1 красавіка жартуем, падманваем і лепім на спіны рыб
Пра першае красавіка – Дзень смеху, жартаў, весялосці і падманаў – ведаюць не толькі ў Беларусі. У Францыі, праўда, гэты дзень называюць Днём “першакрасавіцкай рыбы”.
Настаўніца французскай мовы маладзечанскай гімназіі №3 Кацярына Івашанка некалі была ў Францыі і бачыла, што ў гэты дзень вырабляюць французы.
1 красавіка ў Францыі
У Францыі ў Дзень дурня лёгка можна стаць, як кажуць французы, “poisson d` avril”, што значыць, “першакрасавіцкай рыбай”.
Назва свята звязаная з тым, што 1 красавіка знаходзіцца ў сузор’і рыбы.
У гэты дзень на вуліцы вы можаце сустрэць чалавека з рыбінай на спіне. Вядома, не жывой, а зробленай з усяго, што трапляе пад руку, але ў французаў выклікае ўсмешку. Чалавек жа не падазрае, што за “груз” ён цягне на сваёй спіне!
У Польшчы сёлета – “смігус-дынгус”
Студэнтка Варшаўскага ўніверсітэта маладзечанка Вераніка Шыманоўская расказала, што 1 красавіка палякі будуць паліваць адно аднаго вадой.
Сёлета ў Польшчы Дзень смеху прыпадае на другі дзень Вялікадня, калі палякі абліваюць адзін аднаго вадой. Гэты даўні жартоўны звычай называюць “смігусам-дынгусам”.
Звычайна ж у Польшчы на гэты дзень не плануецца ніякіх важных спраў.
– У Польшчы ў мяне шмат сяброў з розных краін: Індыі, Балгарыі і Латвіі, – кажа Вераніка. – Свята 1 красавіка яны адзначаюць так, як і беларусы. У іх прынята жартаваць і падманваць адзін аднаго.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота bombingscience.com.