У Мiнску Юрась Пацюпа прэзентаваў сваю новую кнігу «Анонс: квадрат тэкстаў»

Источник материала:  
24.05.2013 11:07 — Новости Культуры

Вечарам 23 мая ў сталічнай кнігарні "Логвінаў" адбылася прэзентацыя мовазнаўчай кнігі лінгвіста і літаратуразнаўцы Юрася Пацюпы "Анонс: квадрат тэкстаў". Кніга выдана ў серыі "Бібліятэка "Беларускі калегіум".

У вечарыне ўзялі ўдзел філосафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч.

"Кніжка Юрася Пацюпы ўжо шостая ў гэтай серыі. Да гэтага мы выдавалі кнігі такіх беларускіх мысляроў, як Алесь Смалянчук, Валер Булгакаў, Сяргей Харэўскі і іншых. Зараз да друку рыхтуюцца кнігі Адама Глобуса, Сяргея Дубаўца і іншых літаратараў. Кніга Пацюпы — сведчанне не толькі таго, што беларуская мова існуе, яна напоўненая рознымі цікавымі лінгвістычнымі ідэямі. Гэта адмова нашай татальнай адсутнасці ў тым ліку і праз мову", — сказаў Алесь Анціпенка, прадстаўляючы аўтара.

Распавядаючы пра серыю "Бібліятэка "Беларускі калегіум", у якой выйшла кніга, Анціпенка адзначыў: "Ідэя нашай серыі ў тым, каб у сціслым фармаце — не выпадкова ўсе кнігі тоненькія — выдаваць вядомых беларускіх інтэлектуалаў. Мы зрабілі так, каб у іх была праблема выбару твораў у абмежаванай прасторы. Гэта прымушае пісьменнікаў крытычна ставіцца да таго, што яны адбіраюць для кнігі".

У сваю чаргу Валянцін Акудовіч назваў Пацюпу адным "з самых цікавых сучасных паэтаў". "У яго бліскучая эсэістыка і артыкулы, якія я з задавальненнем цытую, — заўважыў ён. — Але самая цікавая форма яго творчасці — мовазнаўчая".

Пацюпа паведаміў, што для кнігі выбраў "рэпрэзентатыўныя артыкулы пачынаючы з 1990-х гадоў і да цяперашняга часу". "Усе яны тычацца пытанняў мовы. Кніга напісаная дзеля таго, каб мова не мізарнела. Я ніколі не лічыў сябе лінгвістам, а ад пачатку бачыў сябе літаратуразнаўцам. Але я рана зразумеў, што калі літаратар не ведае мовы, то і ў літаратуры не разбярэцца. Да таго ж, я бачыў пэўныя праблемы ў беларускай мове і разумеў, што калі не я, то хто?.. І паступова па прынцыпе Жанны д'Арк я нечакана для сябе самога ператварыўся ў лінгвіста", — сказаў ён.

"Я не займаюся папулярызацыяй мовы, для гэтага ёсць іншыя людзі, якія з гэтым спраўляюцца значна лепш за мяне. Я агаляю і паказваю тыя працэсы, што ў ёй сёння адбываюцца", — дадаў Пацюпа. //БелаПАН



←Натали Портман может сыграть главную роль в совместном белорусском фильме "Брут"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика