Да 95-годдзя БНР Вайцюшкевіч напісаў песню на словы Някляева
20 сакавіка, напярэдадні святкавання ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі на Сядзібе БНФ адбыўся “падпольны” святочны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Музыка парадаваў слухачоў старымі і новымі, патрыятычнымi і лірычнымі кампазіцыямі. Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных стала прэм’ера песні “Жыве Беларусь” на словы Уладзіміра Някляева, якую Зміцер выканаў напачатку ды напрыканцы канцэрта.
“Верш “Жыве Беларусь” Някляеў напісаў па маёй просьбе”
Музыку прыйшлі паслухаць аматары яго творчасці, якія ведалі словы песень на памяць. Для тых, хто слоў не ведаў, Зміцер раздрукаваў тэксты некаторых песень ды пускаў па шэрагах – зала спявала дружна, ствараючы бадзёры святочны настрой. “Хлопцы, вас зусім не чуваць!”, “Гучней, весялей спяваем!” – падбадзёрваў прысутных Зміцер.
“Мы ладзім сёння ўжо трэцюю такую падпольную сустрэчу. Гэта нават троху смешна выглядае… Сёння мы сабраліся з вельмі прыемнай і важнай нагоды – угодкаў БНР”, — распачаў канцэрт Вайцюшкевіч і запрасіў на імправізаваную сцэну Лявона Баршчэўскага, “які раскажа, што значыць 95 год БНР, як хлопцы пачыналі гэтую справу, кім яны былі. Вельмі хочацца паслухаць разумнага чалавека”.
Лявон Баршчэўскі адразу сказаў, што “не настройваўся чытаць лекцыю, бо сёння, дзякуй Богу, прачытаць ёсць дзе”. “Калі ў мяне пытаюцца, навошта была патрэбная Беларуская Народная Рэспубліка, гэты чын 1918 году, я адказваю, што гэта было патрэбна для таго, каб сёння быў Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя таленавітыя людзі, якія нясуць тую велічную хвалю, на якой паўстаў гэты, здавалася б, безнадзейны праект, бо вакол былі адны драпежнікі, — працягвае апавядаць Баршчэўскі. – Але нягледзячы на ўсе перашкоды, Беларуская Народная Рэспубліка аказалася не мёртванароджанай, выжыла і дала нашчадкаў. Яе ўжо не ўдасца знішчыць…
Чым адметная гэтая з’ява? У нас было Полацкае княства, было Вялікае Княства Літоўскае, але ж дзяржава на Беларусі са словам “беларуская” была абвешчаная тут, у Менску, менавіта 25 сакавіка 1918 года. Сама дзяржава была абвешчаная крыху раней, але 25 сакавіка яна была названая незалежнай. Кажуць, што БНР не спраўдзілася як дзяржава, бо ў яе не было таго ці іншага. Але ж калі параўноўваць яе з той жа БССР, то карысць яўна не на баку апошняй. Калі хто не ведае, акт абвяшчэння незалежнай рэспублікі адбыўся на вуліцы Валадарскага, насупраць гатэлю “Менск”, зараз на тым месцы нейкая кавярня. Толькі адзін з бацькоў БНР – Вацлаў Іваноўскі — пахаваны ў Менску, на Кальварыі, усе іншыя раскіданыя па ўсім свеце: і ў Сібіры, і на Захадзе, у эміграцыі. Дзесяць год таму, выступаючы падчас святкавання 85-годдзя БНР, Васіль Быкаў сказаў, што ў нас ёсць свечка надзеі, якую мы не павінныя затушыць. Гэта для нас самае галоўнае – ганарыцца тымі, хто, нягледзячы на ўсе перашкоды, здзяйсняе тое, аб чым марылі бацькі БНР”.
“Я падрыхтаваў для вас падарунак. Праз пару дзён ён ужо пойдзе гуляць па Сеціве, але зараз мы разам праспяваем новую песню”, — сказаў Зміцер Вайцюшкевіч, раздаючы прысутным словы песні “Жыве Беларусь” на вершы Уладзіміра Някляева, які напісаў тэкст па просьбе музыкі. “Я пры друку тэкстаў бярог паперу для Управы БНФ, каб ім яшчэ на ўлёткі хапіла”, — пажартаваў Вайцюшкевіч.
