«Аляксандра і Канстанцін» 1 мая прадставяць новы альбом
Дуэт «Аляксандра і Канстанцін» пры ўдзеле запрошаных музыкаў прадставіць ужывую свой новы альбом «M1» у межах праекту «Жывы Тузін».
Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза тлумачаць, што вялікі канцэрт для іх вельмі адказная справа, якая вымагае шмат сілаў для падрыхтоўкі. А таму мусіць быць важкая нагода для яго. Такая, як напрыклад 1 мая, калі ў межах праекту «Жывы Тузін» адбудзецца клубная прэм’ера іх новага альбому «М1».
«Праца над новымі творамі вялася некалькі год, і за гэты час атмасфера між намі і нашымі песнямі наэлектрызавалася да вышэйшай кропкі. Так што прыспеў час падзяліцца сваімі самымі актуальным музычнымі думкамі і публічна выканаць праграму на мяжы гэтага накалу», — кажа Аляксандра.
1 мая ў Loft cafe дуэт выступіць у пашыраным складзе. Да яго далучацца бубнач Аляксандр Старажук, які граў у гуртах «Палац» і «Ляпіс Трубяцкой», басіст Вячаслаў Сяргеенка (WZ-orkiestra, Tanin Jazz, «У нескладовае») і джазавы піяніст Дзмітры Хаменка.
Госцем вечара будзе каманда «БарЖоМі», якая грае меладычную інструментальную музыку, насычаную дыалогамі скрыпкі і гітары. У назве праекту зашыфраваны тры гарады, з якіх паходзяць удзельнікі — Барысаў, Жодзіна і Мінск. Выступ гэтай фармацыі на чале з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Атчанашанкам таксама можна лічыць унікальным, бо «БарЖоМі» лічыцца студыйным праектам і на сцэне паказваецца вельмі рэдка.
Весьці канцэрт «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка.