Дакумекалі, што варта выстаўляць у полі варту...
Упершыню ўрывак з казкі Пятра Яршова «Канёк-гарбунок» з’явіўся ў 1834 годзе ў часопісе «Библиотека для чтения». У гэтым жа годзе казка выйшла асобным выданнем, але з папраўкамі цэнзуры. Аляксандр Пушкін высока ацаніў твор Яршова. У той жа час Вісарыён Бялінскі ў сваёй рэцэнзіі напісаў, што казка «не имеет не только никакого художественного достоинства, но даже и достоинства забавного фарса». У 1843 годзе твор поўнасцю забаронены цэнзурай і быў забыты. У 1856—1863 гадах аўтар падрыхтаваў новыя выданні казкі. І напрыканцы XIX стагоддзя «Канёк-гарбунок» ужо стаў класікай. Нагадаем некалькі радкоў казкі на мове арыгінала:
За горами, за лесами,
За широкими морями,
Против неба — на земле
Жил старик в одном селе.
У старинушки три сына:
Старший умный был детина,
Средний сын и так и сяк,
Младший вовсе был дурак...»
Вось зараз пачытайце ўрывак твора ў перакладзе Паўла Місько на беларускую мову:
За гарамі, за лясамі,
За шырокімі марамі
У сяле жыў-быў адзін
Стараваты селянін.
Тры сыны былі ў старога,
Большы розуму меў многа,
Быў сярэдні сяк і так,
Меншы — дурань ці прастак.
Разам сеялі пшаніцу
І вывозілі ў сталіцу,
Бо ад горада сяло
Як рукой дастаць было.
Там пшаніцу прадавалі,
Трохі грошай выручалі,
Палічыўшы шмат разоў,
Кіраваліся дамоў.
Ды заўважылі аднойчы —
Стаў прыходзіць нехта ўночы
І ўчыняць з пшаніцы здзек.
Ды страшэнны — мо за век
Не зазналі горшай шкоды.
Шкоднік хто? З такой нягоды
Сталі думаць, меркаваць,
Як падгледзець, як пазнаць.
Дакумекалі, што варта
Выстаўляць у полі варту.
Кожны па чарзе ўначы
Будзе поле сцерагчы.
Толькі пачало змяркацца,
Стаў старэйшы брат збірацца.
«Дзе сякера? Дзе сахор?» —
І пайшоў у свой дазор.
Непагадзь якраз настала,
На яго жуда напала.
З віламі наперавес
У гумно на сена ўзлез.
І прахроп там да світанку!
Развіднела — ён да ганку.
На сябе вядро вады
Шух! — і грукае тады:
«Гэй вы, сонныя цяцеры!
Адчыняйце брату дзверы!
Як сабака, сёння змок
З галавы да самых ног».
Ну, браты ўпусцілі брата.
«Дык расказвай... Як там варта? —
Падступаюць да яго. —
Ці не бачыў ты каго?»
Вартавы наш памаліўся,
На два бокі пакланіўся,
Кашлянуў ён і сказаў:
«Я ўсю ноч, браткі, не спаў.
Бура з громам бушавала.
Так ліло! Не дождж — навала,
Я ж трымаўся да канца,
Хоць і вымак да рубца,
Ды паводзіўся харобра,
І ўсё скончылася добра».
Бацька сына пахваліў...
Але вось тут мы вымушаны паставіць кропку. Казка вельмі вялікая, каб цалкам змясціць яе ў газеце. Прабачце і не крыўдуйце. У наступны раз зноўку нешта цікавае перакладзём.