"Каб упэўніцца ў прыгажосці Беларусі, не трэба ехаць далёка"
04.03.2013 11:51
—
Новости Культуры
"Каб упэўніцца ў прыгажосці Беларусі, не трэба ехаць далёка"
Карэспандэнт "Салідарнасці" з'ездзіў у вандроўку, прысвечаную гісторыі паўстання Калiноўскага, і прайшоўся сцежкамі аматараў беларускага краязнаўства.





– Ладзіць такія экскурсіі мы пачалі каля трох гадоў таму, – распавёў "Салідарнасці" выканаўчы дырэктар аб'яднання "Гісторыка" Кірыла Сінюціч. – Калі аўтобусы не былі такія дарагія, то мы ладзілі вандроўкі-экскурсіі часта. З тых часоў змяніліся кошты на транспарт, і мы пачалі ездзіць па "сцежкам" на ўласным транспарце.

Аматары краязнаўства выбіраюць тэму і маршрут адвольна, даюць абвестку ў інтэрнэце і выпраўляюцца ў падарожжа на выходных.
– Гэтым разам мы далі абвестку за тры дні, і бачыце – сем чалавек паехала на экскусію, – адзначае Кірыла. – А так звычайна робім інтэрнэт-рассылку з запрашэннямі.

Па словах удзельнікаў, выбірацца ў краязнаўчыя падарожжы значна цікавей, чым праводзіць выходныя дома. З гэтым сцвярджэннем цяжка не пагадзіцца, бо замест запланаваных двух кропак маршруту – вёсак Плябань і Ўладыкі, дзе знаходзяцца пахаванні паўстанцаў, – мы наведалі музей-сядзібу Янкі Купалы ў Вязынцы, а таксама шэраг вёсак Міншчыны, дзе знаходзяцца помнікі архітэктуры. Чаго варты толькі касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Ілья на закаце, альбо безліч крыжоў і каплічак на пагостах і ростанях.

– Кожнае месца і тыя помнікі, якія захаваліся, шмат могуць распавеці аб людзях, якiя тут жывуць, – упэўнены суразмоўца. – Калі касцел ці царква ў мястэчку дагледжаныя, значыць людзі туды прыходзяць i прыносяць ахвяраванні, вераць у нешта сваё. Беларусь – прыгожая краіна, і каб у гэтым упэўніцца, часам не трэба ехаць далёка.

Прыемней за ўсе было ўбачыць: пахаванні паўстанцаў 1863 года хоць і аказаліся з замеценымі сцежкамі, але зусім нядаўна да іх прыходзілі неабыякавыя да гісторыі Беларусі людзі. Аб гэтым сведчылі дагарэлыя знічы, прыбраныя магілы і бел-чырвона-белыя стужкі ля велізарных крыжоў са словамі "За нашу і вашу волю".

А пэўная блытаніна з мапамі прыдавала вандроўцы своасаблівы азарт і цікаўнасць.





