“Шкада, што няма на прэм’еры Уладзіміра Пракопавіча, яле яму ўсё роўна а восьмай трэба быць дома. Самі ведаеце, чаму – прыходзяць, кантралююць…” – сказаў пасля бурных авацый Вайцюшкевіч.
Беларускі мужчына — чысты аб’ект кахання
Гаворачы пра не толькі каляндарную вясну, якую музыка вельмі чакае разам з усімі беларусамі, ён адзнчыў, што “мы вартыя людскага жыцця. Не такога, як ў Еўропе, канешне, такога ў нас не будзе, але хаця б не ідэальнага. Пра тое жыццё вам можа Чалы распавесці, вядомы эканаміст, я яго недзе тут бачыў”.
Песня на словы Някляева стала не адзіным падарункам вечара. Зміцер чытаў вершы Уладзіміра Караткевіча, распавядаў цікавыя гісторыі, якія здараюцца з ім падчас вандровак па радзіме, а таксама выканаў новую песню “Жыві, мая мама”. “Ці можаце вы назваць вядомую ўсім беларускую песню пра матулю? Не можаце. Ніхто не можа – я шмат дзе пытаўся. Мы так прывыклі, што наша зямля, наша Айчына – гэта і ёсць наша маці, што песень пра зямную матулю амаль не стварылі... Вельмі хочацца пра маці паспяваць. Гэта вельмі важная песня, бо ўсе мы народжаныя матулямі і нікуды ад іх не дзецца. Мне б хацелася, каб гэтая песня неяк пайшла ў народ. Верш напісаў Генадзь Бураўкін”.
“Наш галоўнакамандуючы часта кажа, што жанчыны – гэта людзі, на плячах каторых трымаецца наша краіна. Відаць, гэта адзіная праўда з таго, што ён кажа. І зараз я хачу праспяваць песні пра мужчын. Някляеў на адным з канцэртаў, калі яшчэ можна было, сказаў, што беларускія жанчыны адрозніваюцца ад ўсіх іншых тым, што могуць дараваць мужчыну недаравальнае – здраду. Здавалася б, гэта ж класна! Яна табе даравала, а ты ўзяў ды пагнаў далей. Але ж калі ў таго мужычка хаця б кропля сумлення ёсць, то стане як мінімум пагана, што яна табе даравала. У скандальным рамане Някляева “Аўтамат з газіроўкай” я прачытаў яшчэ такую рэч: беларуская жанчына можа дараваць усё, якрамя насмешкі з кахання. Мне гэта спадабалася, гэта яшчэ адзін плюс для нашых жанчын”, — сказаў Зміцер і заспяваў песню пра “чысты аб’ект кахання”, якім, паводле музыкі, з’яўляецца беларускі мужчына.
Пасля таго, як былі праспяваныя “самыя важныя песні”, Вайцюшкевіч ахвотна выконваў музычныя пажаданні прысутных. Музыка быў у гуморы, чым вельмі радаваў публіку –такога Вайцюшкевіча мы не бачылі ўжо даўно.
На вечары прысутнічала маленькая фанатка Змітра Вайцюшкевіча. Дзяўчынка вельмі ўважліва слухала ўсе песні і падпявала. “Мне вельмі прыемна, што гэты дзіцёнак на мае канцэрты разам з матуляй і бабуляй прыходзіць ужо трэці раз. Папярэднія канцэрты мы асабліва не рэкламавалі – вырашылі праверыць, што такое Фэйсбучак”, — сказаў Зміцер, усміхаючыся.
Развітваючыся, Зміцер Вайцюшкевіч паабяцаў, што бліжэйшы канцэрт адбудзецца праз месяц. “Сачыце за навінамі ў Фэйсбуку!” – дадаў музыка і пачаў раздаваць аўтографы.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота і відэа аўтара