Перспектывы Садружнасці
У СНД плануецца штогод праводзіць выстаўку дасягненняў у галіне мастацтва
Пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД пройдзе 20—21 чэрвеня ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.
На пасяджэнні будзе разгледжаны праект палажэння аб міжнароднай выстаўцы «ART ЕХРО» дзяржаў СНД, які быў распрацаваны армянскім бокам па даручэнні Савета па культурным супрацоўніцтве. «Выстаўка стане своеасаблівым аглядам дасягненняў краін Садружнасці ў галіне культуры і мастацтва. На «ART EXPO» будуць прэзентавацца значныя культурныя мерапрыемствы ў галіне кіно, тэатра, музыкі, выяўленчага мастацтва, друкаванай і электроннай прадукцыі, а таксама праекты, дасягненні і падзеі, рэалізаваныя дзяржавамі на працягу папярэдняга года», — растлумачылі ў прэс-службе.
Чакаецца, што форум будзе садзейнічаць наладжванню творчых сувязей і заключэнню міждзяржаўных дагавораў аб магчымым супрацоўніцтве ў сферы культуры. Задачай «ART EXPO» стане захаванне і развіццё нацыянальных культур, заахвочванне культурнай разнастайнасці і паглыблення міжкультурнага дыялога, пашырэнне рынку культурнай прадукцыі і рэалізацыя маладзёжных інавацыйных праектаў у гэтай галіне. Праводзіць выстаўку прапануецца штогод па чарзе ў кожнай з краін СНД у парадку рускага алфавіта назваў.
Усяго ў праекце парадку дня пасяджэння значацца амаль 10 пытанняў.
Акрамя таго, члены Савета па культурным супрацоўніцтве маюць намер абмеркаваць стан і перспектывы правядзення маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД, разгледзець пытанні, што датычацца рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы Садружнасці» і стратэгіі міждзяржаўнага маладзёжнага супрацоўніцтва, падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і шэраг іншых пытанняў.
Савет па культурным супрацоўніцтве быў створаны ў 1995 годзе. Яго работа накіравана на далейшае ўзаемадзеянне краін у гуманітарна-культурнай сферы, фарміраванне агульнай гуманітарнай прасторы, умацаванне духоўна-маральных асноў грамадства, пошук новых форм і механізмаў супрацоўніцтва, уключаючы правядзенне сумесных форумаў, канферэнцый, тэатральных, музычных і кінафестываляў, распрацоўку праектаў шматбаковых міжнародных дагавораў і комплексных праграм. У склад савета ўваходзяць міністры культуры ўсіх краін Садружнасці.