Вілейскія дзеці перамаглі ў конкурсе па выцінанцы
Падчас конкурсу
З бліскучай перамогай вярнулася каманда Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці "Чароўныя ўзоры". Яна праходзіла ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 27 красавіка.Выстава-конкурс уключала ў сябе выставу творчых прац і адкрыты конкурс юных майстроў па выцінанцы. Конкурс складаўся з трох заданняў: “Давайце пазнаёмімся” (прадстаўленне каманды ў творчай форме), “Папяровае святло” (выстава-прэзентацыя творчых работ удзельнікаў каманды конкурсу), “Творчая майстэрня” (выкананне юнымі майстрамі на працягу двух гадзін конкурснага задання на тэму "Вялікдзень"). Пры выкананні задання забаранялася выкарыстоўваць гатовыя модулі і нарыхтоўкі.
У конкурсе ўдзельнічала 21 каманда з усіх абласцей нашай рэспублікі і Мінска. Вілейскую каманду "Вясёлка" прадстаўлялі навучэнцы гуртка "Вясёлка" цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучаніцы Вілейскай гімназіі №1 "Логас" Дар'я Балкоўская і Таццяна Волкава і кіраўнік каманды НаталляРыжэвіч.
Выканаўшы заданні, удзельнікі конкурсу з нецярпеннем чакалі падвядзення вынікаў. І вось нечаканы і прыемны вынік – каманда "Вясёлка" атрымлівае Дыплом першай ступені адкрытага конкурсу юных майстроў па выцінанцы і дыплом за лепшую прэзентацыю каманды ў конкурсным заданні “Творчая майстэрня”.
Пераможцы з Вілейкі
Работы прадстаўнікоў нашай каманды ўвайшлі ў рэспубліканскі выставачны фонд "Залатая калекцыя" і паслужаць для афармлення экспазіцыі "Выцінанка" і прэзентацыі творчых дасягненняў навучэнцаў і педагогаў.
Наталля РЫЖЭВІЧ,
намеснік дырэктар Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Фота забяспечанаНаталляй РЫЖЭВІЧ.