок для камбікармоў і на 90 працэнтаў пазбавіліся ад яго імпарту. Па-другое, дзякуючы гэтаму зменшылі кошт камбікармоў. І, па-трэцяе, што не менш важна, атрымліваем рапсавы алей, які экспартуем. Летась выручылі за яго амаль мільён долараў, сёлета будзе не менш за 2 мільёны. Далей — болей. Устанавілі на рапсавай лініі экструдар, які дазваляе перапрацоўваць сою і сланечнік. Сою мы пачалі вырошчваць у сваім сельгасфіліяле «За Радзіму». Сёлета было 40 гектараў, на будучы год павялічым да 200—300. Акрамя таго, ёсць дамоўленасць аб пастаўцы з Гомельскай вобласці 1000 тон соі і 2000 тон сланечніку. У бліжэйшай перспектыве мяркуем на лініі па вырабу расліннага алею паставіць чацвёрты прэс, што павялічыць магутнасць цэха на 25 працэнтаў. А яшчэ — зманціраваць сушылку асобна для насення рапса, што павінна адбіцца на яго якасці, а ў канчатковым выніку — прадукце з яго.
— Валянцін Міхайлавіч, а што гэта за бліскучыя вялікія ёмістасці вышынёй у шматпавярховы дом выраслі на заводзе?
— Гэта сіласы для захоўвання насення рапсу: тры штукі па чатыры тысячы тон сыравіны ў кожнай. Узвядзенне іх дало нам таксама значную эканомію. Раней насенне рапсу захоўвалася за паўкіламетра ад цэха, і даводзілася дастаўляць яго на грузавіках. Цяпер жа — побач з цэхам. Аператар націскае кнопку, і па транспарцёрах вызначаная колькасць зерня паступае прама да лініі.
— Калі працягваць тэму мадэрнізацыі, то нельга абыйсці і кацельню, якая працуе на... пыле?
— Ёсць такая. Пасля ачысткі зерня ў нас скапліваецца ў дзень 5—10 тон пылу. Раней вывозілі яго на звалку, адзін рэйс абыходзіўся ў 40 тысяч рублёў. Улічваючы, што за год рабілі да тысячы такіх рэйсаў, то набягала сума ў 40 мільёнаў. Вось і ўзнікла задумка: а чаму б гэты самы пыл не прымяніць у якасці паліва? Тым больш што цяпло мы атрымліваем з суседняга малочнакансервавага камбіната і плацім за гэта 250 мільёнаў рублёў у год, з улікам пары. Аб’явілі тэндар на кацёл. Набылі поўнасцю аўтаматызаваны, зманціравалі. Каэфіцыент карыснага дзеяння катла — 85 працэнтаў. Акупляецца ўстаноўка за тры гады. Неўзабаве паставім яшчэ адзін такі ж кацёл, для вытворчасці пары, і поўнасцю «адыдзем» ад малочнакансервавага камбіната.
— Валянцін Міхайлавіч, акрамя свайго завода, вы маеце дзве птушкафабрыкі, у Глыбокім і Полацку, і вялікі сельгасвытворчы філіял «За Радзіму». Дарэчы, у апошнім вельмі шмат зроблена па рэканструкцыі ферм.
— Сапраўды так. Узяць МТФ «Мосар». Там на ферме старымі засталася толькі частка сцен. Зрабілі ў дадатак і даільную залу. На месцы аварыйнага сенасховішча на ферме «Удзела» ўзвялі цялятнік на 180 галоў. Рэканструявалі фермы «Пустакі», «Папшычы», «Падгаі», «Абруб». Усяго на гэта толькі летась выдаткавана 12 мільярдаў рублёў. Работа ў гэтым напрамку працягваецца.
Некаторым сельгаспрадпрыемствам да ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» паўсотні і больш кіламетраў. Толькі на адно гаручае, каб прывезці машыну камбікорму, патрэбна аддаць 200 тысяч рублёў. Значныя выдаткі.
Кіраўніцтва акцыянернага таварыства ўлічыла гэтыя абставіны і набыло мабільны завод па вытворчасці камбікармоў. А калі гаварыць больш канкрэтна — прадпрыемства на колах. На шасі «МАЗа» замацавана ўстаноўка, якая выпрацоўвае камбікорм на месцы, у любой гаспадарцы.
Работа арганізавана наступным чынам: спачатку транспартам прадпрыемства развозяцца заказчыкам дабаўкі, неабходныя для вытворчасці камбікармоў, а потым адпраўляецца ў дарогу і сам агрэгат. На ўстаноўцы ёсць камп’ютар, па якому задаецца патрэбны рэцэпт. Электронныя вагі адмяраюць усе кампаненты з дакладнасцю да грама. Загрузка зерня і выгрузка гатовай прадукцыі праходзіць у аўтаматычным рэжыме. Прадукцыйнасць — 15 тон выдатнага камбікорму ў гадзіну. Абслугоўваюць устаноўку ўсяго два чалавекі — Вадзім Камяніцкі і Андрэй Альхімёнак. Мабільны завод на колах па праву ацанілі ў ААТ «Камайскі» Пастаўскага раёна, ААТ «Гвардзейскі» Міёрскага, ААТ «Чарневічы» і філіяле «Ломашы-Агра» Глыбоцкага і многіх іншых гаспадарках вобласці.
Уладзiмiр Саулiч, «БН»
Фота аўтара