Выйшаў нотны зборнік Анатоля Шагава
Народны хор “Світанак”, фальклорны народны гурт “Забава”, народны гурт “Любанія”, гурт “Ваяры”, дзіцячыя хоры “Cantus”, “Мазаіка” – гучныя імёны творчых калектываў, якія былі створаныя на Вілейшчыне заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Анатолем Аляксандравічам Шагавым.
Гэтыя калектывы за час іх існавання пад яго кіраўніцтвам сталі вядомымі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за мяжой.
У гэтым годзе Анатолю Шагаву споўнілася б 60 год.
“Усё, што поўніла мне сэрца…” – нотны зборнік беларускіх народных песень і аўтарскіх твораў для народнага хору, выдадзены да памятнай даты. Радок з лірычнага верша народнага песняра Якуба Коласа ў поўнай меры адлюстроўвае адносіны аўтара выдання да песні, да народнай музычнай культуры, да творчасці ўвогуле.
Адкрываюць выданне словы Міхаіла Дрынеўскага, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара, які дае высокую адзнаку прафесійнай дзейнасці аўтара як кампазітара, творчай асобы.
У зборніку прадстаўленыя пятнаццаць партытур беларускіх народных і аўтарскіх песень рознага жанру, вакальных кампазіцый, якія былі створаныя Анатолем Шагавым у розныя часы на працягу шматгадовай творчай дзейнасці і апрабаваныя на канцэртных пляцоўках. Іх выкананне мела высокую адзнаку слухачоў і журы на ўсіх фестывалях, конкурсах. Калектывы пад яго кіраўніцтвам атрымлівалі вышэйшую адзнаку.
Акрамя нотнага тэксту, у зборнік увайшлі фотакалажы, складзеныя са здымкаў, якія былі зробленыя ў розныя часы. Яны адлюстроўваюць атмасферу святла, радасці, яскравасці, падкрэсліваюць самаадданасць, улюбёнасць удзельнікаў да творчасці, да народнай песні і з’яўляюцца ўспамінам і ілюстрацыяй мінулых дзён.
Адным з любімых заняткаў Анатоля Шагава была фатаграфія, таму менавіта яго фотаздымак “Паводка” – краявіды Вілейкі, ракі Віліі ранняй вясной – змешчаны на першай старонцы вокладкі.
Зборнік выдадзены пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама, яго кіраўніка Анатоля Акушэвіча, дапамозе Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і асабіста дырэктара ўстановы – Раісы Вайцяхоўскай.
Складальнікі зборніка (аўтар фотакалажаў, дызайну вокладкі – брат аўтара Мікалай, нотаграфіка жонкі Ірыны Балуш) працавалі з жаданнем падзяліцца творчай спадчынай Анатоля Шагава, каб творы ў яго апрацоўцы і аркестроўцы працягвалі гучаць, былі карыснымі сучасным творчым калектывам.
Ганна СІНЕЛЬНІКАВА.
Фота cs11321.userapi.com
Даведка “РГ”. Шагаў Анатоль Аляксандравіч – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. 1952 (Ямінск, Любанскі р-н) – 2010 (Вілейка). У 1968 годзе паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча, у 1972 – у кансерваторыю. У 1976-78 – галоўны хормайстар Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Цітовіча. З 1979 года жыў ў Вілейцы. У 1987 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. З 1988 года па 2009 год – дырэктар музычнай школы (з 1990 – школа мастацтваў). Кіраваў хорамі дарослых (“Любанія” і “Ваяры”) і двума дзіцячымі (“Cantus” і “Мазаіка”).