Усе музы ляцяць у Нясвіж

Источник материала:  

Музыканты славутага аркестра зноў едуць у «маленькі Парыж»

Фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа-2013» пройдзе 17-га і 18 мая. У старажытным горадзе, які яшчэ называюць «маленькім Парыжам», ён сёлета праводзіцца ўжо ў васямнаццаты раз. Як заўсёды — па ініцыятыве заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.

— Васямнаццаць гадоў таму нясвіжскі фестываль быў першым, пасля яго падобныя асветніцкія імпрэзы мы пачалі ладзіць яшчэ ў 16 маленькіх гарадах нашай краіны, культурна-гістарычных цэнтрах Беларусі — Заслаўі, Тураве, Мсціславе, Чачэрску, Міры... У гэтым годзе далучацца Любань і Горкі. Магу адзначыць, што сёння жыхары такіх фестывальных гарадоў ведаюць пра музычнае мастацтва Беларусі больш, чым мінчане. Тыя, хто прыйшоў некалі ўпершыню на нясвіжскі фестываль, зараз прыводзяць на канцэрты сваіх дзяцей, а можа, ужо нават і ўнукаў. На працягу гэтых гадоў мы прасачылі ўсю гісторыю беларускай нацыянальнай музыкі, аднавілі імёны многіх яе аўтараў, якія ў розныя стагоддзі жылі і працавалі на тэрыторыі Беларусі, якіх сёння ведаюць і шануюць ва ўсёй Еўропе і мастацкай спадчынай якіх мы можам ганарыцца, — гаворыць мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

Варта адзначыць, што ўсе асветніцкія імпрэзы, якія рыхтуюцца славутым аркестрам, грунтуюцца на сур’ёзным навуковым падмурку. У калектыве працуюць вядомыя мастацтвазнаўцы і музыказнаўцы, якія займаюцца крапатлівай даследчыцкай працай. Акрамя таго, музычным святам у Нясвіжы штогод спадарожнічаюць навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам вядучых беларускіх навукоўцаў. За гэты час выпушчана 17 кніг, прысвечаных гісторыі Нясвіжа і яго мастацкай спадчыне. Як паведаміў маэстра Фінберг, з навукова-практычнай канферэнцыі і прэзентацыі новай кнігі «Шляхам пошукаў і адкрыццяў» пачнецца і фестываль «Музы Нясвіжа-2013», пасля чаго музыканты аркестра прадставяць гледачам пяць разнажанравых прэм’ерных канцэртных праграм.

Сустрэча са струнным квартэтам пройдзе ў раённай бібліятэцы, у гарадской ратушы ўпершыню адбудзецца асамблея выканаўцаў на духавых музычных інструментах, струнны аркестр будзе вітаць гасцей на адкрыцці фестывалю ў Нясвіжскім раённым цэнтры культуры і адпачынку, старажытная беларуская музыка зноў загучыць у сценах Радзівілаўскага замка, а завершыць двухдзённае свята канцэрт папулярнай песні з удзелам вядучых эстрадных салістаў аркестра. Узбагацяць афішу фестываля таксама адкрыццё дзвюх мастацкіх выставак і спектакль «Бог ёсць любоў» паводле Аляксея Дударава ў пастаноўцы заслужанага аматарскага калектыву Тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку.

←Определились все участники финала «Евровидения-2013»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика