Эдгар По і Тувэ Янсан загучалі па-беларуску
![](http://www.21.by/pub/news/2013/02/1361522647222656.jpg)
Мумі-тролі - галоўныя персанажы кнігі Тувэ Янсан.
У цэнтральную раённую бібліятэку ў аўторак, 19 лютага, завіталі перакладчыкі з Мінска Алеся Башарымава і Ганна Янкута.Яны прэзентавалі маладзечанцам пераклады на беларускую мову твораў сусветнай літаратуры – “Капялюш чарадзея” Тувэ Янсан і са зборніка “Маска чырвонае смерці” Эдгара По.
Літаратурную вечарыну ладзіла грамадска-культурная кампанія “Будзьма!”. Падарункі ад кампаніі чакалі ўсіх тых, хто добра ведае гісторыю свайго рэгіёна і беларускую літаратуру.
– Звычайна мы прапаноўваем гасцям узгадаць 10 мужчын і 5 жанчын, значных для беларускай гісторыі, – кажа Міраслаў Лазоўскі, прадстаўнік “Будзьмы”. – Жанчын менш таму, што іх не так лёгка прыгадваць – гэта мы заўважылі на ўласным досведзе.
Гасцям вечарыны трэба было таксама пералічыць беларускіх пісьменнікаў: падарунак атрымоўваў той, хто без паўтору назаве апошняе імя. Маладзечанцы расцягнулі конкурс надоўга – прозвішчы гучалі адно за адным. Арганізатары адзначылі, што пералік у Маладзечне быў самым доўгім з ўсіх гарадоў, дзе праводзілі такі конкурс.
Кніга “Капялюш чарадзея” ў перакладзе Алесі Башарымавай парадуе маленькіх чытачоў. У планах перакладчыцы – працягваць перакладаць знакамітыя прыгоды Мумі-Троля. Да таго ж спадарыня Алеся вядомая і перакладамі казак Ганса Хрысціяна Андэрсэна з дацкай мовы.
Кніга для дарослай аўдыторыі “Маска чырвонае смерці” Эдгара По аб’яднала ў сабе не толькі дэтэктыўныя аповесці амерыканскага пісьменніка, але і яго вершы і малавядомыя гумарыстычныя аповеды.
Па адным асобніку кожнай кнігі перакладчыкі пакінулі ў бібліятэцы. Да таго ж фонд бібліятэкі папоўнілі зборнікі маладых аўтараў, якія выйшлі пры падтрымцы інтэрнэт-часопіса “Прайдзісвет”.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота knihi.by