«Глыбоцкая вішня» – вяселле каб выйшла
Пачаліся асноўныя ўрачыстасці з адкрыцця манументальна-дэкаратыўнай скульптуры «Глыбоцкая вішня»: галінкі вішнёвага дрэва з трыма ягадкамі на п’едэстале. Як патлумачыў аўтар кампазіцыі, член Саюза мастакоў Іван Казак, — гэта сімвал сям’і: бацькі, матулі і дзіцяці. Скульптура зроблена на сродкі, заробленыя глыбачанамі на суботніку, праведзеным напярэдадні фестывалю.
Згодна з народным паданнем, вішня служыць абярэгам ад зла, дорыць маладосць, прыгажосць, шчасце. Кажуць, калі дакранешся да ягадак вішні, то будзеш шчаслівы, памацаеш яе трапяткія лісцікі — у кішэні з’явяцца грошы. Дзяўчына, каб удала выйсці замуж, павінна была абхапіць дрэва і паведаць яму ўсе самыя таемныя сакрэты. Калі хлопец з дзяўчынай, узяўшыся за рукі, тры разы абыходзілі вакол вішні, то ў наступным годзе абавязкова трэба было чакаць вяселля.
Вішня — сімвал жыцця і роднай зямлі. Нездарма ў хрысціянскай іканаграфіі Хрыстос часта бачны з вішанькай у руцэ.
— Вішня для глыбачан — гэта нешта асаблівае, у нейкай меры, напэўна, дар божы, — зазначыў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. — Глыбоччына славілася на ўсю краіну вішнёвымі садамі, пасаджанымі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Але яны састарыліся і, мы заўважылі, як бы пачалі губляць свой брэнд. У час спахапіліся. Моладзь, ветэраны, калектывы арганізацый і прадпрыемстваў пасадзілі сёлетняй вясной 1414 дрэўцаў — роўна па лічбах дня нараджэння Глыбокага, 600-годдзе якога адзначым у наступным годзе.
Вішнёвыя дрэвы, сады ёсць сёння ў кожнай глыбоцкай сям’і.
Пасля адкрыцця скульптуры ўдзельнікі свята на чале з Каралевай «Вішнёвага фестывалю», ролю якой выканала Святлана Дзякун, выкладчыца музыкі ў дзіцячым садзе Падсвілля, прайшлі да новай сцэны на цэнтральнай плошчы горада, дзе і прадоўжылася святкаванне. Былі выкананы песні, прысвечаныя вішні, якія напісалі мясцовыя паэт і кампазітар — Алесь Жыгуноў і Браніслаў Грамакоўскі. Нікога не пакінула раўнадушным праграма «Вішнёвая краса», дзе ў розных конкурсах выступалі сем самых прыгожых дзяўчат горада. Перамагла Таццяна Стахоўская з РПУ «Глыбокаерайгаз».
Віталі глыбачане і госці горада ансамбль народнай музыкі «Бяседа», лепшыя самадзейныя калектывы раёна. Была адчынена кулінарная выстава «Вішнёвы рай», зроблена прэзентацыя відэафільма «Вішнёвая завіруха». Працаваў горад майстроў.
У рамках фестывалю праведзена навукова-практычная канферэнцыя. На ёй разглядаліся пытанні тэхналогіі закладкі і вырошчвання вішні, захоўвання яе пладоў, дасягненні ў галіне селекцыі вішні ў Беларусі, выкарыстанне пладова-ягадных раслін у азеляненні і фітадызайне населеных пунктаў і прысядзібных участкаў. Шырока разгорнуты быў гандаль, у тым ліку і вішняй.
Не маглі схаваць свайго захаплення ад фестывалю замежныя госці:
— У нас у Германіі таксама ёсць вішня,— падзяліўся ўражаннямі прадстаўнік зямлі Цюрынгія педагог Пауль Томшке. — Але ў такой колькасці, як у Глыбокім, бачу ўпершыню ў жыцці. І сам горад — такі прыгожы, такі акуратны, столькі гістарычных помнікаў, і ўсё так дагледжана. Сардэчныя, добразычлівыя людзі. Скажу шчыра: я ўлюбіўся ў гэты горад і яе жыхароў.
Словамі справа не закончылася. Вырашана, што дзеці з Германіі, якія вывучаюць рускую мову, будуць прыязджаць на практыку ў школы Глыбокага і жыць у глыбоцкіх сем’ях. І, наадварот, нашы вучні паедуць на зямлю Цюрынгія.
Кантакты на «вішнёвай глебе» ўстанаўліваюцца з Арменіяй і іншымі краінамі.
«Вішнёвы фестываль» у Глыбокім прадоўжыцца тыдзень. У яго праграме спартыўны конкурс «Вішнёвы марафон», вячоркі клубаў пажылых людзей «Эдельвейс» і «Сударушка», Дзень кіно «Вішнёвыя кіналенты», агляд-конкурс падворкаў «Вішнёвае багацце», пагашэнне паштовай маркі ў гонар свята, інвестфорум і іншыя мерапрыемствы.
Фестываль стане традыцыйным і будзе праводзіцца штогод.
НА ЗДЫМКАХ: вішнёвая скульптура адкрыта ў Глубокім; старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ на цырымоніі гашэння паштовай маркі ў гонар «Вішнёвага фестывалю» спецыяльным паштовым штэмпелем; замежны госць свята — педагог з зямлі Цюрынгія, што ў Германіі, Пауль ТОМШКЕ; каралева «Вішнёвага фестывалю» са світай; шэсце.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара і БЕЛТА